• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    На «Белсаце» стартавала ранішняе шоу з Дзянісам Дудзінскім і Кацярынай Раецкай

    «Раніца з Белсатам» будзе выходзіць па суботах і нядзелях а 9‑й раніцы. Першы эфір правялі Кацярына Раецкая і Дзяніс Дудзінскі, але з’явіцца і іншая пара вядучых.

    На «Белсаце» стартавала ранішняе шоу з Дзянісам Дудзінскім і Кацярынай Раецкай

    Кацярына Раецкая і Дзяніс Дудзінскі ў эфіры «Белсата»

    «Праграма, якой вам так не хапала і пра якую мы марылі. Раніца на «Белсаце!» — напісала ў фэйсбуку галоўная рэдактарка «Белсата» Аліна Коўшык.

    Гэта ранішняе шоу ў яго класічным фармаце. Атрымаўся даволі гарманічны мікс з парад па здаровым ладзе жыцця, размоў пра моду, кіно, вандроўкі, а таксама абмеркаванне смешных відэа з сацыяльных сетак.

    Складана ўявіць такую перадачу без прыгатавання чаго-небудзь смачненькага. Сваімі варыянтамі сняданкаў падзяліўся Лявон Халатран. Трэба адзначыць, што ён упершыню публічна стаў размаўляць па-беларуску, таму загадзя выбачаўся за магчымыя памылкі.

    Фішка «Раніцы з «Белсатам» — цікавыя гістарычныя ўстаўкі. Кацярына Ваданосава паказвае і расказвае пра старадаўнія беларускія строі. А гісторык Цімох Акудовіч, які вядзе праграму «Вусы Скарыны», спрабуе праводзіць паралелі паміж тым, як жылі ў Беларусі некалькі стагоддзяў таму і як жывуць цяпер.

    Традыцыйна ў ранішніх шоу не гавораць пра палітычныя навіны. У беларускіх рэаліях без палітыкі абысціся складана, але ж каб не псаваць людзям настрой з самага пачатку, абмяркоўваюць (а хутчэй высмейваюць) навіны вядучыя «Хай так» Міхась Зуй і Дзмітрый Есяневіч. На жаль, у іх не вельмі атрымліваецца выходзіць з вобразаў чыноўнікаў Чынчынаў, таму гледачам прыходзіцца слухаць жарты на трасянцы. 

    Час ад часу Кацярына Раецкая з Дзянісам Дудзінскім заклікаюць гледачоў адпраўляць каментарыі (калі гэта бяспечна). І не заўсёды яны прыемныя: нехта, напрыклад, піша, што ў Кацярыны невялікі слоўнікавы запас. А нехта жартуе, што хоча, каб «усё БТ стала БЧБ». Але ж пазітыўных водгукаў значна больш.

    Доўжыцца «Раніца з Белсатам» каля дзвюх гадзін. Увогуле можна сказаць, у канала атрымалася зрабіць годнае ранішняе шоу, якое прыемна слухаць фонам, калі няспешна пачынаеш выходны дзень.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці