• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    На БТ паказалі фільм пра беларусаў у эміграцыі. Каб запісаць відэа, герояў жорстка падманулі

    Беларускае тэлебачанне прэзентавала прапагандысцкі фільм «Чужое неба» аўтарства Аляксея Марцінёнка. У стужцы на паўтары гадзіны расказваецца пра цяжкі лёс беларусаў у Польшчы і краінах Балтыі, дзе яны, маўляў, ледзь зводзяць канцы з канцамі. Праўда, у вочы адразу кідаецца аматарская здымка — як высветліла «Наша Ніва», кадры гэтыя былі зробленыя падманам.

    Скрыншот вокладкі фільма Беларусь‑1

    Большая частка сюжэтнай лініі ў фільме будуецца на гісторыі настаўніцы са Шклова, 37-гадовай Юліі. Яна скардзіцца, што ў эміграцыю паехала за мужам, які пабаяўся палітычнага пераследу. Жанчына ж не хацела нікуды з’язджаць, яе ўсё задавальняла, але пабаялася, што муж забярэ з сабой дзяцей, таму паехала разам з ім. Юлія прызнаецца, што гэта было памылкай, і шлях, і жыццё бежанкі апынуліся цяжкімі.

    Падобна да таго, што яе адзіную здымалі ў Беларусі, бо Юлія па выніку вярнулася на радзіму з дзецьмі. Большая частка тых герояў фільма, каго здымалі за мяжой і з кім паспела пагутарыць «Наша Ніва», сцвярджаюць, што яны сталі ўдзельнікамі кіно не па сваёй волі.

    Як жа здымаўся фільм?

    Як расказала «Нашай Ніве» адна з гераінь відэа, да яе звярнулася знаёмая з просьбай паўдзельнічаць у здымках відэа для Офіса Святланы Ціханоўскай — гэта павінна было быць інтэрв’ю для ўнутранага карыстання, каб паказаць патэнцыйным донарам патрэбы людзей, якія на гэтым момант апынуліся ў цяжкім матэрыяльным становішчы. Здымка адбылася яшчэ ў кастрычніку 2024 года.

    «Інтэрв’ю было патрэбнае, каб пасля мне аказалі фінансавую дапамогу. Для відэа спецыяльна шукалі кейсы людзей, якім патрэбная гэтая дапамога. Папрасілі быць шчырай і расказаць пра ўсе праблемы. Але мне сказалі, што гэта будзе ананімна».

    Ніякай дапамогі жанчына так і не атрымала, і цяпер разумее чаму.

    Тое, што яны зняліся менавіта для фільма БТ, стала шокам і для іншых герояў стужкі. Яны даведаліся пра прэм’еру ад журналістаў «Нашай Нівы»:

    «Для БТ мы б не здымаліся і пад дулам пісталета», «Мы не падазравалі, што гэта будзе для прапаганды».

    Цяпер удзельнікі фільма спрабуюць высветліць, на якім этапе адбыўся зліў матэрыялаў. Аператарка, якая запісвала герояў, паабяцала пракаментаваць сітуацыю «Нашай Ніве» пасля поўнага ўнутранага разбіральніцтва:

    «Мы імкнемся абмеркаваць усё з кожным чалавекам, звязаным з гэтай сітуацыяй. Мы шакаваныя тым, што адбылося, ніяк такога не чакалі. Нам неабходны час».

    Па версіі аднаго з герояў відэа, уцечка магла адбыцца на этапе замовы. Людзям казалі, што відэа заказаў нібыта прадстаўнік Офіса — загадкавы рэжысёр ці рэдактар, — але, відаць, яго асоба не была ніякім чынам пацверджаная.

    На БТ падманам знялі фільм Чужое неба пра беларусаў у эміграцыі

    Аляксей Марцінёнак, аўтар «Чужога неба»

    Ціханоўская: Мы ніколі не будзем рызыкаваць людзьмі

    Офіс Святланы Ціханоўскай пракаментаваў сітуацыю і назваў яе абуральнай. З допісу вынікае, што офіс не замаўляў гэтыя здымкі.

    «Тое, што адбываецца, – абуральна, — гаворыцца ў афіцыйным тэлеграм-канале Святланы Ціханоўскай. — Выкарыстоўваць людзей ва ўразлівым стане, якія даверыліся знаёмым ці «журналістам» у спадзяванні атрымаць дапамогу, і ператварыць іх гісторыі ў інструмент прапаганды – гэта чарговае сведчанне таго, што рэжым абыякавы да чалавечага жыцця. Людзі, якія апынуліся ў цяжкіх умовах менавіта з‑за рэжыму, заслугоўваюць падтрымкі і разумення, а не выкарыстання для «карцінкі» пра тое, як «дрэнна» ўцекачам.

    Цяжка ўявіць, што адчулі героі гэтага фільма, калі пабачылі, што іх словы, якія запісваліся нібыта для атрымання падтрымкі, апынуліся на экране дзяржаўнага тэлебачання.

    Некаторыя героі кажуць, што здымкі вяліся нібыта ад імя Офіса Святланы Ціханоўскай. Але мы ніколі не будзем рызыкаваць людзьмі. Усе ініцыятывы, якія ідуць ад нашага Офіса або пры нашым садзейнічанні, абавязкова прытрымліваюцца ўсіх прынцыпаў бяспекі: мая каманда не згадвае імёны без згоды і не дзеліцца ні з кім вашымі персанальнымі дадзенымі».

    Муж галоўнай гераіні фільма загінуў у лагеры уцекачоў

    Як паведаміў Андрэй Стрыжак, цела Станіслава Брыкіна — мужа галоўнай гераіні стужкі «Чужое неба» Юліі — знайшлі 4 сакавіка 2025 года ў лагеры для ўцекачоў у літоўскім Падброддзі. Асноўная версія следства — самагубства. Стрыжак выказвае меркаванне, што дзеянні прапагандыстаў маглі б аказаць уплыў на эмацыйны стан Станіслава, калі б ён ведаў пра фільм.

    Сям’я Брыкіных эмігравала у 2022 годзе — пасля таго як Станіславу Брыкіну стаў пагражаць палітычны крымінальны пераслед. У 2020‑м ён, работнік «Белтэлекама», далучыўся да забастоўкі. Таксама неаднаразова ўдзельнічаў у пратэстах.

    Сям’я спрабавала уладкавацца ў Германіі, аднак па Дублінскім пагадненні Станіслаў апынуўся ў літоўскім лагеры для ўцекачоў, а Юлія з дзецьмі вярнулася ў Беларусь.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці