• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Медыйны вобраз Беларусі: што пра нас думаюць у свеце?

    Цэнтр новых ідэй прадставіў даклад «Медыйны вобраз Беларусі за мяжой: маніторынг замежных СМІ за 2024 год», у якім распавядаецца пра тое, якой бачыцца нашая краіна ў публікацыях замежных медыяў. «Белсат» расказвае самае галоўнае з вынікаў даследавання. 

    газеты

    Фота: pexels.com

    Што даследавалі

    Падобны маніторынг вядзецца ўжо на працягу некалькіх гадоў (пачынаючы з 2021-га). Усплёск да тэмы Беларусі ў замежных медыях, як адзначае аўтарка даследавання, дырэктарка Цэнтру новых ідэй Леся Руднік, быў абумоўлены падзеямі 2020 года. Пасля гэты трэнд стаў паціху затухаць. Аднак 2022 год зноў абудзіў цікавасць да нашай краіны – на гэты раз у сувязі з саўдзелам у агрэсіі супраць Украіны.

    Новае даследаванне па выніках маніторынгу публікацыяў 2024 года было праведзенае з мэтай паглядзець, «якія вобразы беларусаў, уладаў, дэмакратычных сілаў і грамадства транслююць замежныя выданні ў кантэксце сённяшніх унутры- і знешнепалітычных падзеяў».

    Аўтарка даследавання прааналізавала 3759 артыкулаў пра Беларусь, апублікаваных цягам 2024 года ў 20 міжнародных выданнях з 10 краін. Найбольшую ўвагу асвятленню падзеяў у нашай краіне надавалі ў першую чаргу польскія медыі, на іх прыходзіцца траціна ад усіх публікацый (1224). За польскімі цікавасць беларуская тэма выклікае ва ўкраінскіх (461) і брытанскіх СМІ (426), далей ужо ідуць Францыя (353), ЗША (347), а замыкаюць дзясятку літоўскія (106).  

    Агульная колькасць артыкулаў (3759), размеркаваная па краінах. Графік: Цэнтр новых ідэй

    Лукашэнка – галоўны ньюсмэйкер

    Як адзначыла Леся Руднік, дзеянні беларускіх уладаў і асабіста Аляксандра Лукашэнкі выклікаюць значна большую ўвагу, чым дзейнасць беларускіх дэмакратычных сілаў. Разам ім прысвечана амаль 70% усіх публікацыяў, з іх персанальна Лукашэнку – 31%. Але ў той жа час, падкрэслівае аўтарка даследавання, гэта не новая тэндэнцыя, падобнае назіралася і раней. Праўда, у адрозненне ад папярэдніх гадоў, у 2024‑м у артыкулах выразна перамяшчаюцца акцэнты на «меры і стратэгіі, якія ўлады рэалізоўваюць дзеля ўзмацнення кантролю над грамадствам».

    У той жа час крыху знізілася цікавасць і да персоны Лукашэнкі ў параўнанні з 2023 годам (мінус 7% артыкулаў). Цікава, што часцей за ўсё ў заходняй прэсе яго называюць або прэзідэнтам (італьянскія, французскія, амерыканскія і брытанскія медыі), або дыктатарам, аўтакратам (польскія, украінскія выданні). Хіба ў Нямеччыне імкнуцца да больш нейтральных найменняў – «лідар», «кіраўнік Беларусі».

    Леся Руднік звяртае ўвагу, што на працягу 2024 года амаль на 20% павялічылася колькасць артыкулаў, у якіх адзначаецца, што Лукашэнка персанальна нясе пагрозу Захаду. 

    «Гэта паказвае, што заходнія СМІ ўсё больш разглядаюць яго не як незалежнага гульца, а як фактар рызыкі ў шырэйшым кантэксце рэгіянальнай бяспекі і расейскай экспансіі», – адзначае ў сваім дакладзе даследчыца. 

    Святлана Ціханоўская, у адрозненне ад Лукашэнкі займала значна менш увагі замежных СМІ. Яе ўзгадвалі толькі ў 4,6% прааналізаваных матэрыялаў – гэтак жа, як і ў 2023 годзе. Пры гэтым амаль у 75% выпадкаў яе называлі «лідаркай дэмакратычных сіл», і толькі ў 5% – «прэзідэнткай-элект». Найменню «прэзідэнтка Беларусі» часцей за ўсё аддавалі перавагу польскія выданні. У нямецкіх жа публікацыях Ціханоўскую часам апісвалі як праваабарончую актывістку, хоць такіх артыкулаў было нямнога – толькі 2,3% ад выбаркі.

    Што ж датычна згадак дэмакратычных сілаў агулам, то ім прысвечана 6% публікацыяў. Іхны вобраз, адзначае Леся Руднік, даволі нейтральны або наогул нявызначаны аўтарамі публікацыяў. І толькі ў амерыканскіх і ўкраінскіх медыях іх часам характарызуюць як «раз’яднананыя структуры са слабым уплывам на сітуацыю ў Беларусі». 

    Галоўныя героі прааналізаваных матэрыялаў (% ад колькасці артыкулаў, дзе выразна заўважныя галоўныя героі). Графік: Цэнтр новых ідэй

    Беларусы – ахвяры ці агрэсары?

    Што да вобразу беларусаў, які транслюецца ў замежных медыях, то заўважаецца нязначнае зніжэнне колькасці артыкулаў, у якіх нас называюць агрэсарамі – пры гэтым найчасцей такі вобраз транслююць польскія і эстонскія выданні. Ва ўкраінскіх медыях колькасць такіх згадак, наадварот, паменшала на некалькі адсоткаў. Аднак падсумаванне ў гэтым пытанні для нас маласуцяшальнае: замацаваўшыся ў 2022 годзе, вобраз агрэсараў застаецца дамінуючым у замежных выданнях.

    Адзначаецца, што цяпер крыху ўзрасла колькасць артыкулаў, у якіх беларусаў апісваюць як адважны народ, які змагаецца за сваю будучыню. Паралельна беларусаў, якія засталіся ўнутры краіны, часцей называюць ахвярамі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Леся Руднік звярнула ўвагу на тое, што журналістам становіцца больш цікава, як жывуць людзі ва ўмовах беларускага аўтарытарызму, яны малююць вобраз закрытага грамадства, у якім людзям прыходзіцца даволі цяжка, але яны знаходзяць спосабы перажыць гэтыя часы.

    Расце, хоць і не вельмі значна, успрыняцце беларусаў як прыхільнікаў Расеі (плюс 6% у параўнанні з леташнімі дадзенымі). Найчасцей так характарызуюць нас у амерыканскіх выданнях. 

    «Можна выказаць здагадку, што гэтая стыгма прымацоўваепцца да беларусаў з цягам часу, паколькі медыі перастаюць праводзіць жорсткую лінію паміж беларускім грамадствам і ўладамі Беларусі», – падсумоўваецца ў даследаванні. 

    Вобраз беларусаў агулам у 2023 і 2024 гадах. Графіка: Цэнтр новых ідэй

    Што яшчэ цікавіла пра Беларусь

    Сярод іншых тэм, закранутых у замежных медыях адносна Беларусі, былі палітычныя рэпрэсіі. Пра іх узгадвалі часцей, чым у 2023 годзе. Цалкам магчыма, гаворыць аўтарка дакладу, гэта можа быць звязана з тымі хвалямі вызваленняў палітвязняў, якія адбываліся ў другой палове 2024-га. Не апошнюю ролю маглі тут адыграць смерці за кратамі чацвярых палітвязняў, якія адбыліся летась. Усё гэта выклікала цікавасць да ўмоваў, у якіх утрымліваюцца беларускія палітзняволеныя.

    Тэма міграцыйнага крызісу таксама прысутнічала на старонках заходніх СМІ. Колькасць артыкулаў пра гэта павялічылася амаль удвая ў параўнанні з 2023 годам. Але, адзначае Леся Руднік, гэта не адлюстроўвае дынамікі падзеяў на межах, «інтэнсіўнасць якіх зменшылася цягам 2024 года».

    Але бадай адной з галоўных тэмаў праз прызму якіх глядзяць на Беларусь у заходніх СМІ, стала тэма вайны. У цэнтры ўвагі тут знаходзяцца беларускія ўлады і іхная падтрымка расейскай агрэсіі.

    У той жа час заўважаецца, што амаль поўнасцю знік наратыў аб тым, што большасць беларусаў падтрымлівае Расею ў вайне.

    «Такая думка ў 2022‑м прысутнічала ў 1% артыкулаў, у 2023‑м – у 11%, а ў 2024‑м сустракалася толькі ў 0,5% матэрыялаў», – гаворыцца ў даследаванні. 

    Як адзначаецца ў падсумаванні даследавання, колькаснае змяншэнне паведамленняў аб падтрымцы беларусамі Расеі можа сведчыць пра паступовую змену вобраза беларусаў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці