• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Міліцыя склала пратакол супраць фрылансера за тое, што ён патрапіў у кадр “Белсата”

    Журналіст-фрылансер з Рэчыцы Андрэй Мядзведзеў атрымаў па пошце адміністрацыйны пратакол, складзены ўчастковым інспектарам райаддзела міліцыі Аляксеем Цімошчанкам на падставе часткі 2 артыкула 22.9 КаАП — “Парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі”.

    Андрэй Мядзведзеў, фота deskgram.net

    “У пратаколе сцвярджаецца, што 13 верасня  я знаходзіўся каля дома № 24 па вуліцы Калініна ў Рэчыцы і зняў пры гэтым відэасюжэт. Такім чынам нібыта і здзейсніў правапарушэнне, прадугледжанае артыкулам 22.9 КаАП. Якое канкрэтна — не напісана”, — распавёў  у гутарцы з карэспандэнтам службы маніторынгу ГА “БАЖ” Андрэй Мядзведзеў.

    Журналіст-фрылансер дадае, што ў пазначанай частцы артыкула ўтрымліваецца ажно чатыры віды парушэнняў: невыкананне вызначанага парадку рассылкі абавязковых бясплатных экзэмпляраў перыядычных выданняў, распаўсюд эратычных выданняў, неналежная публікацыя СМІ абвяржэння, а таксама незаконны выраб і (альбо) распаўсюд прадукцыі СМІ. Калі пратакол міліцыя ўсё ж такі накіруе ў суд, то апошняму давядзецца высвятляць, што незаконнага зрабіў журналіст, што яго трэба пакараць штрафам ад 20 да 50 базавых велічыняў, як прадугледжвае  норма згаданага артыкула.

    Нагадаем, што патрабаванне на складанне пратакола паступіла ў Рэчыцкі РАУС ад старшага інспектара ўпраўлення аховы правапарадку міліцыі грамадскай бяспекі УУС Гомельскага аблвыканкама, падпалкоўніка міліцыі Зуева. Маніторачы сайт польскага спадарожнікавага тэлеканала “Белсат”, інспектар вырашыў, што раз Андрэй Мядзведзеў разам з героем сюжэта “Змагаешся за свае правы — будзь гатовы да ціску з боку праваахоўнікаў” трапіў у кадр, значыць, незаконна вырабіў і распаўсюдзіў прадукцыю СМІ.

    Раней Мядзведзеў адмовіўся даваць нейкія тлумачэнні ўчастковаму інспектару Цімошчанку з прычыны абсурднасці прэтэнзій.

    “Калі я ў кадры разам з героем чытаю афіцыйныя паперы, — разважае  Мядзведзеў, — значыць, нехта нас здымае іншы. Думаю, мяне запалохваюць прывентыўна, каб і не думаў збіраць і распаўсюджваць інфармацыю, а тым больш пра дзеянні ўладных структураў”.

     У сюжэце, размешчаным 13 верасня са сайце “Белсата” пад назвай “Змагаешся за свае правы – будзь гатовы да ціску з боку праваахоўнікаў”, гаворка ішла пра жыхара Рэчыцы Дзяніса Барсукова, супраць якога міліцыя аднавіла закрытую паўгады таму крымінальную справу нібыта за махлярства з тэлефонамі.

    Сам Барсукоў звязвае “рэанімацыю” прэтэнзій міліцыі з ліпенскім канфліктам у мясцовай палікліцы, дзе ён праходзіў медкамісію, каб уладкавацца на працу. Велізарныя чэргі ды зачыненыя кабінеты дактароў расцягнулі паход у паліклініку на 5 дзён. Дзяніс меўся з гэтай нагоды зрабіць запіс у кнігу скаргаў і прапаноў. Аднак яму адказалі, што “кнігу скаргаў яшчэ друкуюць”. Тады мужчына стаў здымаць на відэа  беспарадкі з прыёмам пацыентаў. На гэта нервова адрэагавала доктарка Алена Цямчык.

    Штурханіна паміж доктаркай і пацыентам скончылася ўзаемнымі заявамі ў міліцыю. Відэа з’явілася ў інтэрнэце. Аднак праваахоўнікі дагэтуль не скончылі праверку.  Да таго ж аднавілі закрытую крымінальную справу, не паведаміўшы пра тое самому фігуранту. «Белсат» асвятляў гэтую гісторыю. 

    Фрылансер Андрэй Мядзведзеў з яшчэ адным рэчычаніным трапіў у сюжэт “Белсата”, калі разглядаў шматлікія афіцыйныя дакументы Барсукова. Праўдападобна, у міліцыі палічылі, што гэтага дастаткова, каб абвінаваціць журналіста ў адміністацыйным правапарушэнні.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці