Прафілактычная гутарка: што трэба ведаць, каб абараніць свае правы
Юрыстка «Вясны» Святлана Галаўнёва тлумачыць, як адрозніць прафілактычную гутарку ад допыту, ці абавязкова на яе з’яўляцца і як мінімізаваць рызыкі, калі вас усё ж выклікалі.

Фота: «Вясна»
Як вядома, Камітэт дзяржаўнай бяспект выклікае беларусаў, якія прыязджаюць дадому з‑за мяжы, на «размовы» пра дзяржаўную здраду. Праваабаронцы адзначаюць, што ў Беларусі «прафілактычныя гутаркі» даўно сталі адным з інструментаў ціску палітычнага пераследу — іх праводзяць у міліцыі, пракуратуры і нават на працоўных месцах, універсітэтах і школах. Часта такія «размовы» выкарыстоўваюцца не дзеля прафілактыкі, а як спосаб запалохвання і збору інфармацыі.
Чым адрозніваецца прафілактычная гутарка ад допыту?
Прафілактычная гутарка – гэта мера прафілактыкі, каб у будучыні чалавек не здзейсніў правапарушэнне. Допыт – следчае дзеянне датычна ўжо здзейсненага правапарушэння.
«Калі ў краіне “не да законаў”, я лічу асабліва важна, каб мы не пачыналі гуляць па такіх жа правілах. Прафілактычная гутарка не павінна станавіцца допытам без правілаў», – кажа юрыстка.
Адзначым, што часта такія прафілактычныя меры ў Беларусівыкарыстоўваюцца для палітычнага пераследу. У такіх выпадках мэтамі «прафілактычных гутарак» з’яўляецца збор інфармацыі пра сувязі і дзейнасць чалавека, псіхалагічны ціск, дэманстрацыя кантроля.
Як павінна праходзіць прафілактычная гутарка, замацавана ў Законе «Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў».
Каго могуць выклікаць на гутарку?
Органы не маюць права запрашаць на прафілактычныя гутаркі «каго заўгодна». У арт. 24 Закона гаворка ідзе толькі пра:
- асоб, якія ўжо адбывалі крымінальнае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення ці абмежавання волі, альбо арышту;
- асоб, чые паводзіны ці лад жыцця даюць падставу меркаваць пра магчымасць здзяйснення імі правапарушэння.
Менавіта апошняй нормай часта карыстаюццца органы ў мэтах палітычнага пераследу. Але зазначым, што прафілактычныя гутаркі праводзяцца не толькі органамі.
Адміністрацыя навучальных установаў, напрыклад, таксама мае права праводзіць прафілактычныя гутаркі, у тым ліку разам з міліцыяй. Гэта прадугледжана арт. 25 Закона: «Прафілактычная гутарка з грамадзянінам, паводзіны якога ў грамадскіх месцах, па месцы жыхарства, працы, вучобы альбо лад жыцця даюць падставу меркаваць аб магчымасці здзяйснення ім правапарушэння, праводзіцца службовай асобай суб’екта прафілактыкі правапарушэнняў».
Ці абавязкова прыходзіць?
Так, за няяўку ў органы могуць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці (арт. 23.4 КаАП), што пагражае штрафам ад двух да 50 базавых велічыняў (84–2100 рублёў ці 24–600 еўра) або нават адміністрацыйным арыштам. Але для гэтага выклік павінен быць належным чынам аформлены, удакладняе юрыстка.
Заканадаўства дазваляе выклікаць чалавека праз любыя сродкі сувязі (арт. 24 Закона «Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў»), аднак абавязковая фіксацыя факту выкліку. Калі гэтага няма – адказнасці быць не можа.
Парада: не пацвярджайце ў тэлефоннай размове сваю асобу. Спачатку высветліце, хто і навошта тэлефануе, і запытайце: «Што яму перадаць?».
Ніякіх гарантый, але шмат рызыкі
Правілы правядзення гутаркі не такія строгія, як падчас допыту. Прысутнасць адваката не гарантуецца, забароны на накіроўваючыя пытанні няма. Але здабытая інфармацыя можа далей выкарыстоўвацца ў следчых дзеяннях, кажа Святлана. Па выніках размовы не заўсёды складаецца пратакол, але можа. Паводле арт. 25 Закона па рашэнні службовай асобы суб’екта прафілактыкі правапарушэнняў аб правядзенні прафілактычнай гутаркі складаецца пратакол, які падпісваецца грамадзянінам, з якім праведзена прафілактычная гутарка, і службовай асобай, якія праводзілі прафілактычную гутарку. У пратаколе робіцца запіс аб растлумачэнні правоў і абавязкаў грамадзяніну, з якім праведзена прафілактычная гутарка. У выпадку, калі грамадзянін, з якім праведзена прафілактычная гутарка, адмовіўся падпісаць пратакол, службовая асоба, якая праводзіла прафілактычную гутарку, робіць пра гэта запіс у пратаколе.
Пры гэтам, згодна з арт. 25 Закона «Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў» пры правядзенні прафілактычнай гутаркі службовая асоба суб’екта прафілактыкі правапарушэнняў тлумачыць грамадзяніну яго правы і абавязкі, прадугледжаныя Законам.
А можна прыйсці з адвакатам?
Арт. 62 Канстытуцыі прадугледжвае права звярнуцца па дапамогу адваката па любым юрыдычным пытанні. Закон«Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў» не прадугледжвае прысутнасці адваката на «размовах». Таму, нягледзячы на ваша канстытуцыйнае права, у выніку вам могуць адмовіць. Размова тады будзе праходзіць сам-насам з супрацоўнікам міліцыі ці пракуратуры. Абскардзіць дзеянні супрацоўніка можна ў вышэйстаячы орган (напрыклад, дзеянні раённай міліцыі — у гарадской ці абласной), пасля — у пракуратуры і судзе.
Ці можа быць вынесенае пакаранне ў выніку такой размовы?
Не, але могуць вынесці афіцыйнае папярэджанне — у пісьмовай форме паведамляецца, што нельга парушаць закон. Нагоды, пры якіх можна атрымаць папярэджанне, прапісаныя ў арт. 26 Закона. Паводле гэтага артыкула адной з прычын можа быць інфармацыя пра тое, што чалавек сваімі дзеяннямі можа нанесці шкоду нацыянальнай бяспецы, дзяржаўным і грамадскім інтарэсам, свабодам і законным інтарэсам іншых грамадзян, — менавіта такія фармулёўкі сустракаюцца ў палітычных справах.
Што можна, а што лепей не
- Ні гутарка, ні допыт не абавязваюць чалавека раскрываць даныя. Права не сведчыць супраць сябе і сваіх блізкіх , прадугледжанае арт. 27 Канстытуцыі, застаецца ў сіле.
- Прадастаўленне тэлефона для агляду магчыма толькі з санкцыі пракурора. Парада: прыйсці з чыстым тэлефонам ці ўвогуле без яго.
- Падчас гутаркі могуць папрасіць падпісаць паперу пра тое, што вы папярэджаны аб адказнасці. Такі дакумент можна смела падпісваць – ён не мае юрыдычнага значэння, зазначае юрыстка.
- А вось тлумачальныя ці «прызнанні віны» падпісваць не варта, бо яны могуць легчы ў аснову абвінавачання.
Мінімум словаў – максімум бяспекі
«Прафілактычная гутарка не абавязвае выкліканага чалавека нешта казаць. Лепей казаць мінімум, у ідэале толькі аднаскладныя адказы – “так”, “не”, “не ведаю”», – раіць Святлана.
І самае галоўнае: прадметам прафілактычнай гутаркі не можа быць правапарушэнне, у якім чалавек падазраецца. У такім выпадку павінен быць афіцыйны допыт.
Куды звяртацца ў выпадку выкліка на «размову»?
Дапамога і хуткія кансультацыі ў сувязі з ціскам і выклікамі на прафілактычныя гутаркі: Telegram @ViasnaSOS
Кансультацыя і дапамога з абскарджаннем: Telegram @zvarot96 / zvarot@spring96.org
