Форум Астрожскіх выказаў салідарнасць са зняволенымі журналістамі ў Беларусі
Удзельнікі беларуска-ўкраінскага Форума Астрожскіх выказалі салідарнасць з беларускімі журналістамі, якія знаходзяцца за кратамі.

Удзельнікі Форума Астрожскіх выказалі салідарнасць са зняволенымі беларускімі медыйшчыкамі. Фота: БАЖ
Сёлета беларуска-ўкраінскі Форум Астрожскіх, які прысвечаны фармаванню дэмакратычнай і бяспечнай рэгіянальнай прасторы, праходзіць у Львове і Кіеве 11–15 лістапада.
Падчас панэлі, на якой абмяркоўвала сітуацыя ў медыях і праблемы камунікацыі, удзельнікі сталі з партрэтамі 28 зняволеных журналістак і журналістаў. Гэта другая ўжо акцыя салідарнасці: два гады таму ў Львове таксама згадвалі пра беларускіх медыйшчыкаў-палітвязняў.
Форум Астрожскіх арганізуюць беларускія і ўкраінскія арганізацыі: Рада знешняй палітыкі «Украінская прызма», Украінскі каталіцкі ўніверсітэт, Інстытут «Палітычная сфера», Free Belarus Center, Еўрапейскі дыялог і Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі пры падтрымцы Еўрапейскай камісіі, Konrad Adenauer Stiftung, Friedrich-Ebert-Stiftung (FES). Сёлета сустрэча экспертаў, аналітыкаў, палітыкаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці Беларусі і Украіны адбываецца ў чацвёрты раз.
«Марафон салідарнасці» — гэта кампанія БАЖ, якая пачалася ў траўні 2023 года з мэтай прыцягнуць увагу да катастрафічнай сітуацыі з незалежнымі медыямі і свабодай слова ў Беларусі. 52 акцыі ў 38 гарадах свету прайшлі за мінулыя гады на знак акцыі салідарнасці са зняволенымі беларускімі журналісткамі і журналістамі.
Да кампаніі далучыліся EFJ, IFJ, IFEX, Дацкі Хельсінскі камітэт, «Рэпарцёры без межаў», «Індэкс цэнзуры», Аўстралійскі Альянс медыя, забаў і мастацтваў, Шведскі ПЭН-цэнтр, саюзы журналістаў Літвы, Швецыі, Фінляндыі, прадстаўнікі Global Affairs Canada (міністэрства замежных спраў Канады) і Journalists for human rights («Журналісты за правы чалавека»), беларускія дыяспары з усяго свету.
БАЖ заклікае калег ва ўсім свеце падтрымаць акцыю салідарнасці! Вы можаце раздрукаваць партрэты зняволеных калег, сфатаграфавацца з імі ў пазнавальных месцах вашага горада (не ў Беларусі) і апублікаваць у сацыяльных сетках з тэгамі #СвабодуЖурналістам і #BecauseTheJournalist, а таксама даслаць нам на адрас office@baj.media ці intercomm@baj.media.
@bajmedia