Ад Віцебска да лагера ўцекачоў у Франкфурце: на YouTube выйшла дакументальная стужка пра фатографа Алеся Пілецкага
Інстытут еўрапейскай палітыкі — Institut für Europäische Politik e.V. (IEP) — выклаў на сваім YouTube-канале першую частку дакументальнага праекта прадзюсараў Марыі Савушкінай і Андрэя Каралевіча VisiBYlity. У стужцы расказваецца пра беларускага фатографа Алеся Пілецкага і ягоны шлях з Віцебска да лагера ўцекачоў у Франкфурце.

Алесь Пілецкі. Скрыншот відэа
Дакументальны трыпціх VisiBYlity распавядае пра людзей, якія пакінулі Беларусь пасля дэманстрацый супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе і наступных рэпрэсій і зараз жывуць у выгнанні ў Германіі. У цэнтры ўвагі рэжысёра апынуліся паэт Дзмітрый Строцаў, лінгвіст Марына Антанюк-Праўто і віцебскі фатограф Алесь Пілецкі.
Спадар Алесь стаў мішэнню беларускіх уладаў з‑за сваіх рэпартажаў і ў выніку вырашыў з’ехаць ва Украіну. Пасля пачатку расейскай захопніцкай вайны ён папрасіў прытулку ў Германіі і арганізаваў выезд жонкі і дваіх дзяцей з Беларусі.
Прадюсары дакументальнай стужкі — Марыя Савушкіна і Андрэй Каралевіч. Аператар — Аляксей Кузняцоў.
Інстытут еўрапейскай палітыкі заснаваны ў 1959 годзе. Яго дзейнасць накіраваная на даследванне тэмы еўрапейскай палітыкі і інтэграцыі і ўвасабленне іх у практычную рэалізацыю. IEP з’яўляецца некамерцыйнай арганізацыяй і адным з вядучых даследчых інстытутаў знешняй і еўрапейскай палітыкі ў Федэратыўнай Рэспубліцы Германія.
