На журналістаў з Глыбокага Таццяну Смоткіну і Змітра Лупача склалі чарговыя пратаколы
Незалежных журналістаў выклікалі ў Докшыцкі РАУС, дзе капітан міліцыі Андрэй Юргель склаў на іх адміністрацыйныя пратаколы. Журналістам зноў інкрымінуюць парушэнне артыкула 36 “Закона аб СМІ”, за якое міліцыянты прадугледжваюць адказнасць па частцы 2 артыкула 22.9 КаАП.
Падставай для прыцягнення да адказнасці Таццяны Смоткінай стаў матэрыял на сайце “Беларускага Радыё Рацыя” “Вываз смецця – паслуга абавязковая”. У ім гаворыцца пра праблемы інваліда-пенсіянера Аляксандра Крупскага з Крулеўшчыны Докшыцкага раёна з аплатай за вываз смецця, а таксама пра заключэнне і скасаванне дамоваў і інфармаванне насельніцтва на гэты конт.
Змітра Лупача вінавацяць у вырабе матэрыялу на тую ж тэматыку для спадарожнікавага тэлеканала “Белсат” “Вяскоўцы аддаюць па 60 рублёў за вываз смецця – і нават не свайго”. У сюжэце незадаволеныя людзі з вёскі Варганы Докшыцкага раёна распавядаюць пра налічэнне вялікіх сум за вываз смецця і парадак яго вывазу.
Дарэчы, Аляксандр Крупскі тэлефанаваў журналістцы і дзякаваў за вырашэнне яго праблемы – цяпер за вываз смецця ён будзе плаціць у месяц толькі 56 капеек. Міліцыянтам Крупскі сказаў, што да журналістаў не мае прэтэнзій, бо яны робяць добрую справу, дапамагаючы такім чынам простым людзям: “Калі б не незалежныя журналісты, мы так і заставаліся б сам-насам са сваімі праблемамі”.
Сёлета на Таццяну Смоткіну распачатая першая справа, на Змітра Лупача – ужо пятая. Журналістаў-фрылансераў судзяць за іх прафесійную дзейнасць амаль штогод.
Смоткіна і Лупач звярнуліся ў Камітэт па правах чалавека ААН наконт парушэння іх правоў Рэспублікай Беларусь. Таццяне Смоткінай прыйшоў ужо другі ліст з Жэневы, дзе тлумачыцца пазіцыя Беларусі па гэтай справе. Рашэнні Камітэт па правах чалавека прымае звычайна цягам пяці гадоў.
Штрафы журналістам па арт. 22.9 КаАП (табліца, абнаўляецца)