На Змітра Лупача завялі новую справу за працу без акрэдытацыі
На гэты раз яе ініцыяваў Шаркоўшчынскі раённы аддзел унутраных спраў. Глыбоцкага журналіста-фрылансера выклікаў позвай старшы інспектар аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі Шаркоўшчынскага РАУС Андрэй Курэц.
Журналіста вінавацяць у тым, што 27 лютага ён узяў інтэрв’ю ў двух шаркаўшчан, якое потым было размешчанае на сайце тэлеканала “Белсат”. Шаркоўшчынская міліцыя лічыць, што такім чынам ён парушыў артыкул 36 “Закона аб СМІ” і прыцягвае яго да адказнасці па частцы 2 артыкула 22.9 КаАП.
Зміцер Лупач не згодны з абвінавачаннямі. У міліцыі ён спаслаўся на артыкул 27 Канстытуцыі Беларусі, які дазваляе не даваць сведчанняў супраць сябе. Як напісаў журналіст у пратаколе, тлумачэнні ён будзе даваць у судзе, калі той адбудзецца.
Праз некалькі дзён Змітру Лупачу прыйшла позва і з Глыбоцкага РАУС. На яго склалі пратакол за парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў (ч. 1 арт. 23.34 КаАП). Нагодай стаў бел-чырвона-белы сцяг, які трымаў у руках журналіст падчас ускладання кветак да помніка дзеячаў беларускага руху ў Дзень Волі.