• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Надзея Шнаркевіч — рэдактарка першага незалежнага часопіса для беларусак

    Пра яе часта кажуць, што яна была жонкай Язэпа Шнаркевіча — чалавека, які стаяў ля вытокаў беларускага школьніцтва. Пры гэтым забываюцца: сама Надзея была яскравай прадстаўніцай асветніцтва і фемінізму ХХ стагоддзя, рэдагавала першы незалежны часопіс для беларускіх жанчын.

      Надзея Шнаркевіч

    Надзея Шнаркевіч. Фота: архіў Віленскага беларускага музея

    На адукацыйнай платформе «Васьміног» выйшаў навучальны курс пра дзесяць малавядомых беларускіх жанчын ХІХ—ХХ стагоддзяў. Яны зрабілі значны ўплыў на развіццё культуры, навукі і іншых сфераў дзейнасці ў Беларусі, аднак цяпер малавядомыя шырокай аўдыторыі. Разам са стваральніцай курса Лікай Юр’евай Budzma.org распавядае пра гэтых жанчын.

    Першы крок — школьніцтва

    Надзея нарадзілася ў 1897 годзе ў Брэсце. Яе бацька памёр, калі дзяўчынцы было 7 гадоў, таму сям’я вымушаная была пераехаць спачатку ў вёску Вострава Кобрынскага павета, а затым — у Пружаны. Там Надзея скончыла спачатку прыватную жаночую гімназію, а затым — Вышэйшую пачатковую педагагічную школу. Відавочна, дзяўчынку з дзяцінства цягнула да асветы — потым гэта будзе заўважна ў кожным яе дзеянні.

    Адвучыўшыся, Надзея пачала працаваць настаўніцай. Палову года выкладала ў вёсцы сельскім дзецям, а другую — настаўнічала ў царкоўна-прыхадской школе. Там дзяцей вучылі таму ж, чаму і ў звычайных школах, аднак сярод прадметаў таксама былі і рэлігійныя. Надзея заспела і Першую сусветную вайну: ненадоўга з’ехала ў Сызрань, але пасля вярнулася ў Пружаны — зноў настаўнічаць. 

    Праз некалькі гадоў яна пераехала ў Вільню, дзе пачалося яе новае жыццё. Спачатку яна загадвала дзіцячым прытулкам пры Віленскай гімназіі, што месціўся ў Базыльянскіх мурах. Тут выхоўвалася шмат дзетак, што засталіся без бацькоў пасля вайны. Надзею Маркаўну ўзгадваюць як «вельмі слаўную кабету, а таксама свядомую беларуску», якая «…пакінула па сабе добрую, шчырую, гуманную памяць… многа памагала рыхтавацца да экзамену па польскай мове, давала бясплатныя лекцыі-ўрокі… Жыла вельмі скромна, апрача стала і нейкага тапчанчыка нічога больш не было. Кожны з вучняў адчуваў яе скромнасць і апеку над дзецьмі».

    Спадарыня Надзея з мужам жылі ва ўласным доме ў Вільні каля рэчкі Віленкі. У іх быў вялікі сад і пчолы. Сваіх дзяцей не было, аднак яны ўзялі на выхаванне пляменніка Язэпа Шнаркевіча Янку Тулейку, які падчас нямецкай акупацыі вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі. 

    Першы жаночы часопіс для беларусак

    Апроч настаўніцкай працы Надзея шмат займалася грамадскай дзейнасцю. Яна брала ўдзел у стварэнні Беларускай жаночай арганізацыі імя Цёткі, а таксама стала рэдактаркай часопіса «Жаноцкая Справа», які выдаваўся гэтай арганізацыяй. Выданне стала першым незалежным беларускім жаночым часопісам. 

    Выданне імкнулася змагацца з непісьменнасцю жанчын — асабліва жыхарак вёсак і мястэчак, а таксама тлумачыла жанчынам, навошта ім патрэбная асвета, бо шмат хто не разумеў. У той жа час часопіс усведамляў асвету як шырокую з’яву. Таму і імкнуўся даваць жанчынам усялякага роду інфармацыю асветніцкага характару, якая закранала б як пытанні гаспадаркі, побыту, так і гадавання дзяцей ды культурнага самаўдасканалення. Мэтавай аўдыторыяй былі збольшага сялянкі.

    Нягледзячы на тое, што часопіс шмат у чым быў апалітычным, у адным з нумароў Надзея Шнаркевіч заклікала жанчын актыўна ўдзельнічаць у галасаванні на выбарах у мясцовае самакіраванне і нават самім вылучацца ў кандыдаткі гарадскіх і павятовых радаў, дзе яны маглі б абараняць «агульныя беларускія і чыста жаноцкія справы». 

    Надзея Шнаркевіч

    Здымак Надзеі Маркаўны ў газеце «Рунь». Фота: архіў Віленскага беларускага музея

    Сёння дакладна невядома, якія менавіта матэрыялы пісала Надзея Маркаўна. Аднак даследчыкі ўпэўненыя, што гэта першыя палосы выдання: цудоўна аргументаваныя прамовы, у якіх пазнаецца аўтарскі стыль. Некаторыя з іх падпісаныя яе імем. Вось адзін з урыўкаў такой прамовы.

    «Калі мы зойдзем на вёсцы ў беларускую бібліотэку-чытальню, дык там мы спаткаем мужчын старэйшых, хлапцоў, але жанчына туды не заглядае. Так не павінна быць. Жанчына мусіць хадзіць у сваю беларускую бібліотэку-чытальню, мусіць чытаць беларускія газэты і часопісы, з якіх яна даведаецца, што робіцца на сьвеце, як жывуць людзі. З гэтай жа бібліотэкі яна павінна браць беларускія кніжкі і чытаць іх у вольную хвіліну ў хаце.

    Невялічкая веда, здабытая ў пачатковай школе, ды яшчэ й у чужой, не беларускай мове, адрывачная, няглыбокая і, застаючыся без паглыбленьня ў далейшыя часы, занікае, а часта і зусім гіне. Кожная з нас, жанчын, павінна старацца гэтую маленькую крупінку веды, здабытую ў школе, пашырыць, паглыбіць, разьвіць і ўпарадкаваць яе. Вось у гэтым выпадку найвялікшымі нашымі памочнікамі будуць нашыя беларускія кніжкі, часопісы і газэты.

    Я не хачу гэтым сказаць, што жанчына не павінна займацца хатнімі і гаспадарскімі справамі — не, гэта яе заданьне як маці, як гаспадыні й сям’і, дабрабыт якой залежыць ад умелага вядзеньня гаспадаркі. Але апрача гэтага яна павінна цікавіцца і займацца агульнаграмадзкай працаю.

    Грамадзкая ж яе праца не павінна выяўляцца толькі ў тым, як гэта часта ў нас даецца назіраць, што жанчына наша (і то не заўсёды) пойдзе падзівіцца на беларускі спэктакль, а яшчэ радзей сама бярэ ўдзел у гульні. Не, мы, беларускія жанчыны, так як і нашы сёстры ўсяго сьвету, мусім ва ўсіх галінах грамадзкага жыцьця стаць поплеч з мужчынаю, змагаючыся разам з ім за свае агульныя правы. Браць удзел у грамадзкім жыцьці — гэта значыць займацца агульнымі справамі, дбаць пра агульнае дабро, змагацца за лепшую долю маладога пакаленьня, за лепшую будучыню нашага народу.

    Вось, напрыклад, у вёсцы на ўсялякую сходку, скліканую солтысам ці койтам, жанчына мусіць ісьці абавязкова, выслухаць уважліва пра тую справу, аб якой там будзе гутарка, разважыць яе і падаць тую ці іншую сваю думку — раду. Мо яе першыя словы ня пойдуць зусім гладка, мо яна там спаткае насьмешкі з боку мужчын, але на гэта ня трэба зварочваць увагі, а сьмела выказваць тое, што яна лічыць добрым і адпаведным».

    Пачытаць выданне можна па спасылцы. Гісторыю Надзеі Шнаркевіч ды іншых выбітных беларусак можна паслухаць на Spo­ti­fy

    Хвароба, якую пераадолела беларушчына

    На жаль, апошнія 30 гадоў свайго жыцця спадарыня Шнаркевіч была прыкаваная да ложка і не магла хадзіць. Яе муж Язэп Канстанцінавіч даглядаў яе. Але пры гэтым жанчына захавала добрую памяць, цікавілася беларускімі справамі, апрацоўвала ўспаміны мужа, рыхтавала альбомы па гісторыі школьніцтва.

     Надзея Шнаркевіч

    Надзея — справа ўнізе. Вільня, 1947 год. Фота: архіў Віленскага беларускага музея

    Нягледзячы на слабое здароўе і язву страўніка, яна працягвала справу і цікавілася жыццём. Грунтоўнай крыніцай пра яе жыццё застаецца публікацыя Зоські Верас, якая апублікавала біяграфіі Надзеі і Язэпа Шнаркевічаў у 1977 годзе. Яна распавядала пра Надзею:

    «Хатняй гаспадаркай займацца ўжо няма сілы. Нарэшце, хвароба змушае злегчы. Але і тады ня кідае работы. Шые, гатуе, робіць гачыкам блюзкі, сукенкі, свэтры для ўсёй сваёй сям’і. Але ня толькі. Шмат чытае, перапісваецца з беларускімі дзеячамі, знаёмымі, урэшце сама бярэцца пісаць».

    У той час Надзея Маркаўна апрацавала ўспаміны мужа аб Нясвіжска-Клецкай гімназіі: яна звязалася з былымі вучнямі, здабыла фотаздымкі — і выдала альбом пра ўстанову. Пасля — клапацілася пра збор інфармацыі такога ж кшталту пра гісторыю Віленскай беларускай гімназіі, а затым — і Радашкаўскай беларускай гімназіі. Яна звязвалася з усімі, хто мог даць хоць нейкую інфармацыю: артыкулы, успаміны, фотаздымкі. Спадарыня Надзея гутарыла з былымі вучнямі і выкладчыкамі. Усё гэта Надзея Маркаўна рабіла лежачы. У той час праявы беларускага жыцця ў Вільні былі забаронены, але нават у гэтых умовах яна змагла прынамсі зберагчы гістарычную памяць.
    Спадарыня Надзея рупліва збірала ўсе драбнюткія звесткі, хаця гэта моцна адбівалася на яе стане здароўя. Яна пісала Зосьцы Верас, з якой яны разам збіралі гісторыю беларускага школьніцтва:

    «Мне гэтыя клопаты ніхто не накідае, я сама хапаюся за іх, бо і як жа жыць з пустым сэрцам? Да чаго ж давядзе такое абядненне духовае? Толькі ж гэтыя клопаты і даюць мне маральную сілу зносіць усе мае асабістыя цяжкасці. Імі жа, гэтымі клопатамі, жыву…»

    Лежачы, яна вялікімі намаганнямі зрабіла экспанат-ляльку ў палескай нацыянальнай вопратцы для Гудзевіцкага музея. Для гэтага яе знаёмая з Палесся даслала ёй даматканыя матэрыялы. Спрабавала нават пісаць у дзяржаўныя газеты пра тое, як неабходна апекавацца народнай мастацкай творчасцю, але ў газеце на дасланы артыкул не адказалі. Калі яна даведалася, што суседка Ксеня, што прыехала ў Вільню дзесяць гадоў таму, ведае ўвесь цыкл вясельных песняў і сама спявала на вяселлях ад дзяцінства, запісала словы. Сябры дапамаглі запісаць гук. Што з гэтымі матэрыяламі стала цяпер — невядома. 

    Віленская беларуска Галіна Войцік узгадвала: 

    «Першае ўражаньне, калі хто заходзіў у пакой, дзе ляжала п. Надзея, было непрыемнае: на фоне белай падушкі шэры, як попел, твар. На твары, здавалася, жылі толькі вочы. Але падчас гутаркі зь ёй забываўся ейны несамавіты выгляд — п. Надзея захавала ясны розум, добрую памяць, цікавасьць да жыцьця. Зь ёю можна было вельмі цікава пагаварыць».

    Яна рупілася пра беларускае школьніцтва на радзіме і хацела ўплываць на гэта — таму была радая гасцям-настаўнікам, што заязджалі да яе ў госці з Беларусі. 

    Памерла Надзея Маркаўна ў 1974 годзе, пахаваная на Свята-Ефрасіннеўскіх могілках у Вільні. Але ад яе ў нас засталася вялікая спадчына — якую варта шанаваць і захоўваць.

    Надзея Шнаркевіч

    Пахаванне Надзеі і яе мужа Язэпа ў Вільні. Фота: архіў Віленскага беларускага музея

    А што кажуць эксперты?

    Паслухайце, што пра Надзею Шнаркевіч распавядае літаратуразнаўца, літаратурны крытык, перакладчык і паэт Ціхан Чарнякевіч.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці