На журналіста Уладзіміра Лапцэвіча склалі адразу 7 пратаколаў аб адміністрацыйным правапарушэнні
Супрацоўнікі Ленінскага РАУС Магілёва склалі на Уладзіміра Лапцэвіча 7 асобных пратаколаў за кожны матэрыял, які быў апублікаваны ў тыднёвіку беларусаў Польшчы “Ніва” за апошнія два месяцы. Магілёўскія падаткавікі прадаставілі супрацоўнікам міліцыі копіі падаткавых дэкларацый і іншых дакументаў.
Журналіст Уладзімір Лапцэвіч наведаў Ленінскі РАУС, каб даведацца, ці будзе ў адносінах да яго распачаты адміністрацыйны працэс. Як аказалася, ён ужо пачаўся.
Маёр Яўген Слаўнікаў азнаёміў Уладзіміра Лапцэвіча з матэрыяламі справы аб адміністрацыйным правапарушэнні і са складзенымі ў адносінах да яго 7 пратаколамі аб адміністрацыйным правапарушэнні.
Журналіста абвінавачваюць па ч. 2. арт.22.9 КаАП за незаконны выраб прадукцыі СМІ.
“У кожным пратаколе я зрабіў запіс, што “Прадукцыю СМІ я не вырабляў. Гэтым займаецца рэдакцыя СМІ, а не пазаштатны аўтар. Пасля гэтага падпісаў пратаколы”, — распавёў Уладзімір Лапцэвіч.
Па словах Лапцэвіча, з матэрыялаў справы высветлілася, што яна была распачатая яшчэ 5 траўня, аднак яе прыпынілі з‑за адсутнасці доказаў. І тут на дапамогу міліцыі прыйшла інспекцыя №2 МПЗ па Ленінскаму раёну г. Магілёва. Магілёўскія падаткавікі прадаставілі супрацоўнікам міліцыі копіі падаткавых дэкларацый і іншых дакументаў Лапцэвіча.
У міліцыі палічылі, што гэтага дастаткова, каб заявіць пра існаванне працоўных адносін паміж Лапцэвічам і “Нівай”.
Таксама Лапцэвіча вельмі ўразіў “пратакол агляду месца прававапарушэння”, складзены супрацоўнікамі Ленінскага РАУС. Такім месцам правапарушэння міліцыянеры палічылі старонкі штотыднёвіка “Ніва” ў інтэрнэце. Свае подпісы пад гэтым пратаколам паставілі Яўген Слаўнікаў, а таксама міліцыянеры Загорскі і Ваньковіч.
“Па сутнасці, гэта пакаранне за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ”, — кажа Лапцэвіч.
Ініцыявала ўзбуджэнне адміністрацыйнай справы ў адносінах да Уладзіміра Лапцэвіча УУС Магілёўскага аблвыканкама. Пакуль журналісту не паведамілі, калі яго справа будзе разглядацца ў судзе, але ён чакае, што разгляд будзе ўжо хутка.
Магілёўскія журналісты лічаць, што гэта адміністрацыйная справа — своеасаблівая помста спадару Лапцэвічу за яго актыўную пазіцыю па прадухіленню парушэнняў заканадаўства ў адносінах да журналістаў з боку магілёўскіх чыноўнікаў і супрацоўнікаў міліцыі.