• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Павел Сапелка: «Артыкул 193–1 КК — яшчэ адзін інструмент для парушэння правоў і свабод у руках дзяржавы»

    21 снежня беларускія дэпутаты ў двух чытаннях прынялі папраўкі ў Крымінальны кодэкс, якія прадугледжваюць крымінальную адказнасць за ўдзел у ліквідаваных арганізацыях: палітычных партыях, грамадскіх і рэлігійных аб'яднаннях, фондах. Ініцыятыву пракаментаваў юрыст праваабарончага цэнтра "Вясна" Павел Сапелка:

    ««Народныя абраннікі» вяртаюць крымінальную адказнасць за незаконную арганізацыю дзейнасці грамадскага аб’яднання, рэлігійнай арганізацыі ці фонду або ўдзел у іх дзейнасці. Пад гэтым у законапраекце разумеецца арганізацыя дзейнасці або ўдзел у дзейнасці палітычнай партыі, грамадскага аб’яднання, рэлігійнай арганізацыі ці фонду, у дачыненні да якіх ёсць рашэнне аб іх ліквідацыі ці якія не прайшлі дзяржаўную рэгістрацыю. Такім чынам, выключаны з КК артыкул 193–1 вяртаецца праз два гады — у разгар рэпрэсій у дачыненні да грамадзянскай супольнасці, ліквідацыі грамадскіх аб’яднанняў і іншых НДА

    Артыкул 193–1 у папярэдняй рэдакцыі, якая мала адрозніваецца ад цяперашняга праекта, была прадметам абмеркавання Еўрапейскай камісіі за дэмакратыю праз правы (Венецыянская камісія). На думку Венецыянскай камісіі, вызначэнне артыкулам 193–1 Крымінальнага кодэкса пакарання за дзеянні, звязаныя з арганізацыяй або кіраўніцтвам аб’яднаннем на той падставе, што яно не прайшло дзяржаўную рэгістрацыю, не адпавядае строгім крытэрам, прадугледжаным артыкуламі 22 і 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

    «Гэта робіць дзейнасць незарэгістраваных аб’яднанняў па сутнасці немагчымай і, такім чынам, па сутнасці абмяжоўвае права на свабоду асацыяцый. Увядзенне крымінальнай адказнасці паводле палажэнняў артыкула 193–1 Крымінальнага кодэкса за законную сацыяльную мабілізацыю ў мэтах свабоды асацыяцый і сацыяльнага пратэсту, або крытыкі палітычнай улады, у выглядзе штрафу ці зняволення, несумяшчальнае з дэмакратычным грамадствам, у якім людзі маюць права выказваць сваё меркаванне як індывідуальна, гэтак і супольна з іншымі».

    Яшчэ дзесяць гадоў таму эксперты адзначылі, што прыняцце артыкула 193–1 можа служыць мэтай крыміналізацыі сацыяльнага пратэсту і легалізаваць рэакцыю ўрада на сацыяльныя хваляванні. Адвольнае выкарыстанне цяперашняй прававой базы дзеля крыміналізацыі высілкаў грамадзянскай супольнасці ў спробе аказаць уплыў на свае ўласныя ўмовы і будучыню з’яўляецца непрымальным з пункту гледжання дэмакратычных прынцыпаў і правоў чалавека.

    Што такое артыкул 193–1 КК у цяперашніх умовах? Гэта яшчэ адзін інструмент у руках дзяржавы для парушэння правоў і свабод. Няхай там не такое жорсткае пакаранне, як па некаторых «пратэсных» складах, але і самога факту крыміналізацыі правамерных дзеянняў дастаткова, каб з’явілася яшчэ адна нагода адвольна затрымліваць, абшукваць і дапытваць сябраў і валанцёраў ліквідаваных ці незарэгістраваных асацыяцый. Да таго ж практыка паказвае, што арт.193–1 хоць і адносіцца да злачынстваў, якія не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі, але пакараннем па ім часта было менавіта пазбаўленне волі, прычым па справе «Партнёрства» ў 2006 годзе — аж да максімальнага тэрміна. Разважаць, як будзе ўжывацца «193–1 2.0», хутчэй за ўсё, доўга не давядзецца: практыка можа з’явіцца адразу пасля падпісання і ўступлення закона ў сілу».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці