Аўстралійскі тэлежурналіст узяў удзел у Марафоне салідарнасці, падтрымаўшы Анджэя Пачобута
Марафон салідарнасці са зняволенымі журналістамі працягваецца. На гэты раз акцыю, ініцыяваную БАЖ, падтрымаў аўстралійскі журналіст Сціў Кэнан, які цяпер жыве ў Лондане. Ён узначальвае еўрапейскае бюро тэлеканала ABC.
– Анджэй Пачобут – адзін з 33 журналістаў, якія цяпер знаходзяцца за кратамі ў Беларусі – дыктатуры, якую падтрымлівае Пуцін у цэнтры Еўропы, – напісаў у Twitter (X) Сціў Кэнан. – Яму прысудзілі 8 гадоў пазбаўлення волі. Падтрымайце Беларускую асацыяцыю журналістаў.
На акаўнт журналіста, які раней быў карэспандэнтам тэлеканала, рэпарцёрам аддзела расследаванняў і тэлевядучым, падпісаныя больш за 28 тысяч чалавек.
Журналіст даволі добра ведае пра нашу сітуацыю. У красавіку 2023 года ён прыязджаў у Вільню, дзе сустракаўся з беларускімі палітыкамі і журналістамі. Пасля быў апублікаваны рэпартаж, у якім аўтар нагадвае, што Беларусь лічыцца самай небяспечнай краінай у Еўропе для супрацоўнікаў медыя.
У публікацыі Сціў Кэнан прыводзіць у прыклад гісторыю гродзенскай журналісткі Ірыны Новік, якая на сабе зазнала, што такое пераслед уладаў.
Нагадаем, Марафон салідарнасці з беларускімі палітзняволенымі рэпарцёрамі стартаваў у Вільні 3 траўня з сумеснай акцыі Беларускай асацыяцыі журналістаў і Саюза журналістаў Літвы.
Раней да акцыі далучыліся арганізацыі і фонды ў Германіі, Швецыі, Фінляндыі, Даніі ды іншых краінах. А таксама прыватныя асобы, напрыклад, рэжысёр з ЗША Эрні Барбараш.
БАЖ заклікае калег ва ўсім свеце падтрымаць акцыю салідарнасці!
Вы можаце раздрукаваць ПАРТРЭТЫ зняволеных калег, сфатаграфавацца з імі ў пазнавальных месцах вашага горада (не ў Беларусі) і апублікаваць у сацыяльных сетках з тэгамі #СвабодуЖурналістам і #BecauseTheJournalist, а таксама даслаць нам на адрасoffice@baj.media ці intercomm@baj.media .
#СвабодуЖурналістам
#BecauseTheJournalist
Чытайце яшчэ:
Рэжысёр з ЗША: «Вырашыў далучыцца да Марафону салідарнасці, каб падтрымаць Ларысу Шчыракову»
«Беларусы зноў пачнуць чытаць газеты, калі зразумеюць, што там пішуць праўду». Гутарка з Віктарам Марчуком
«Трымаемся праўды, трымаемся разам!» З Вільні стартаваў марафон салідарнасці са зняволенымі калегамі
