Міністэрства інфармацыі заблакавала сайт «Легалайз Беларусь» + ДАКУМЕНТ
Стваральнік сайта «Легалайз Беларусь» Пятро Маркелаў атрымаў наступны ліст з Міністэрства інфармацыі: «Інфармуем, што ў адносінах інтэрнэт-рэсурса legalize.by, уласнікам якога вы з’яўляецеся, Міністэрствам інфармацыі, як паўнамоцным дзяржаўным органам, прынятае рашэнне аб абмежаванні да яго доступу. Указаны інтэрнэт-рэсурс будзе недасяжны карыстальнікам інтэрнэта на тэрыторыі Беларусі».
Загад аб абмежаванні доступу падпісаў міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч (PDF).
«Легалайз Беларусь» — грамадская кампанія, якая выступае за змены ў крымінальным кодэксе, у прыватнасці «наркатычных» артыкулаў 328 і 329.
Згодна з пісьмовым паведамленнем МУС ад 8 мая, на гэтым сайце былі размешчаны «матэрыялы, якія прапагандуюць спажыванне небяспечнага наркатычнага сродку марыхуана, выкарыстанне якога на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь незаконна».