Медыяменеджарка Марыя Савушкіна: «У эміграцыі захаваць сябе ў прафесіі — вельмі складаная задача»
Досведам жыцця і працы ў Нямеччыне з БАЖам падзялілася журналістка, медыяменеджарка Марыя Савушкіна. «У эміграцыі захаваць сябе ў прафесіі, больш за тое, знайсці сваё месца ў мясцовай медыяіндустрыі — вельмі складаная задача», — кажа журналістка.

Марыя Савушкіна. Фота: Сяргей Балай
— Але для рэдакцый нямецкіх СМІ ў першую чаргу цікавыя асабістыя гісторыі медыйшчыкаў у выгнанні. Прафесійныя навыкі — журналісцкія ўменні, рэдактарскі досвед, нашыя кантакты ў краінах паходжання — цікавяць значна менш. І гэта зразумела, бо існуе сур’ёзны бар’ер — нямецкая мова, — адзначае Марыя Савушкіна. — Я для сябе вырашыла, што буду выкарыстоўваць усе магчымасці, каб атрымаць досвед супрацоўніцтва з нямецкімі СМІ.
Цікавасць да журналістаў-уцекачоў у Нямеччыне падтрымліваецца дзякуючы арганізацыям «Рэпарцёры без межаў», Еўрапейскаму цэнтру свабоды прэсы ў Лейпцыгу, JX Fund, Körber-Stiftung і іншым. Прыкладам, нямецкае выданне Tagesspiegel да Міжнароднага дня свабоды прэсы апублікавала сярод гісторый журналістаў-уцекачоў з розных краін свету і аповеды беларусаў. Праект Stimmen des Exils («Галасы ўцекачоў») быў сумеснай ініцыятывай выдання Tagesspiegel і фонда Körber—Stiftung. І фонд, і выданне — прыватныя ініцыятывы.
Які вопыт і якія высновы вынесла з праекта Марыя Савушкіна, якая выступіла ў ім адным з аўтараў?
Па-першае, разуменне таго, як працуе рэдакцыя. Рэдактары ахвотна тлумачылі свае рашэнні: пра размяшчэнне артыкулаў, працу над тэкстам і фотаздымкамі. Памер тэксту і дэдлайн — жалезныя правілы, якія не абмяркоўваюцца. Асобна цікава было паглядзець, як рэдакцыя размясціла артыкулы ў друкаваным выданні, якія матэрыялы ішлі перад, а якія пасля. Гэта дазваляе зразумець, як рэдакцыя ацэньвае ўзровень цікавасці аўдыторыі да гісторый журналістаў. Тэксты і фота былі размешчаныя на старонках 14–15, адразу пасля раздзела «Палітыка». Далей ішлі рубрыкі «Інтэрв’ю», «Эканоміка», «Культура», «Спорт». Увогуле нумар газеты складаецца з 98 старонак. Кошт аднаго нумара — 3,30 еўра ў зямлі Берлін-Брандэнбург, 4,20 еўра у іншых землях.
Я часам набываю Tagesspiegel, каб зразумець, чым жыве горад, якія тэмы, людзі і рашэнні сёння на парадку дня. Нават без глыбокага ведання мовы, з папяровай газеты можна атрымаць шмат інфармацыі.

Скрыншот з газеты Tagesspiegel
Па-другое, гэта магчымасць хоць і ўскоснай камунікацыі з аўдыторыяй. Tagesspiegel — адна з самых папулярных газет у Берліне. Яе чытаюць тыя, хто прымае рашэнні. Гэта людзі бізнесу і палітыкі, людзі сярэдняга ўзросту, якія адмыслова выбіраюць гэтае выданне, купляюць папяровую газету або афармляюць падпіску.
Па-трэцяе, ганарар за калонку памерам 4000 знакаў — 150 еўра.
Чацвёртае — непасрэдны кантакт з рэдактарамі. Дзякуючы ўдзелу ў праекце, удалося пазнаёміцца і дамовіцца пра сустрэчу з некалькімі рэдактарамі Tagesspiegel. Магчыма, гэта не прывядзе да канкрэтнага выніку, але такія сустрэчы заўсёды карысныя. Асабістае знаёмства і сустрэча — надзвычай важны этап камунікацыі ў Германіі. Пасля сустрэчы людзі больш давяраюць адно аднаму, запрашаюць на мерапрыемствы і ў супольнасці, дзеляцца карыснай інфармацыяй.
