Медыяарганізацыі краін Усходняга партнёрства заклікаюць еўрапейскія структуры падтрымаць незалежныя СМІ
У звароце да кіраўнікоў еўрапейскіх інстытуцый гаворыцца пра тое, як на працу незалежных СМІ і журналістаў паўплывала пандэмія COVID-19: «Пандэмія забрала ў нас тысячы жыццяў, а таксама нанесла цяжкі фінансавы ўдар па нашай эканоміцы і фундаментальных прынцыпах свабоды СМІ».
З сярэдзіны сакавіка 2020 года, калі ўрады ўстанавілі каранцінныя рэжымы, для незалежных СМІ ў рэгіёне Усходняга партнёрства рэзка скараціліся крыніцы фінансавых даходаў, такіх як рэклама і іншыя, што дазваляла жыць і развівацца. Разрыў паміж патрэбамі СМІ і даступнымі рэсурсамі значна павялічыўся. У сваю чаргу, нацыянальныя ўрады скарысталі крызіс COVID-19 як нагоду для абмежавання свабоды СМІ. Існуюць рызыка захопу СМІ суб’ектамі, чые асабістыя інтарэсы ставяць пад пагрозу свабоду прэсы. Зарэгістраваныя выпадкі ад абмежавання доступу да публічнай інфармацыі ў Арменіі, Грузіі і Малдове да прамога пераследу журналістаў і грамадскіх актывістаў у Азербайджане і Беларусі, адмова ў абароне правоў журналістаў з боку праваахоўных органаў ва Украіне, адзначаецца ў звароце.
Аўтары дакумента заклікаюць вылучыць дадатковае фінансаванне для незалежных медыя; забяспечыць фінансаванне і падтрымку даследаванняў аўдыторыі і навыкаў вядзення медыябізнесу, каб дапамагчы СМІ рацыянальна выкарыстоўваць свае абмежаваныя фінансавыя і чалавечыя рэсурсы; пашырыць падтрымку рэгіянальных ініцыятываў па падвышэнні медыяпісьменнасці, развіццю крытычнага мыслення сярод насельніцтва.
Дакумент накіраваны кіраўнікам шэрагу еўрапейскіх структур, у прыватнасці на кіраўніцы Еўрапейскай камісіі Уршулі фон дэр Ляйен, прэзідэнту Савета Еўропы Шарлю Мішэлю, дырэктару UNESCO Одры Азулай, Прадстаўніку АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Арлему Дэзіру і іншым.
Пад зваротам падпісаліся 33 арганізацыі з краін Усходняга партнёрства (Арменія, Азербайджан, Беларусь, Грузія, Малдова, Украіна), якія звязаны з працай і развіццём СМІ. Сярод падпісантаў — ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў», Акадэмія ўкраінскай прэсы (Украіна), Асацыяцыя незалежнай прэсы (Малдова), Detector Media (Украіна), Цэнтр інфармацыйнай падтрымкі і грамадскіх ініцыятыў «Трэці сектар», Цэнтр медыяініцыятыў (Арменія) ды іншыя.