• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    ГА «БАЖ» і FOJO падвялі вынікі супрацоўніцтва / Мінск, 10.10.2010 г.

     

    …і вырашылі яго працягваць.

    У нядзелю ў Мінску адбылася сустрэча выпускнікоў сумеснай праграмы БАЖ і шведскага Інстытуту павышэння кваліфікацыі журналістаў FOJO. Нагодай для сустрэчы амаль трох дзесяткаў беларускіх журналістаў з прадстаўнікамі FOJO стала заканчэнне чарговага этапу праграмы, які доўжыўся 3 гады.

     «Мы сабраліся сёння ў Мінску, каб даведацца, як вы ацэньваеце наша супрацоўніцтва, ці прыдаліся вам атрыманыя падчас семінараў і трэнінгаў веды, пачуць вашы заўвагі і прапановы наконт паляпшэння сумеснай адукацыйнай праграмы БАЖ і FOJO», — адзначыла ў пачатку сустрэчы менеджар па міжнародных праектах FOJO Агнета Сёдэрберг-Якабсан (Agne­ta Soder­berg Jacob­son).

    З 2007 па 2010 год у шведскім Кальмары, дзе знаходзіцца FOJO, а таксама ў Стакгольме адбылося 30 семінараў і трэнінгаў, удзел у якіх узялі 300 беларускіх журналістаў. Усяго ж за гады супрацоўніцтва з Беларуссю ў адукацыйных праграмах шведскага Інстытуту павышэння кваліфікацыі журналістаў паўдзельнічала амаль тысяча беларусаў.

    Семінары па фота- і радыё- і онлайн- журналістыцы, медыя-менеджменце, трэнінгі для беларускіх трэнераў, кансультацыі ў рэдакцыях незалежных выданняў — усіх мерапрыемстваў, якія адбываліся ў межах адукацыйнай праграмы, і не пералічыць.

     «Калі 13 гадоў таму мы ўпершыню сустракаліся ў Мінску з прадстаўнікамі БАЖ, здаецца, ніхто не думаў, што нядаўна створаная арганізацыя стане такой моцнай і ўплывовай, — падзялілася сваімі асабістымі ўражаннямі з беларусамі супрацоўніца Інстытуту FOJO Вольга Вале. — Зараз жа мы можам з гордасцю адзначыць, што і мы трохі спрычыніліся да станаўлення БАЖ як моцнай журналісцкай арганізацыі, якая прапагандуе міжнародныя журналісцкія стандарты і імкнецца да паляпшэння ўзроўню беларускай журналістыкі».

    Сумесная адукацыйная праграма БАЖ і FOJO скончыцца ўжо ў гэтым кастрычніку. Але супрацоўніцтва шведскага Інстытуту павышэння кваліфікацыі журналістаў і БАЖ на гэтым не спыніцца, лічаць абодва бакі.

    «Мы спадзяемся, што новы этап супрацоўніцтва, як і папярэдні, будзе ўлічваць адукацыйныя патрэбы беларускіх журналістаў», — выказаў пажаданне сябра Праўлення БАЖ Эдуард Мельнікаў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці