Місія Алеся Ліпая працягваецца
Заснавальніка БелаПАН, журналіста, паэта Алеся Ліпая ў камернай атмасферы згадвалі яго родныя, калегі, сябры. Вёў сустрэчу драматург Андрэй Курэйчык.
Год таму, 23 жніўня 2018 года, Алеся Ліпая не стала. Яму было 52 гады.
— Кожны дзень я, усе мы ўспамінаем Алеся — кожны дзень, кожны дзень… Калега, старэйшы таварыш, кіраўнік, сябар. Для мяне ён быў амаль родным чалавекам. Думаю, так для кожнага БелаПАНаўца. Калі год таму мы былі “прыбітыя” яго сыходам, то цяпер зразумелі, што асірацелі — пайшоў з жыцця наш кіраўнік. А сёння я перапоўнены пачуццём падзякі да Алеся — дзякуй табе вялікі за ўсё! — выступіў з кароткай прамовай Дзмітрый Наважылаў, дырэктар інфармацыйнай кампаніі БелаПАН.
Галоўны рэдактар БелаПАН Ірына Леўшына распавяла, што цягам года шмат перачытвала інтэрв’ю з Алесем, глядзела відэа з ім, прачытала зборнікі яго вершаў. Яна звярнула ўвагу на публічную прамову Алеся падчас святкавання 100-годдзя БНР.
Ірына заўважыла, што словы “Якімі б цяжкімі, цяжкадасягальнымі не здаваліся мэты, трэба проста ісці да іх, трэба проста рабіць сваю справу” адлюстроўваюць усю сутнасць Ліпая.
Журналіст, рэдактар Аляксандр Класкоўскі разважаў пра асобу Алеся, яго падыходы да арганізацыі працы, да падбору калектыву. Класкоўскі заўважыў, што Ліпай «змог стварыць дзівосныя ўмовы свабоды ў несвабоднай краіне».
Прысутныя чыталі вершы Алеся, згадвалі яго ўчынкі і памкненні, гаварылі, што місія Алеся працягваецца. Годныя дзеці, справа жыцця, светлыя ідэі — Алесь Ліпай сышоў з жыцця з такім набыткам і рэпутацыяй, што застаўся ў памяці Чалавекам.
Ён жадаў пры любым раскладзе спраў застацца тут, “на” ці “ў” беларускай зямлі
У Мінску сабраліся «Петракі». На знак памяці Алеся Ліпая ФОТА
Пяць фактаў пра заснавальніка БелаПАН Алеся Ліпая
«Трэба проста рабіць сваю справу». Прамова Алеся Ліпая на Дзень Волі-2018