• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Гэта не акт дабрыні, а чарговы інструмент рэпрэсій»: як беларускія ўлады высылаюць палітвязняў з краіны

    Пасля вызвалення з беларускіх турмаў палітвязні па памілаванні ўсё часцей апынаюцца не дома, а за мяжой — прымусова вывезеныя з мехамі на галовах пад наглядам сілавікоў. Так па памілаванні з краіны былі дэпартаваныя ўжо восем беларусаў, якія не маюць другога грамадзянства.

    Такое «вызваленне пад умовай выезду» праваабаронцы называюць новым інструментам палітычнага ціску. Гэта супярэчыць Канстытуцыі і міжнародным актам. Праваабаронца «Вясны» Павел Сапелка тлумачыць, чаму такая высылка з краіны з’яўляецца сур’ёзнай праблемай, якія правы чалавека яна парушае і чаму важна дакументаваць такія факты. 

    Павел Сапелка. Фота: belgazeta.by

    «Фактычна выкідаюць з краіны»

    З 2022 года ў Беларусі былі дэпартаваныя восем палітзняволеных беларусаў, якія не маюць другога грамадзянства: Алег Груздзіловіч, Андрэй Кузнечык, Алена Маўшук, Сяргей Ціханоўскі, Наталля Дуліна, Ігар Карней, Кірыл Балахонаў, Сяргей Шэлег. Іх вызвалілі па памілаванні пры садзейнічанні кіраўніцтва ЗША. Самі палітвязні ў сваіх інтэрв’ю падкрэсліваюць, што іх дэпартавалі з краіны без права выбару.

    Журналіст «Радыё Свабода» Андрэй Кузнечык, якога 12 лютага 2025 года з маскай на вачах вывезлі з СІЗА КДБ да мяжы з Літвой, у інтэрв’ю «Вясне» казаў:

    «Па шкале магчымага развіцця падзей гэта было адным з самых неверагодных сцэнароў. Але ён быў, бо выпусцілі Яшына, і мы смяяліся, што можна ўжо мяняць сваіх на чужых. Таму ў падсвядомасці гэта было, але я не думаў, што мяне палічаць вартым такой спецаперацыі. Нейкае здзіўленае абурэнне было ў іншым. Я тады яшчэ не ведаў сітуацыю ў Беларусі, мне здавалася, як казаў Мукавозчык, што можна выйсці і «схавацца пад плінтус». Напрыклад, пайсці працаваць кур’ерам у Беларусі, дзе сваякі, магілы продкаў, твая зямля і мова, якая даўжэй за любую палітычную ўладу. І мяне абурыла, што мяне фактычна выкідаюць з краіны. Але супраціўляцца я не збіраўся, бо пакідаў мясціны не зусім родныя ў гэтай краіне і вяртацца ў іх не хацелася».

    Вываз з краіны палітвязняў адбываецца без афіцыйнай пастановы суда ці іншага органа аб дэпартацыі. Супрацоўнікі КДБ садзяць у аўтамабіль ці аўтобус і вязуць да мяжы Літвы. Фармальна гэта не афармляецца як дэпартацыя, але фактычна — гэта яна. У выпадку Сяргея Ціханоўскага, Пратасевіч прасіў яго, каб той напісаў на паперцы, што той не супраць таго, каб яго адправілі за мяжу.

    Выкладчыца Наталля Дуліна распавядала «Медыязоне»:

    «Я не разумею, хто я, у тым сэнсе, што не ведаю свайго статусу. Як я разумею, маё вызваленне, як і іншых палітвязняў, — гэта дамоўленасць ЗША і беларускіх уладаў. Нас пагадзіліся адпусціць. Але фактычна гэта прымусовая дэпартацыя. Нас не вызвалілі, нас дэпартавалі. Я грамадзянка Беларусі, грамадзянства ў мяне не адабралі. Але пры гэтым я не вызваленая (ні па тэрміне, ні па памілаванні — МЗ). Калі гэта дэпартацыя, то ў мяне таксама павінны быць нейкія адпаведныя дакументы. Але іх няма. Я нічога не разумею».

    «Дэпартавалі і пазбаўлялі грамадзянства дысідэнтаў»

    Як нагадвае праваабаронца «Вясны» Павел Сапелка, у гісторыі Савецкага Саюза і Беларусі ў яго складзе дэпартацыі былі шырока распаўсюджанай практыкай дзяржаўнай палітыкі. У савецкі час дэпартавалі розныя этнічныя групы і асоб, якіх лічылі палітычна небяспечнымі або «непажаданымі». Напрыклад, у 1940–1950‑х гадах адбываліся масавыя дэпартацыі цэлых народаў — балканцаў, чачэнцаў, інгушаў, калмыкаў, крымскіх татараў і іншых — з іх традыцыйных месцаў пражывання ў аддаленыя рэгіёны СССР, часта ў Сібір або Цэнтральную Азію. Дэпартавалі ўглыб СССР прадстаўнікоў балтыйскіх народаў, украінцаў і беларусаў.

    «Гэтая палітыка мела мэту кантролю над насельніцтвам і ліквідацыі магчымых супраціўнікаў рэжыму. Дэпартавалі за мяжу і пазбаўлялі грамадзянства дысідэнтаў – часам менавіта пад выглядам дабраахвотнага выезду.

    У сучаснай Беларусі, асабліва ў XXI стагоддзі, назіраецца новая хваля дэпартацый, аднак ужо ў іншым кантэксце — не этнічныя групы, а палітычныя, якія ўлады лічаць «непажаданымі». Гэта не адзінкавыя выпадкі, а сістэмная практыка выдалення ўласных грамадзянаў

    Дэпартацыі ў Беларусі сёння — гэта частка палітычнай сістэмы, якая выкарыстоўвае выдаленне «непажаданых» асоб як сродак кантролю і рэпрэсій. Гэта працяг гістарычнай традыцыі, але ў новых умовах і з новымі мэтамі».

    «Спосаб пазбавіцца ад нязручных людзей»

    Павел Сапелка адзначае, што такое «вызваленне пад умовай выезду» з’яўляецца не актам гуманнасці, а інструментам палітычнага ціску.

    «У гэтай з’явы ёсць назва – дэпартацыя. Дэпартацыя, асабліва ў палітычным і крымінальным кантэксце, — гэта не проста прымусовы выезд з краіны. Гэта сур’ёзнае парушэнне правоў чалавека, якое цягне за сабой глыбокія асабістыя, прававыя і палітычныя наступствы.

    Гэта спосаб пазбавіцца ад нязручных людзей, выключыць іх з унутранага грамадска-палітычнага жыцця. Варта падкрэсліць, што прымусовая дэпартацыя – гэта і выцісканне грамадзян іх краіны пад пагрозай катаванняў і адвольнага пазбаўлення волі, такіх людзей – сотні тысяч. Але сёння мы спынімся ў асноўным на тых, хто па розных прычынах не выехаў да таго, як трапіў пад рэпрэсіі, прайшоў праз катаванні, забароненае абыходжанне і турмы – і быў прымусова выдвараны са сваёй краіны».

    Праваабаронца «Вясны» падкрэслівае, што гэта з’яўляецца комплекснай формй палітычнага пераследу:

    «Мы гаворым пра вымушаную дэпартацыю, якая суправаджаецца шантажом, псіхалагічным ціскам і пагрозамі. У праваабарончай практыцы гэта можа разглядацца як выгнанне пад прымусам — з адсутнасцю вольнага выбару заставацца на Радзіме. Такая практыка цалкам укладваецца ў азначэнне палітычнага пераследу».

    Кваліфікуецца як злачынства супраць чалавечнасці

    З пункта гледжання Рымскага статута Міжнароднага крымінальнага суда (арт. 7, ч.1, d), прымусовае высяленне або дэпартацыя насельніцтва, калі яно ажыццяўляецца ў рамках шырокамаштабнай або сістэматычнай атакі на грамадзянскіх асоб, кваліфікуецца як злачынства супраць чалавечнасці. Прымусовая высылка палітвязняў, без права вярнуцца, з’яўляецца сур’ёзным парушэннем міжнароднага гуманітарнага права і можа разглядацца як частка такой атакі з боку рэжыму супраць уласнага народу, адзначае праваабаронца.

    «Таму мы разглядаем гэтыя выпадкі не толькі як парушэнні нацыянальнага і міжнароднага права, але і як акты, якія патэнцыйна падпадаюць пад юрысдыкцыю Міжнароднага крымінальнага суда.

    У гэтым кантэксце асабліва важным з’яўляецца тое, што ў 2023 годзе Літва, скарыстаўшыся механізмам артыкула 14 Рымскага статута, накіравала афіцыйны зварот у МКС з заклікам расследаваць злачынствы супраць чалавечнасці, здзейсненыя беларускім рэжымам у дачыненні да грамадзянскай супольнасці. Гэты крок азначае, што дзяржава-удзельніца Статута патрабуе распачаць расследаванне ў дачыненні да канкрэтных дзеянняў беларускіх уладаў, уключаючы сістэматычныя рэпрэсіі, катаванні і прымусовую дэпартацыю.

    Гэта ініцыятыва Літвы падтрымліваецца шырокім колам міжнародных праваабарончых арганізацый і юрыдычных экспертаў, а сабраныя сведчанні і дакументы ўжо перадаюцца ў пракуратуру МКС. Гэта важны крок на шляху да таго, каб такія злачынствы не заставаліся беспакаранымі».

    «Дэпартацыя — гэта працяг пакарання»

    Разам з тым, што ў выніку такой спецаперацыі людзі апынуліся на волі, гэта з’яўляецца праблемай. Павел Сапелка тлумачыць:

    «Калі параўноўваць умовы ў выгнанні з умовамі турмы, то часам вызваленне з выкананнем амаль любога патрабавання – гэта вельмі добра для асобнага чалавека, гэта вынік складанай працы,  дыпламатычная перамога. Вольнае жыццё па-за межамі роднай краіны лепшае, чым гады зняважлівага зняволення і дакладна лепшае, чым смерць за кратамі. Але гэта выбар, якога не павінна  быць у цывілізаванай дэмакратычнай дзяржаве і за стварэнне якога павінны адказваць улады Беларусі.

    Людзям не даюць права самастойна вырашыць, дзе ім быць. Такім чынам, пазіцыя «або за кратамі, або за мяжой» — гэта шантаж, а не свабоднае рашэнне. Для чалавека дэпартацыя азначае рэзкае і прымусовае “абнуленне” жыцця. Гэта страта дома, працы, разлука з блізкімі. Чалавек апынаецца ў чужой краіне, часам без дакладнага юрыдычнага статусу і без рэсурсаў, з паламанымі ўласнымі планамі. Для людзей гэта ізаляцыя, разгубленасць і страх за будучыню, адсутнасць шмат якіх сацыяльных гарантый. Асабліва цяжка перажываецца такая высылка тымі, хто ўжо прайшоў праз зняволенне. У іх выпадку дэпартацыя — гэта працяг пакарання. Больш за тое, вызваленыя не вольныя ў сваіх дзеяннях: вяртанне да грамадскай актыўнасці можа пацягнуць новы крымінальны пераслед на радзіме, завочны, але вельмі непрыемны з пазіцыі рознага кшталту наступстваў: так улады прымушаюць замаўчаць і не дзейнічаць нават з‑за мяжы».

    «Ніхто не можа быць адвольна пазбаўлены права на ўезд у сваю ўласную краіну»

    Як падкрэслівае праваабронца, такая прымусовая высылка з краіны парушае правы чалавека, якія гарантуюцца Канстытуцыяй і шэрагам міжнародных пагадненняў:

    «Канстытуцыя Беларусі гарантуе права кожнага грамадзяніна знаходзіцца ў сваёй краіне. Міжнароднае права, у тым ліку Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, таксама забараняе прымусовую дэпартацыю з уласнай краіны: «Ніхто не можа быць адвольна пазбаўлены права на ўезд у сваю ўласную краіну». Гэта абавязковая для дзяржавы норма, гэтае права не можа быць падвергнута будзь якому абмежаванню.

    У выпадку дэпартацыі парушаюцца права на свабоду і асабістую недатыкальнасць, на свабоду перамяшчэння і звязаныя з гэтым правы, права на свабоду выказвання. Акрамя таго, гэта часта суправаджаецца парушэннем права на справядлівае судовае разбіральніцтва. Варта падкрэсліць, што выдварэнне, нават замежніка, не можа быць адвольным, так замацавана ў Пакце: іншаземец, які законна знаходзіцца на тэрыторыі дзяржавы, “можа быць высланы толькі ў выкананне рашэння, вынесенага ў адпаведнасці з законам, і, калі імператыўныя меркаванні дзяржаўнай бяспекі не патрабуюць іншага, мае права на прадстаўленне довадаў супраць сваёй высылкі, на перагляд сваёй справы спецыяльнай уладай або кампетэнтнай уладай, тое, каб быць прадстаўленым для гэтай мэты перад гэтай уладай асобай ці асобамі».

    «Кожны выпадак павінен быць зафіксаваны»

    Павел Сапелка распавядае, што рабіць у выпадках дэпартацыі палітвязняў:

    «Па-першае, інфармаваць міжнародную супольнасць. Па-другое, падтрымліваць тых, хто апынуўся ў выгнанні. Па-трэцяе, працягваць фіксацыю і аналіз гэтых выпадкаў. І найважнейшае падтрымліваць патрабаванне да ўлады Беларусі не прымаць вымушаную дэпартацыю як вызваленне. Гэта не акт дабрыні, а чарговы інструмент рэпрэсій».

    Праваабаронца «Вясны» перакананы, што абавязкова трэба дакументаваць факты дэпартацыі як парушэнні правоў чалавека:

    «Кожны такі выпадак павінен быць зафіксаваны. Гэта — дакументальнае сведчанне дзяржаўнай палітыкі, скіраванай на ізаляцыю і знішчэнне грамадскай актыўнасці. Без такога дакументавання будзе цяжка дамагацца справядлівасці ў будучыні. Таксама гэта падтрымка высілкаў Літвы і праваабаронцаў па прыцягненні да адказнасці прадстаўнікоў рэжыму ў Гаазе».

    На сканчэнне размовы праваабаронца заклікаў памятаць і фіксаваць належным чынам выпадкі дэпартацыі:

    «Галоўнае — памятаць, што людзі, якія апынуліся на волі, але за мяжой — гэта не толькі «вызваленыя», а найперш — людзі, што працягваюць несці наступствы палітычнага пераследу. Іх галасы павінны быць пачутыя, а парушэнні іх правоў — належным чынам ацэненыя і асуджаныя».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае

    Правовые изменения. Что случилось в 2024 году в Беларуси по регулированию медиасектора

    08.01.2025
    Акцэнты

    Спецвытворчасць у Беларусі: гайд з праваабаронцам, якога асудзілі завочна

    «Вясна» разам з праваабаронцам і юрыстам Леанідам Судаленкам, якога завочна асудзілі да пяці гадоў калоніі, распавядае пра спецвытворчасць і яе асаблівасці. А таксама высвятляе магчымасці абароны і наступствы завочнага прысуду.
    13.08.2024
    Акцэнты

    «Гэта не акт дабрыні, а чарговы інструмент рэпрэсій»: як беларускія ўлады высылаюць палітвязняў з краіны

    Пасля вызвалення з беларускіх турмаў палітвязні па памілаванні ўсё часцей апынаюцца не дома, а за мяжой — прымусова вывезеныя з мехамі на галовах пад наглядам сілавікоў. Так па памілаванні з краіны былі дэпартаваныя ўжо восем беларусаў, якія не маюць другога грамадзянства. Такое «вызваленне пад умовай выезду» праваабаронцы называюць новым інструментам палітычнага ціску. Гэта супярэчыць Канстытуцыі […]
    02.07.2025
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці