Надзея Белахвосцік: Выходзіць з крызісу, у якім аказаўся незалежны медыясектар, трэба не паасобку, а адзіным фронтам
Распрацоўшчыкі Кодэкса этыкі і пагаднення пра самарэгуляванне спадзяюцца, што дакументы аб’яднаюць незалежны медыясектар. Медыяасамблея ў перспектыве зможа займацца лабіраваннем інтарэсаў незалежнага медыясектара на міжнароднай арэне. Такую думку ў каментары сайту БАЖ выказала галоўная рэдактарка праекта Media IQ Надзея Белахвосцік.
Надзея Белахвосцік. Фота з асабістага архіва
Ці своечасова медыясупольнасць занялася этычнымі праблемамі і самарэгуляваннем, калі сектар перажывае не самыя добрыя часы? Да чаго прывядзе прыняцце Кодэкса прафесійнай этыкі беларускіх журналістаў і Пагаднення аб самарэгуляванні незалежнага беларускага медыясектара? БАЖ працягвае серыю дыскусій.
— Менавіта цяпер мне ўяўляецца вельмі важным працэс стварэння Медыяасамблеі, Кодэкса этыкі беларускіх журналістаў, — цэльнай сістэмы самарэгулявання медыясектара. Калі пра гэтую ідэю толькі-толькі загаварылі, то сітуацыя не была такой вострай. Сёння ж медыйны сектар перажывае сур’ёзны крызіс з‑за недахопу фінансавання. Як мне падаецца, выходзіць з такога глабальнага крызісу, як зараз, трэба не паасобку, а аб’яднаўшыся.
Важна прадэманстраваць таксама і на міжнарордным узроўні, што беларускія незалежныя медыі — гэта адзіная экасістэма, што ўсе рэдакцыі прытрымліваюцца этычных прынцыпаў. А стварэнне Медыяасамблеі проста пацвярджае, што сектар выходзіць на новы якасны ўзровень самарэгуляцыі. Гэта дазволіць нам вырашаць многія ўнутраныя праблемы супольна, і прадстаўляць сябе на міжнародным узроўні, і лабіраваць інтарэсы медыясектара.
Падрыхтоўка механізма самарэгуляцыі выйшла на фінальную стадыю. І мне хацелася б, каб максімальная колькасць рэдакцыяў (якія палічаць гэта патрэбным і важным для сябе) далучылася да працэсу.
— Іншыя, наадварот, кажуць, што час выбраны няўдала: пра якую этыку можна казаць, калі свет разбураецца прама на нашых вачах?
— Менавіта прафесійныя стандарты адрозніваюць журналістыку ад астатніх удзельнікаў інфармацыйнай палітыкі. Гэта вельмі важны аргумент на карысць таго, што неабходна захаваць незалежны медыясектар Беларусі. Мы апелюем якраз да каштоўнасцяў, якія падзяляюць незалежныя медыі, да прынцыпаў, паводле якіх яны працуюць, каб шчыра размаўляць са сваёй аўдыторыяй. Бо медыі павінны прытрымлівацца пэўных этычных прафесійных прынцыпаў, калі хочуць даверу з боку аўдыторыі.
Мы гаворым не пра пушкі і не пра музаў, а пра абсалютна прагматычныя рэчы.
— То-бок, праекты Кодэкса этыкі і пагаднення пра самарэгуляванне выступаюць, сярод іншага, у якасці аб’яднаўчага фактара ў незалежным медыясектары?
— Канешне, мы спадзяёмся, што гэтыя дакументы аб’яднаюць незалежны медыясектар.
Натуральна, асобныя палажэнні Кодэкса этыкі, якія выклікаюць сумневы ці пярэчанні, можна абмяркоўваць, дапрацоўваць і знаходзіць паразуменне па кожным спрэчным пытанні. Галоўнае, каб прафесійная супольнасць разумела, што сістэму самарэгуляцыі ствараюць менавіта яны (праз далучэнне да Кодэкса этыкі і пагаднення пра самарэгуляванне) і для сябе.
«Джэнтэльменскае пагадненне» для медыясектара: хто і на якіх умовах гатовы далучыцца?
Зразумела, гэта не надзорны і тым больш не карны орган, гэта сведчанне цяперашняга стану медысектара і яго гатоўнасці процістаяць новым выклікам і рызыкам.
Хаця сёння Медыяасамблея ствараецца ў прывязцы да Кодэкса этыкі і пагаднення пра самарэгуляванне, мне здаецца, яна можа выконваць і іншыя функцыі: аб’яднанне, лабіраванне, адстойванне супольных інтарэсаў. Гэта арганізацыя, якая дазволіць вырашаць многія праблемы і задачы.
Кодэкс этыкі, напэўна, першая базавая аснова Медыяасамблеі, але не адзіная. Усе рэдакцыі могуць дэлегаваць на перамовы, канферэнцыі, сустрэчы агульных прадстаўнікоў Медыяасамблеі, якія будуць адстойваць супольныя інтарэсы медыясектара.
Мне здаецца, Медыяасамблея можа выступаць ад імя ўсяго незалежнага медыясектара і прыдасць вагу на любых перамовах.
