«Мілкавіта» падала ў суд на журналіста Associated Press Юрася Карманава
ААТ «Мілкавіта» падала зыск супраць журналіста Associated Press (AP) Юрася Карманава аб абароне дзелавой рэпутацыі. У заяве прадпрыемства спасылаецца на даследаванні малака, праведзеныя Дэпартаментам па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС МНС Беларусі.
Журналісты АР у красавіку 2016 года правялі расследаванне аб актыўным выкарыстанні забруджаных зямель Чарнобыльскай зоны ў сельскай гаспадарцы. Журналісты даведаліся, што фермер Мікалай Чубянок, які арганізаваў малочную ферму за некалькі кіламетраў ад знакаў «Стоп! Радыяцыя!», штодня здае каля двух тон малака на завод ААТ «Мілкавіта» у Хойніках. Каля 90 % прадукцыі ААТ «Мілкавіта» з Хойнікаў ідзе на экспарт у Расію.
Аналіз малака ў галоўнай лабараторыі Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі паказаў, што дапушчальныя нормы па ўтрыманні стронцыю (SR-90) перавышаныя ў 10 разоў. Згодна з заключэннем цэнтра, які мелі журналісты, малако ўтрымлівала 37,5 Бк/кг стронцыю пры дапушчальнай норме ў 3,7 Бк/кг.
Журналісты не толькі праінфармавалі аб выніках даследаванняў кіраўніцтва «Мілкавіты», але і працытавалі ў сваім артыкуле словы прадстаўніка завода Маю Феданчук. Яна паведаміла, што «уласны аналіз лабараторыі завода паказвае, што малако адпавядае нормам і ўтрымлівае стронцыю ў сярэднім 2,85 Бк/кг».
Пасля публікацыі Дэпартамент па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС МНС Беларусі правёў праверку, якая не выявіла ў малацэ перавышэнне па колькасці стронцыю-90. На гэтыя вынікі і спасылаецца ААТ «Мілкавіта» ў сваёй заяве ў суд.
«Мілкавіта» патрабуе ад журналіста «абвергнуць загадзя ілжывыя звесткі» не толькі на сайце АР, але і на 7 беларускіх, польскіх і расійскіх сайтах, якія распаўсюдзілі інфармацыю.
– Апублікаваныя намі звесткі тычацца кожнага грамадзяніна, які ходзіць у краму. Расследаванне праведзена па ўсіх канонах жанру і заснавана на фактычных звестках. У артыкуле прыведзеныя і дадзеныя лабараторыі аб 10-разовым перавышэнні стронцыя ў малацэ, а таксама меркаванне прадстаўніка «Мілкавіты», – расказаў Юрась Карманаў прэс-службе ГА “БАЖ”.
Пасля публікацыі галоўны рэдактар дзяржаўнай газеты «Советская Белоруссия» Павел Якубовіч і кіраўнік дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА Дзмітрый Жук у праграме БТ «Клуб рэдактараў» заклікалі разабрацца з журналістам АР у судзе.
– Ствараецца ўражанне, што ў гэтым судовым разглядзе зацікаўленая не столькі «Мілкавіта», колькі высокія інстанцыі, якія хваравіта адрэагавалі на журналісцкае расследаванне, – каментуе сітуацыю старшыня ГА “БАЖ” Андрэй Бастунец.
Першае пасяджэнне па справе прызначана на 5 кастрычніка а 15.30 у судзе Маскоўскага раёна горада Мінска (каб. 230).
Фота titovsergey.com