• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    На АЭС не пускаюць журналістаў, якія хочуць убачыць пашкоджаны корпус рэактара

    Расейская кампанія «Атамбудэкспарт» — генэральны падрадчык будоўлі «Беларускай АЭС» у Астраўцы — ня бачыць нічога сур’ёзнага ў інцыдэнце з падзеньнем корпуса рэактара падчас выпрабавальнага мантажу, але не дае пераканацца ў гэтым журналістам.

    У інфармацыйным цэнтры БелАЭС на просьбу Свабоды дазволіць доступ на тэрыторыю, каб пабачыць канструкцыю, адказалі, што існуе дакладна вызначаная працэдура наведваньня стратэгічнага аб’екту:

    «Дасылайце запыт, будзе прызначаная праверка. Па яе выніках вам ці адмовяць, ці дадуць дазвол. Але правяраць будуць у любым выпадку. Іншых варыянтаў не прадугледжана, толькі праз папярэднюю заяву», — сказала супрацоўніца цэнтру.

    Свабода ўжо даслала адпаведны запыт у дырэкцыю будаўніцтва АЭС і чакае ягонага разгляду.

    Як вынікае з унутранага палажэньня РУП «БелАЭС», для допуску на будаўнічую пляцоўку прадстаўнікоў беларускіх мэдыяў за 14 дзён да плянаванага наведваньня неабходна накіраваць афіцыйны запыт з указаньнем пашпартных дадзеных, копіі пасьведчаньня аб акрэдытацыі СМІ, зьвесткі пра транспартны сродак, а таксама пляны рэпартажаў, артыкулаў, інтэрвію, сцэнарныя пляны фота‑, кіна- і відэаздымкаў.

    Для допуску прадстаўнікоў СМІ замежных краінаў аналягічныя дадзеныя маюць быць прадстаўленыя за месяц да меркаванага візыту.

    Днямі зьявіліся паведамленьні, што 10 ліпеня падчас трэніровачнага ўсталёўваньня корпусу рэактара 330-тонны агрэгат сарваўся і ўпаў на зямлю. Некаторыя сьведкі здарэньня, якія пераказалі інцыдэнт мясцовым дэмакратычным актывістам, сьцьвярджаюць, што вышыня пры гэтым перавышала 10 мэтраў. Паведамлялася таксама, што месца надзвычайнага здарэньня ачэпленае і знаходзіцца пад пастаяннай і ўзмоцненай аховай. Аднак цягам двух тыдняў ні «Атамбудэкспарт», ні Міністэрства энэргетыкі Беларусі не давалі інфармацыі. Толькі калі інфармацыя набыла шырокі розгалас, Мінэнэрга дало зразумець: рашэньне пра далейшыя будаўніча-мантажныя працы будзе прымацца ў Маскве: «Беларускі бок і надалей будзе кіравацца неабходнасьцю безумоўнага гарантаваньня бясьпекі атамнай станцыі. Адпаведныя рашэньні што да працягу працаў будзе прымаць«Атамбудэкспарт«, — паведамілі ў ведамстве. У сваю чаргу, у «Атамбудэкспарце» запэўніваюць, што адбылася «звычайная штатная сытуацыя, як і на любой будоўлі» — пры правядзеньні такелажных прац па перасоўваньні корпусу рэактара з транспартнага на мантажны лажэмэнт усяго толькі сьцерлася фарба.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці