Надзея Белахвосцік: Медыясектар апынуўся ў экстрэмальнай сітуацыі, але не скаціўся ў барыкадную журналістыку
Ці своечасова медыясупольнасць занялася этычнымі праблемамі і самарэгуляваннем, калі многія медыі апынуліся на мяжы фізічнага выжывання? Да чаго прывядзе прыняцце Кодэкса прафесійнай этыкі беларускіх журналістаў і Пагаднення аб самарэгуляванні незалежнага беларускага медыясектара? БАЖ пагутарыў з галоўнай рэдактаркай праекта Media IQ Надзеяй Белахвосцік, якая ў складзе групы экспертаў і экспертак працавала над дакументамі.

Надзея Белахвосцік. Фота: Надзеі Бужан
Большасць журналісцкіх стандартаў выконваецца
— Як сёння выглядае сітуацыя з выкананнем журналісцкіх стандартаў ў беларускіх незалежных медыях? Вы, рэдактар спецыялізаванага сайта, які маніторыць СМІ, як ніхто лепш бачыце агульную карціну.
— Пасля рэлакацыі большасці незалежных медыяў з Беларусі, пасля прызнання іх «эстрэмісцкімі» ўзнікла небяспека, што яны зоймуцца барыкаднай журналістыкай. На шчасце, найгоршыя прагнозы не спраўдзіліся.
MediaIQ маніторыць сітуацыю ў незалежных СМІ з 2018 года, мы размяшчаем рэйтынгі на нашым сайце.
Таму з упэўненасцю магу казаць, што тыя выданні, якія мы аналізуем, збольшага прытрымліваюцца журналісцкіх стандартаў. І гэтая акалічнасць якраз і адрознівае незалежныя рэсурсы ад іншых кірункаў масмедыя: «новых медыяў», блогераў, інфлюэнсераў.
Канешне, у цяперашніх складаных умовах некаторыя стандарты парушаюцца. Але гэта аб’ектыўны працэс, які мы адсочваем і фіксуем як аб’ектыўную рэальнасць. Ананімныя героі, ананімныя эксперты, ананімныя тэксты — гэта парушэнне, але яно тлумачыцца важнай прычынай — захаваннем бяспекі аўтара, эксперта, героя.
Ці іншы выпадак: журналісты спрабуюць атрымаць каментары ад афіцыйных структур, называючы сябе не журналістамі, а грамадзянамі. Нібыта ёсць фармальнае парушэнне, але медыі звычайна тлумачаць сваёй аудыторыі, чаму пайшлі на такі крок. Галоўнае, каб інфармацыя была дакладная, правераная, каб яна не ўтрымлівала асабістага меркавання журналіста (мы маніторым інфармацыйныя жанры).
Калі ўлічыць умовы, у якіх сёння існуюць незалежныя СМІ, то сітуацыя выглядае няблага: большасць журналісцкіх стандартаў выконваецца.
Выклікі, з якімі сутыкнуліся незалежныя медыі
— Але калі ўзяліся за стандарты, значыць, складанасці ўсё ж ёсць. Давайце паспрабуем сфармуляваць найбольш вострыя праблемы, з якімі сутыкнулася журналісцкая супольнасць. Якія шляхі іх вырашэння вы бачыце?
— Існуе няпісанае правіла: пацвярджаць атрыманую інфармацыю ў дзвюх-трох крыніцах. Зараз гэтае правіла цяжка выканаць, але медыі ўсё роўна спрабуюць яго прытрымлівацца. Калі ж інфармацыя не пацвярджаецца, медыі прыносяць прабачэнні.
Прызнаць свае памылкі — гэта таксама важна.

Выява зроблена БАЖ пры дапамозе ChatGPT
Ананімнасць валодае здольнасцю разбурыць давер чытача, калі той не ведае, які аўтар пісаў тэкст, у якога эксперта журналіст браў каментар. Але крэдыт даверу, які незалежныя СМІ атрымалі за 20–30 гадоў сваёй працы ў Беларусі, пакуль дазваляе захоўваць давер чытачоў.
Медыі не заўсёды даюць чытачу «паўнату інфармацыі», то-бок не заўсёды пагружаюць у кантэкст той ці іншай падзеі, кажуць, нашы чытачы і так усё разумеюць, усё ведаюць. Але гэта істотна: менавіта кантэкст стварае каштоўнасць навіны, асабліва калі мы кажам пра палітычны пераслед, пра масавыя рэпрэсіі.
Пасля 2020 года прайшло ўжо пяць гадоў, падрасло новае пакаленне, якое не ведае, што тады адбылося, не ведае прычынна-выніковых сувязяў. Існуюць розныя шляхі запоўніць гэтыя прабелы: некаторыя медыі размяшчаюць падрыхтаваныя ўжо дысклэймеры, каб увесь час чытача вяртаць у кантэкст. Я ўпэўненая, праз 5–15 гадоў наша сённяшняя праца стане архіўнымі матэрыяламі, якія будуць вывучаць: што, чаму і як адбывалася. Бо проста напісаць, што чарговы інфармацыйны рэсурс прызнаны «экстрэмісцкім», значыць нічога не сказаць.
— Часта гучаць папрокі, што незалежныя медыі перадрукоўваюць адзін другога, часта «забываючыся» спаслацца на першакрыніцу інфармацыі. Ці распаўсюджаная гэтая з’ява ў незалежных медыях?
— Гэта ўжо сфера прафесійнай этыкі, не журналісцкіх стандартаў. Праблемы існавалі заўсёды, але медыям удавалася дамаўляцца паміж сабой: што можна браць, у якім выглядзе перадрукоўваць, як спасылацца на першакрыніцу.
Сёння медыйная экасістэма такая, што ніводная рэдакцыя не можа існаваць сама па сабе: у нас ёсць рэгіянальныя СМІ, ёсць вялікія нацыянальныя медыі. Канешне, вялікія СМІ могуць пазычыць інфармацыю ў рэгіянальных, якія знаходзяцца бліжэй да чытача, але тым самым яны садзейнічаюць больш шырокаму распаўсюду навіны.
На мой погляд, большасць рэдакцый імкнуцца прытрымлівацца этычных норм. А пасля рэлакацыі ўся наша супольнасць стала больш зладжанай, кантакты пашырыліся і сталі больш цеснымі. Мы размаўляем адно з другім і знаходзім агульную мову.
Калі няма законаў, медыясупольнасць пераходзіць да самарэгулявання
— Не да этыкі, калі вакол вайна — такое меркаванне гучыць досыць часта. Пасля 2020 года амаль уся незалежная беларуская журналістыка апынулася ў выгнанні, а фінансавыя праблемы фактычна паставілі многія незалежныя СМІ на мяжу выжывання. Чаму менавіта цяпер спатрэбілася выпрацоўваць новы Кодэкс этыкі і сістэму самарэгулявання? Ці час?
— Наадварот, журналісцкая этыка і прафесійныя стандарты неабходныя, каб захаваць незалежны медыясектар, паказаць адрозненні ад усіх іншых інфармацыйных патокаў, паказаць ягоныя каштоўнасці, каму ён служыць і чаму гэты сектар неабходна захаваць. Тое, што незалежны медыясектар прытрымліваецца этычнага кодэкса і журналісцкіх стандартаў — гэта аргумент на карысць ягонага існавання.
Не ва ўсіх дэмакратычных краінах існуюць кодэксы журналісцкай этыкі, бо ўсё рэгуляванне адбываецца праз законы. А так як у нас няма краіны і няма законаў, медыясупольнасць сама вырашыла абнавіць кодэкс.
Гэта тое, на што мы можам абапірацца ў нашай працы, каб пацвердзіць наш статус медыя, наш уплыў на грамадства, на палітыкаў. Самарэгуляванне неабходна менавіта ў крызісе.
Алег Агееў: Як толькі 20 выданняў далучацца да дакумента, пачнём ствараць Раду па медыяэтыцы
— Ці ўдалося ўлічыць інтарэсы ўсіх гульцоў медыясектара: і большых, і меншых — пры выпрацоўцы дакументаў?
— Мы стваралі кодэкс для журналістаў і для рэдакцый – для ўсіх. Мы скарысталіся вопытам краін, дзе аналагічныя кодэксы існуюць.
На самым пачатку мы аказаліся перад дылемай. Як ствараць кодэкс для ідэальных умоў, дзе медыі працуюць у цывілізаваных прававых рамках, калі мы самі апынуліся ў ненармальнай сітуацыі?
Таму мы спецыяльна выдзелілі курсівам раздзел пра «экстрэмальныя ўмовы»: мы прапісалі ўвесь наш экзайл, «экстрэмісцкія» статусы, адраванасць ад беларускай аўдыторыі — усе праблемы, з якімі сутыкаемся сёння.
Мы прапісалі, у якіх выпадках «эстрэмальныя ўмовы» ўплываюць на працу журналістаў і рэдакцый. Каб потым, калі мы вернемся ў Беларусь, калі медыі будуць працаваць, як ім належыць, усе артыкулы, выдзеленыя курсівам, мы проста выкрэслім — і застанецца класічны Кодэкс этыкі, якім ён і павінен быць у любой цывілізаванай краіне.
