«9 з 10 забойстваў застаюцца беспакаранымі». 2 лістапада — Міжнародны дзень спынення беспакаранасці за злачынствы супраць журналістаў
Генеральная асамблея ААН у 2013 годзе абвясціла 2 лістапада Міжнародным днём спынення беспакаранасці за злачынствы супраць журналістаў.

Фота: sud.ua
6–7 лістапада ў Адзіс-Абебе (Эфіопія) пройдзе глабальнае мерапрыемства пад лозунгам «Бяспека журналістаў у крызісных і надзвычайных сітуацыях», якое арганізавалі Афрыканскі саюз (АС) і ЮНЕСКА.
Беспакаранасць прыводзіць да росту забойстваў
З 1993 года ў свеце забітыя больш за 1700 журналістаў, прычым 9 з 10 смерцяў застаюцца беспакаранымі ў судовым парадку. Беспакаранасць злачынцаў прыводзіць да росту забойстваў.
Журналісты пастаянна сутыкаюцца з пагрозамі — ад выкраданняў, катаванняў і другіх формаў фізічнага нападу да пераследу, асабліва ў лічбавай сферы. Журналісткі найбольш церпяць ад пагроз і нападаў, асаблівы тых, якія здзяйсняюцца ў Інтэрнэце. Згодна з апытаннем ЮНЕСКА, 73% журналістак заявілі пра пагрозы, запужванні і знявагі ў Інтэрнэце ў сувязі са сваёй прафесійнай дзейнасцю.
Па звестках ЮНЕСКА, у 2020—2021 гадах у свеце былі забітыя 117 журналістаў, а ў 2022—2023 годзе – ужо 153 журналісты.
Толькі 14% злачынстваў супраць журналістаў лічацца раскрытымі па стане на 2023 год.
У 2021 годзе працэнт забітых журналістак вырас у параўнанні з папярэднім годам з 6% да 11%.
А 2023 год стаў смяротна небяспечным для журналістаў і журналістак, якія працуюць ў зонах канфліктаў: колькасць забойстваў журналістаў амаль падвоілася ў параўнанні з папярэднімі трыма гадамі.
Але гэтая страшная статыстыка – толькі вяршыня айберга. Інфраструктура СМІ разбураецца, журналісты сутыкаюцца з фізічнымі нападамі, затрыманнямі, канфіскацыяй абсталявання. Многія журналісты вымушаныя збягаць са сваіх краінаў ці спыняць працу, з‑за чаго зоны канфліктаў ператвараюцца ў «зоны маўчання».
Беларускі айсберг: 36 журналістаў за кратамі, большасць СМІ ў выгнанні і аб’яўленыя «экстрэмісцкімі»
Становішча беларускіх журналістаў – ці не найгоршае ў Еўропе. Зараз ў беларускіх турмах па палітычных прычынах сядзяць 36 медыйшчыкаў.
Калегі ў турмах. Напішыце ім ліст падтрымкі!
Лукашэнка аб’явіў вайну незалежнай прэсе менш чым праз год пасля прыходу да ўлады ў 1994 годзе: першай справай ён зняў галоўнага рэдактара парламенцкага органа – «Народнай газеты» Іосіфа Сярэдзіча, што не меў права рабіць без Вярхоўнага Савета.
У Беларусі забітыя два журналісты: тэлеаператар ОРТ Дзмітрый Завадскі (2000 год) і журналістка «Салідарнасці» Вераніка Чаркасава (2004) – ніводнае забойства не раскрытае.
У 2016 годзе ў Кіеве забіты беларускі журналіст Павел Шарамет: суд па справе спынены.

Павел Шарамет, які з 2011 года жыў і працаваў ва Украіне, загінуў у Кіеве раніцай 20 ліпеня 2016 года ў выніку падрыву машыны. Суд спынены. Фота: 112.ua
Затым былі пераследы асобных журналістаў, асобных медыя, ліквідацыя найбольш няўгодных СМІ. Але сапраўдны разгром незалежных СМІ рэжым Лукашэнкі ўчыніў пасля масавых пратэстаў 2020 года.
Большасць незалежных грамадска-палітычных выданняў былі зліквідаваныя ці пад пагрозамі крымінальнага пераследу мусілі эмігрыраваць; лічаныя выданні, якія застаюцца ў Беларусі, мусілі адмовіцца ад асвятлення грамадска-палітычных падзеяў і займаюцца самацэнзурай.
Беларускі раследвальніцкі цэнтр (БРЦ) падлічыў, што з сярэдзіны 2022 года Беларусь згубіла больш за трэць зарэгістраваных СМІ.
БАЖ і большасць незалежных выданняў прызнаныя «экстрэмісцкімі фарміраваннямі».
Остаться в профессии. Вся помощь белорусским журналистам и медиа по одной ссылке
