Міліцыянты забаранілі сябру ГА “БАЖ” здымаць каля ЦВК
Супрацоўнікі патрульна-паставой службы міліцыі ў панядзелак вечарам забаранілі сябру ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” праводзіць здымкі ля ўваходу ў памяшканне Цэнтральнай выбарчай камісіі, што месціцца ў Доме ўраду.
Журналіст-фрылансер Дзмітрый Карэнка збіраўся здымаць відэасюжэт, звязаны з апошнім днём падачы дакументаў на рэгістрацыю кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.
Аднак а 18 гадзіне да ўваходу у ЦВК падышлі супрацоўнікі патрульна-паставой службы міліцыі, якія заявілі Карэнку, што здымаць адміністрацыйныя будынкі ў Беларусі можна “толькі для навінаў” і папрасілі прад’явіць пасведчанне журналіста. У сваю чаргу сябра ГА “БАЖ” патлумачыў, што мае права праводзіць здымкі, бо не парушае заканадаўства і не знаходзіцца ў забароненым месцы.
Як распавёў Карэнка прэс-службе ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, разбіральніцтва каля Дома ураду працягнулася больш за гадзіну, пасля чаго міліцыянты адпусцілі фрылансера і вусна параілі больш не здымаць адміністрацыйныя будынкі.
У сваю чаргу юрыст ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Алег Агееў раіць журналістам у падобных сітуацыях заўсёды мець пры сабе пасведчанне хаця б пазаштатнага карэспандэнта канкрэтнага СМІ і прад’яўляць яго міліцыянтам.
Фота — скрыншот з відэа Д.Карэнкі