Мінінфарм патлумачыў, што яму замінае заблакаваць сацыяльныя сеткі ў Беларусі
«Экстрэмісцкімі» прызнаныя больш за 6,5 тысяч матэрыялаў, якія блакуюцца. А вось заблакаваць сацсеткі цалкам Мінск не можа сабе дазволіць, бо ў іх працуе і дзяржаўная прапаганда.
Першы намеснік міністра інфармацыі Андрэй Кунцэвіч патлумачыў, чаму ведамства не ідзе на «радыкальныя крокі па блакіроўцы сацыяльных сетак цалкам». Скрыня, аказваецца, адкрываецца проста: дзяржаўныя СМІ карыстаюцца сацсеткамі для распаўсюджвання прапагандысцкіх наратываў.
Пры гэтым Мінінфарм унёс у рэспубліканскі спіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў 6 565 акаўнтаў, прычым 2 тысячы ўнесеныя ў чорны спіс сёлета.
Доступ да ўказаных рэсурсаў блакуецца на тэрыторыі Беларусі, а за іх распаўсюджванне прадугледжаная адміністрацыйная і крымінальная адказнасць.
«Мы сапраўды пакуль не ідзём на нейкія радыкальныя крокі па блакіроўцы канкрэтных сацыяльных сетак цалкам, выдатна разумеючы, што сёння на гэтых пляцоўках, хай і з пэўнымі абмежаваннямі, — нашы дзяржаўныя СМІ, а значыць, мы маем магчымасць выхаду на досыць шырокую аўдыторыю», — цытуюць СМІ чыноўніка.
Па яго словах, Мінінфарм мае план на выпадак, калі міжнародныя лічбавыя пляцоўкі закрыюцца для беларускай прапаганды: «…заўтра можа стацца, што ў нас такой магчымасці не будзе. І, безумоўна, мы павінны маць нейкі запасны варыянт, якраз-такі гэтая платформа VIDEOBEL накіравана на рашэнне гэтай задачы».
У сакавіку 2023 года ў «экстрэмісцкія фарміраванні» запісалі і «Беларускую асацыяцыю журналістаў» — і побач з ёй 8 прозвішчаў. Чаму менавіта гэтых людзей вырашылі лічыць датычнымі да стварэння «экстрэмісцкага фарміравання» — невядома.