• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Менсктранс» адмовіўся ад часткі прэтэнзій да зьняволенага журналіста Алега Грузьдзіловіча

    15 ліпеня ў Заводзкім раённым судзе Менска разглядалі пазоў «Менсктрансу» да журналіста Свабоды Алега Грузьдзіловіча за шэсьце па Партызанскім праспэкце 18 кастрычніка 2020 году, калі дэманстранты перакрылі рух транспарту.

    Самога Алега Грузьдзіловіча, які адбывае пакараньне ў Магілёўскай калёніі, на пасяджэньне не прывезьлі.

    Алег Грузьдзіловіч як журналіст асьвятляў акцыі пратэсту ў 2020 годзе, яго ж пакаралі як удзельніка на паўтара гады зьняволеньня, а «Менсктранс» запатрабаваў ад яго кампэнсацыі за спынены рух траснпарту.

    15 ліпеня ў Заводзкім раённым судзе «Менсктранс» фактычна адмовіўся ад часткі свайго грашовага патрабаваньня, распавяла Свабодзе жонка Алега Мар’яна Грузьдзіловіч, якая была на працэсе:

    «Сёньня прайшло „папярэдняе“ паседжаньне, на якім прысутнічалі пракурор і прадстаўніца „Менсктранса“ (грамадзянскі пазоўнік). Алегу выставілі суму 5.980 рублёў 11 капеек. Аднак пазоўніца паведаміла, што ўсю гэтую суму ўжо цалкам аплацілі іншыя асобы. Таму пракурор папрасіў лічыць гэты пазоў выкананым. Пазоўніца паўтарыла тое самае. Судзьдзя прыняла гэта „да ўвагі“ і абʼявіла, што пасяджэньне, на якім вынесуць канчатковае рашэньне пераносіцца на 25 жніўня 2022 году а 14.15».

    Агулам «Менсктранс» выставіў Алегу Грузьдзіловічу, які адбывае пакараньне ў Магілёўскай калёніі № 15, тры грамадзянскія пазовы — за спыненьне транспарту падчас акцый летам і восеньню 2020 году на агульную суму больш як 56 тысяч рублёў.

    Акрамя разгляду справы ў Заводзкім судзе, чакаецца, што 22 ліпеня ў Маскоўскім раённым судзе, а 25 ліпеня ў Фрунзенскім судзе Менска разгледзяць яшчэ два пазовы «Менсктрансу» да Алега Грузьдзіловіча.

     

    Перасьлед Алега Грузьдзіловіча

    3 сакавіка 2022 году журналіста Свабоды асудзілі на паўтара года пазбаўленьня волі нібыта за арганізацыю масавых беспарадкаў і ўдзел у іх (артыкул 342, ч.1 КК) летам і ўвосень 2020 году. Нібыта Алег спыніў грамадзкі транспарт 16 жніўня на плошчы Незалежнасьці, 11 кастрычніка на вуліцы Кальварыйскай і 18 кастрычніка на Партызанскім праспэкце.

    Жонка Алега Грузьдзіловіча Мар’яна зьвяртала ўвагу на тое, што 16 жніўня, калі ў Менску адбылася самая шматлюдная акцыя, плошча Незалежнасьці яшчэ з 10‑й раніцы была агароджаная турнікетамі.

    «Грамадзкі транспарт на праспэкце Незалежнасьці ў той дзень прэвэнтыўна быў спынены не дэманстрантамі, а менавіта гарадзкімі ўладамі. Алегу інкрымінуюць, што ён спыніў транспарт на цэлы дзень — з 10‑й да 20‑й гадзіны, а ён там знаходзіўся прыкладна а 16‑й гадзіне. Прычым на абсалютна законных падставах — як акрэдытаваны карэспандэнт Радыё Свабода».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці