На БТ паказалі палітзняволенага журналіста «Радыё Свабода» Андрэя Кузнечыка
Тэлеканал АНТ анансаваў новы прапагандысцкі фільм «пра супрацоўнікаў амерыканскага медыя». У анонсе былі кадры са зняволеным журналістам Андрэем Кузнечыкам, заўважыла «Наша Ніва».
Выданне мяркуе, што для запісу журналіста прывезлі з калоніі ў СІЗА КДБ.
Андрэя Кузнечыка затрымалі 25 лістапада 2021 года. У ягонай кватэры правялі ператрус і атрымалі доступ да тэхнікі журналіста. На выпадак затрымання Андрэй пакінуў свайму сябру адкрыты ліст, які належала апублікаваць, калі гэта здарыцца:
«Я з 13 гадоў жыву беларушчынай, паступіў на філфак дзеля яе, жыў і працаваў з арыентацыяй на яе, цяпер мне за 40, але справа не ў тым, што позна пачынаць з нуля, справа ў тым, што я не хачу збочваць з сцежкі працы на карысць беларушчыны. У цяперашніх умовах мне здаецца меншай пакутай адбыць у вязніцы прыдуманы тэрмін, чым развітацца з радзімай на няпэўны (аж да скону) час (хоць тут я магу фатальна памыляцца ў тым, наколькі далёка могуць зайсці рэпрэсіі)».
Пасля затрымання Андрэя Кузнечыка двойчы судзілі па адміністрацыйных справах, але з‑за кратаў па адбыцці арыштаў ён так і не выйшаў. 23 снежня 2021 года сваякам Андрэя паведамілі, што на яго завялі крымінальную справу, і што яго перавялі ў СІЗА‑1 на вуліцы Валадарскага.
Праз паўгода журналіста-фрылансера асудзілі паводле артыкула 361–1 Крымінальнага кодэкса — «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім». Суддзя Магілёўскага абласнога суда Ігар Шведаў прызначыў яму 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.