Мінчука асудзілі на 3 гады “хіміі” за каментар пра свіна***** [дрэнных расіян]
23 траўня у Мінскім гарадскім судзе зачыталі прыгавор па справе 45-гадовага мінчука Зміцера К. Мужчыну абвінавацілі па частцы 1 артыкула 130 Крымінальнага кодэкса за распальванне нацыянальнай варожасці.
Нагодай для абвінавачання стаў каментарый са словамі м*****і [грэблівая мянушка жыхароў Масквы] і свіна***** [дрэнныя расіяне] — за іх Зміцер К. атрымаў тры гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу і высылкай — на так званую “хімію”.
У Змітра — цяжарная жонка і невялікі ўласны бізнес, на якім пры такім пакаранні, відавочна, давядзецца паставіць крыж.
Зміцер выступае супраць расійскай агрэсіі ва Украіне і “імперскасці”. На яго старонцы ў Instagram — фота з “Пагоняй”, ён называе сябе патрыётам Беларусі. Таксама там ёсць здымкі са сцягам украінскага “Правага сектара”.
На здымку, вакол якога разгарэлася судовае разбіральніцтва, вугорскія вайскоўцы перадаюць зброю ўкраінскім салдатам. Зміцер змясціў яго на сваёй старонцы ў кастрычніку 2017 года, а ў каментарыі да выявы напісаў пра сваё стаўленне: вось, маўляў, “выдатная касілка” супраць м*****ёў [грэблівая мянушка жыхароў Масквы] і свіна***** [дрэнных расіян].
Праз некалькі месяцаў мужчыну патэлефанавалі з СК і запрасілі да следчых — супраць яго была пачатая крымінальная справа за распальванне нянавісці. Расследаванне і суд агулам цягнуліся 10 месяцаў.
“У справе ёсць 80 старонак лінгвістычнай экспертызы. Там некалькі прафесараў разважаюць пра тое, хто такі м****ль. Творы Тараса Шаўчэнкі разглядаюць. І прыходзяць да высновы, што фраза “Кожны м****ль павінен быць знішчаны” з’яўляецца абагульняльнай — абагульняе ўсю нацыю ў цэлым. Гэта значыць, я заклікаю да нацыянальнай варожасці, — распавядае Еўрарадыё Зміцер К. — Гэта доўжылася 10 месяцаў — я да іх хадзіў як на працу. Пяць псіхіятраў зрабілі маю псіхіятрычную экспертызу: які ў мяне настрой, чаму я сябе так паводжу, як я магу так абагульняць”.
Увогуле, такое развіццё падзей вельмі здзівіла Змітра: ён ніколі не меў праблем з беларускім законам ці праваахоўнымі органамі. Больш за тое — Зміцер дапамагаў міліцыі вылічаць беларускіх наймітаў, якія ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях на акупаваным Данбасе. Так што адносіны з сілавікамі дагэтуль былі выключна пазітыўнымі.
“Калі шчыра, то моцна здзіўлены не толькі я, але і ўсе мае знаёмыя, нават з “органаў”. Я скажу больш: калі я звярнуўся да праваабаронцаў у “Вясну”, то даведаўся, што за апошнія гады было ўсяго 10 спраў па 130‑м артыкуле. І ні ў адным выпадку гэта не скончылася рэальным тэрмінам. Нават тады, калі нейкі мужык стварыў вялікую суполку ў сацсетцы і посціў расісцкія запісы, якія бачылі дзясяткі тысяч чалавек. А мяне хочуць адправіць на “хімію” за пост, які па дадзеных следчых пабачыла не менш за 29 чалавек”.
Прысуд пакуль не набыў моц, Зміцер К. збіраецца яго абскарджваць.