Мова — сакральная ці інструментальная?
Так гучала тэма сёмага штогадовы круглага стала, арганізаванага ў Лунінцы мясцовай філіяй ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” разам з калегамі з Баранавіцкага, Пінскага і Столінскага раёнаў, а таксама сябрамі Брэсцкай філіі ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”.
“Удзельнікі сустрэчы разважалі, наколькі адрозніваецца мова ў сродках масавай інфармацыі: друкаваных, анлайн і ў літаратурных творах, — паведаміў службе маніторынгу БАЖ адзін з арганізатараў сустрэчы Вадзім Жылко. — Мы шукалі адказы на пытанне: ці трэба ставіцца да мовы толькі як да інструменту перадачы інфармацыі, альбо яна павінна мець больш высокую каштоўнасць, пэўную “сакральнасць”. Інакш кажучы, ці варта “прыніжаць” мову твораў да ўзроўню сярэдняга чытача або, наадварот, спрабаваць прыўзняць чытача да больш высокай “планкі”?
Паэт і журналіст Алесь Белы з Баранавічаў на прыкладах з уласнай творчасці адназначна выказаўся супраць “прымітывізацыі” мовы і чытача, хаця заўсёды трэба ўлічваць тыя ці іншыя асаблівасці аўдыторыі.
Сябры БАЖ Васіль Мацкевіч (Пінск) і Людміла Хмялеўская (Лунінец) лічаць, што ўзровень мовы залежыць ад мэтавай аўдыторыі, фармата выдання, а Наталля Базар са Століншчыны — што і ад тэматыкі публікацый, іх мэтанакіраванасці.
Святлана Гарда спалучыла развагі пра моўныя ўзроўні і стылі з этычнымі аспектамі працы журналіста, у тым ліку ў анлайн-СМІ, на прыкладзе сайта “Медиа-Полесье”.
Паэтка са Століншчыны Ірына Ляшкевіч бачыць прычыны зніжэння пісьменнасці як чытачоў, так і аўтараў у нашай сістэме адукацыі, падзенні прафесіяналізму і зацікаўленасці педагогаў. Лунінецкі літаратар Іван Панасюк разважаў аб стаўленні да беларускай і рускай моваў ў сферы адукацыі і выхавання. Намесніца старшыні Баранавіцкай суполкі Таварыства беларускай мовы Анжэла Камбалава пазіцыянавала чытацкі погляд, што журналістыка і мова павінны быць найперш аўтарскімі.
Аб розных ўзроўнях мовы, уплывах на яе інтэрнету і іншых сучасных фактараў выказаліся таксама Сцяпан Нефідовіч, Васіль Туміловіч, Надзея Дзедзіна, Аксана Маркевіч і Алеся Вакуліч. Удзельнікі закранулі і праблему рэдагавання мастацкіх і журналісцкіх твораў.
Апрача круглага стала, адбыліся літаратурная вечарына і прэзентацыя новай кнігі прозы Людмілы Хмялеўскай “Іронія быцця”.
Фота Людмілы Хмялеўскай