Мы ўжо ў новым 1937‑м? На які ўзровень выйшлі рэпрэсіі ў Беларусі
Толькі з пачатку 2025 года да пачатку верасня па памілаванні былі вызваленыя 170 беларусаў, а прызнаныя палітвязнямі — 283. Пад пераслед трапляюць цэлымі сем’ямі, ва ўсіх рэгіёнах, дзеянні салідарнасці абвяшчаюць «злачынствамі» заднім чыслом.
Праз пяць год пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў і масавых пратэстаў у Беларусі ніводны з бакоў не перагарнуў старонку. Беларусы па ўсім свеце працягваюць выступаць супраць дыктатуры. Рэжым працягвае пераследаваць, саджаць і выціскаць з краіны сваіх апанентаў.
Сярод нашых страт — беларусы, забітыя падчас пратэстаў 2020 года, загінулыя ў турмах, даведзеныя пераследам да самагубства, закатаваныя ў няволі і выпушчаныя, фактычна, паміраць. Гэты страшны спіс, на жаль, расце.
Як працягваецца «зачыстка» НГА — па звестках Lawtrend, за пяць год ліквідаваныя не меней 1950 арганізацый, замест якіх паўстаюць праўладныя ініцыятывы і рухі.
Як працягваюцца і рэпрэсіі: толькі з пачатку 2025 года да пачатку верасня па памілаванні былі вызваленыя 170 беларусаў, а прызнаныя палітвязнямі — 283. Пад пераслед трапляюць цэлымі сем’ямі, ва ўсіх рэгіёнах, дзеянні салідарнасці абвяшчаюць «злачынствамі» заднім чыслом.
Праваабаронца «Вясны», былы палітвязень Андрэй Чапюк зазначыў на канферэнцыі АБСЕ па чалавечым вымярэнні:
Ствараецца ілюзія, быццам у краіне адбываецца нейкае паслабленне, але насамрэч заканадаўства толькі становіцца больш жорсткім, а колькасць затрыманняў расце.
Так што гэта, калі не дзяржаўны тэрор, і на якім узроўні сёння палітычны пераслед у Беларусі — рэпрэсіі параўнальныя з 1937‑м ці нават перасягнулі яго? «Салідарнасць» пагутарыла на гэты конт з былымі палітвязнямі, праваабаронцамі і прадстаўнікамі грамадскасці.
Як мацаваўся рэжым
Кіраўнік юрыдычнай службы БАЖ Алег Агееў — пра цяперашні ўзровень рэпрэсій у Беларусі і «рэкорд» ціску на свабоду слова.

Намеснік старшыні БАЖ Алег Агееў распавядае пра пераслед беларускіх журналістаў. 2 траўня 2025 года, Вільня. Фота: БАЖ
— Каб ацаніць маштаб рэпрэсій, трэба вызначацца з сістэмай каардынат, — кажа «Салідарнасці» намеснік старшыні БАЖ, кіраўнік юрыдычнай службы Алег Агееў. — У 1937‑м у Еўропе можна было казаць пра рэпрэсіі, што ладзіліся ў Савецкім Саюзе і ў нацысцкай Германіі. І для адэкватнага параўнання памераў, як мне падаецца з гледзішча гісторыка-аматара, трэба супастаўляць лічбы: колькасць насельніцтва і колькасць людзей, якія трапілі пад рэпрэсіі. Хоць дакладнай статыстыкі, натуральна, дагэтуль няма.
Але што можна сказаць дакладна: за 30 год праўлення Лукашэнкі палітычныя рэпрэсіі сталі адным са звыклых інструментаў уладаў.
Пераслед адбываўся хвалямі, з большай ці меншай інтэнсіўнасцю. Так, у гісторыі незалежнай Беларусі амаль перад на ўсе прэзідэнцкія выбары пачыналіся рэпрэсіі, потым яны ішлі на спад, было прымірэнне, памілаванні, некалькі год больш спакойнага жыцця — і чарговыя выбары, зноў хваля рэпрэсій.
І гэта паказальна: як на тэрыторыі адной краіны, цягам дзеяння аднаго рэжыму ўлада ставілася да сваіх абавязкаў, да сваіх грамадзян, да нарошчвання сілавога апарату.
Беларусь, калі не памыляюся, засакрэціла звесткі аб колькасці сілавікоў у 2016 годзе, сёння ў адкрытым доступе такіх звестак не знайсці. Але ўсё гэта сведчанні, што рэжым рыхтаваўся, узмацняў шэрагі сваіх катаў і паслугачоў, якіх стымуляваў матэрыяльна, апрацоўваў ідэалагічна, гарантаваў ім беспакаранасць.
Сёння, працягвае Алег Агееў, узровень рэпрэсій у Беларусі дакладна большы, чым дзе ў Еўропе. І калі па ўзроўні жорсткасці, якасна рэжым Лукашэнкі не перагнаў нацысцкае гестапа і сталінскі НКУС, то колькасна, параўноўваючы адкрытыя звесткі, «можна асцярожна сказаць, што лічбы параўнальныя».
Арыфметыка жахлівая. У СССР падчас «Вялікага тэрору» 1937–38 гадоў, па розных звестках, былі арыштаваныя ад 1,548 да больш чым 1,7 мільёна чалавек. Гэта каля 0,95–1,05% ад афіцыйна зарэгістраванай тады колькасці насельніцтва (больш як 162 мільёны чалавек).
У Беларусі пасля 2020 года зафіксавана больш 100 тысяч фактаў рэпрэсій (аб’яднанне былых сілавікоў BELPOL называе лічбу ў паўмільёна чалавек). То бок, пад рэпрэсіі трапіла ўжо сама меней 1,06% несельніцтва Беларусі (9,38 мільёна чалавек на 2020 год).
«Аніводны з дыктатараў не пераследуе медыя больш за Лукашэнку»
Яшчэ адно яскравае сведчанне маштабаў рэпрэсій — пераслед незалежных медыяў, журналістаў, блогераў, літаральная зачыстка пад нуль інфармацыйнага поля.
На сёння ў так званым рэспубліканскім «спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў», які складае Мінінфарм, — 1846 старонак, і спіс кніг, відэаролікаў, друкаваных і інтэрнет-выданняў, старонак у сацсетках, якія ўлада прызнае «экстрэмісцкімі, папаўняецца штотыдня.
За ўсю гісторыю незалежнай Беларусі, адзначае суразмоўца «Салідарнасці», такога пераследу медыйшчыкаў, як сёння, не было.

Праект БАЖ «Журналісты: бязгучны рэжым» у Варшаве. 9 жніўня 2025 года. Фота: Глафіра Жук
— Маніторынг БАЖ паказвае, што за ўвесь тэрмін праўлення рэжыму Лукашэнкі масавыя рэпрэсіі ў дачыненні медыяў і асабіста журналістаў выйшлі на пікавы ўзровень прыканцы 2020-пачатку 2021 года.
У рэйтынгах, якія складаюць міжнародныя журналісцкія арганізацыі, два гады запар бачна: па колькасці журналістаў на душу насельніцтва за кратамі Лукашэнка больш, чым хто ў свеце, рэпрэсуе медыі.
«Апярэджваюць» Беларусь у гэтым рэпрэсіўным спісе толькі Кітай і М’янма. Яшчэ ў 2024 годзе дадаўся Ізраіль, але хутчэй з кан’юнктурных прычын (пачалі лічыць зняволеных палестынцаў, якіх лічаць журналістамі). А калі паглядзець на колькасць насельніцтва і М’янмы, і Кітая — аніводны з дыктатараў не пераследуе медыя больш за Лукашэнку.
Нашыя сябры і калегі фактычна за сваю журналісцкую дзейнасць падпадаюць пад адвольныя затрыманні, несправядлівыя суды. Амаль кожны трэці сутыкнуўся з катаваннямі. Проста цяпер у зняволенні 29 супрацоўнікаў медыя.
Увесь свет ведае, што ва Украіне зараз адбываецца вайна, гінуць тысячы людзей, вайскоўцаў і цывільных грамадзян, — лічбы забітых і пацярпелых жудасныя. Але побач з гэтай вялікай вайной ідзе тэрор уласнага насельніцтва. Менавіта так, на мой погляд, трэба казаць пра сітуацыю ў Беларусі.
Бо рэпрэсіі выйшлі на ўзровень дзяржаўнага тэрору, затрыманні, суды, пакаранні рэжым выкарыстоўвае для стварэння атмасферы страху, які пануе ў грамадстве.
