Мінінфарм вывучае досвед Раскамнагляду па дэананімізацыі блогераў
Міністэрства інфармацыі Беларусі прыглядаецца да практыкі Раскамнагляду па дэананімізацыі блогаў і Telegram-каналаў. Пра гэта расказаў карэспандэнту Tochka.by кіраўнік ведамства Марат Маркаў падчас акцыі «Марафон адзінства» ў Гомелі.

Міністр інфармацыі Беларусі Марат Маркаў. Фота: Глеб Фралоў / Tochka.by
«Мы вывучаем досвед Раскамнагляду. І робім гэта адразу з моманту майго прыходу [на пасаду]», – паведаміў міністр.
Маркаў адзначыў, што «пытанне патрабуе дадатковай прапрацоўкі» і пра вынікі пакуль казаць рана. «Мы будзем гэтым займацца», – сказаў ён.
Паводле Маркава, беларускіх чыноўнікаў цікавіць расійскі досвед у больш шырокім сэнсе, паколькі Раскамнагляд «не толькі ў гэтым напрамку зрабіў крокі, якія нам трэба было б выкарыстаць».
8 жніўня 2024 года ў Расіі прынялі закон, па якім уладальнікі блогаў і каналаў з колькасцю падпісчыкаў больш за 10 тысяч абавязаны прадастаўляць у Раскамнагляд звесткі пра сябе.
