Медаль Ордэна Пагоні ўручылі Аляксандру Манцэвічу
Узнагарода знайшла журналіста-палітвязня праз два гады пасля прысуджэння.

Галоўны рэдактар «Рэгіянальнай газеты» Аляксандр Манцэвіч пасля вызвалення. Вільня, 11 верасня 2025 года. Фота: «Белсат»
Цырымонію ўзнагароджання 14 лістапада 2025 года ў Вільні правёў намеснік cтаршыні Рады БНР Мікалай Пачкаеў.
Аляксандр Манцэвіч – заснавальнік і галоўны рэдактар «Рэгіянальнай газеты» ў Маладзечне, якая выходзіла з 1995 па 2021 год. Выданне стала «рэгіянальнай журналістыкай беларускага агульнанацыянальнага значэння». Аляксандр Манцэвіч быў уганараваны прэміяй беларускай праваабарончай супольнасці ў намінацыі «Журналіст года – 2023».
Дэкрэтам старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы ад 27 лістапада 2023 года журналіст быў узнагароджаны медалём Ордэна Пагоні.

Аляксандр Манцэвіч атрымлівае ўзнагароду. 14 лістапада 2025, Вільня. Фота: Рада БНР
Атрымаць заслужаную ўзнагароду перашкодзіў арышт журналіста. Аляксандра Манцэвіча затрымалі 15 сакавіка 2023 года пасля ператрусу ў ягоным доме ў Вілейцы.
3 лістапада 2023 года ў судзе Маладзечанскага раёна Аляксандру Манцэвічу прысудзілі 4 гады пазбаўлення волі з адбыццём у калоніі, а таксама штраф памерам 14 800 рублёў.
Журналіста абвінавацілі ў дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь паводле артыкула 369–1 Крымінальнага кодэкса. Яго справу разбіраў суддзя Маладзечанскага раённага суда Аляксей Іршын, дзяржабвінавачанне падтрымліваў памочнік пракурора — Аляксандр Марцінчык.
Віны ў гэтым рэдактар незалежнага выдання не прызнаў, што яшчэ раз пацвердзіў у сваёй апошняй прамове ў судзе.
Аляксандр Манцэвіч быў вызвалены 11 верасня 2025 года ў выніку візіту ў Мінск прадстаўніка амерыканскага прэзідэнта Джона Коўла.
@bajmedia