• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі пачаў раскрываць асобы супрацоўнікаў ГУБАЗіКа

    Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі прадставіў новыя доказы сістэмных катаванняў і жорсткага абыходжання. Гэтае даследаванне раскрывае асобы сілавікоў ГУБАЗіКа, адказных за рэпрэсіі і гвалт супраць мірных грамадзян. Спампаваць PDF.

    Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі пачаў раскрываць асобы супрацоўнікаў ГУБАЗіКа

    Імаверна, супрацоўнікі ГУБАЗіК дзяжураць на лесвічных пляцоўках у дамах каля плошчы Пераменаў. Мінск, Беларусь. 15 лістапада 2020 года. Фота: АВ / Белсат / Vot Tak TV

    Чаму гэта важна?

    Беларусь застаецца адной з нямногіх краін у Еўропе, дзе сілавікі, датычныя да катаванняў і рэпрэсій, працягваюць дзейнічаць беспакарана. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі і журналісты неаднаразова фіксавалі парушэнні, але нам удалося ўстанавіць канкрэтныя асобы тых, хто стаіць за гвалтам.

    Мэта Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі — дэананімізаваць злачынцаў у пагонах, датычных да катаванняў і жорсткага абыходжання, перадаць іх дадзеныя ў органы правасуддзя і дамагчыся справядлівасці.

    ГУБАЗіК — інструмент рэпрэсій

    У аснову гэтага даследавання леглі сведчанні пацярпелых, якія падвяргаліся збіванням, прыніжэнням, прымусовым прызнанням і іншым формам гвалту з боку сілавікоў ГУБАЗіКа, пачынаючы з 2020 года.

    Таксама праваабаронцы сабралі пацверджаныя дадзеныя трох сілавікоў, датычных да катаванняў, уключаючы іх імёны, пасады і юрыдычную ацэнку іх злачынстваў.

    Гэта сведчыць пра тое, што ГУБАЗіК, афіцыйна названы Галоўным упраўленнем па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй, ператварыўся ў карную структуру, якая ўжывае гвалт супраць уласнага народу.

    Першыя тры фігуранты даследавання:

    • Аляксандр Алёкса — намеснік начальніка 3‑га ўпраўлення, арганізатар катаванняў, фабрыкацый крымінальных спраў і рэпрэсіўных акцый супраць пратэстоўцаў.
    • Валерый Высоцкі — старшы аператыўнік, датычны да жорсткіх катаванняў, у тым ліку з пагрозамі сэксуалізаванага гвалту.
    • Іван Тарасік — намеснік начальніка 1‑га аддзела, удзельнік стварэння «пакаянных відэа» і шантажу сем’яў затрыманых.
    Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі пачаў раскрываць асобы супрацоўнікаў ГУБАЗіКа

    Малюнак: з даследавання Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі

    З сведчанняў пацярпелых:

    «…Яны нас душылі, нацягвалі пакет на галаву, білі па жываце, прымушалі стаяць на каленях. Пагражалі згвалтаваннем дубінкай. Высоцкі смяяўся і казаў: «Цяпер ты разумееш, што такое страх?»»

    «Я адмовіўся падпісваць фальшывыя прызнанні. Тады Алёкса загадаў біць мяне электрашокерам. Калі я губляў прытомнасць, мяне аблівалі халоднай вадой і працягвалі катаванні».

    «Ён сказаў, што калі я не падпішу паказанні, ён «асабіста прасочыць», каб мяне больш ніхто не ўбачыў».

    Юрыдычная ацэнка злачынстваў

    На падставе аналізу сведчанняў пацярпелых і нормаў міжнароднага права, дзеянні супрацоўнікаў ГУБАЗіКа могуць быць кваліфікаваныя як:

    • Катаванні — парушэнне міжнароднага права (Канвенцыя ААН супраць катаванняў).
    • Запалохванні і фабрыкацыя крымінальных справаў — падпадаюць пад артыкулы Крымінальнага кодэкса Беларусі.
    • Злачынствы супраць чалавечнасці — могуць быць разгледжаны ў рамках універсальнай юрысдыкцыі.

    Нягледзячы на тое, што Беларусь не з’яўляецца ўдзельніцай Рымскага статута, злачынствы супраць чалавечнасці могуць расследавацца ў рамках універсальнай юрысдыкцыі. Шэраг еўрапейскіх краінаў, уключаючы Літву, Польшчу і Германію, ужо прымяняюць гэты механізм да беларускіх сілавікоў.

    Тры вышэй названыя фігуранты даследавання — толькі пачатак. Праваабаронцы працягваюць працу, каб выявіць новыя асобы сілавікоў ГУБАЗіКа, датычных да катаванняў і гвалту супраць нязгодных з палітыкай Лукашэнкі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці