Ненарматыўная лексіка ў медыях — гэта ўжо норма? Меркаванні калег і экспертаў
Чаму беларускія незалежныя СМІ ўжываюць у сваіх публікацыях нецэнзурную лексіку і ці варта з гэтым змагацца? БАЖ спытаў калег, што на гэты конт думаюць у іх рэдакцыях.

Выява зроблена БАЖ пры дапамозе ChatGPT
Ці своечасова медыясупольнасць занялася этычнымі праблемамі і самарэгуляваннем, калі сектар перажывае не самыя добрыя часы? Да чаго прывядзе прыняцце Кодэкса прафесійнай этыкі беларускіх журналістаў і Пагаднення аб самарэгуляванні незалежнага беларускага медыясектара? БАЖ працягвае серыю дыскусій.
«Свабода слова і права на доступ да праўдзівай інфармацыі з’яўляюцца ключавымі прынцыпамі дэмакратычнага грамадства», — гаворыцца ў прэамбуле Кодэкса прафесійнай этыкі беларускіх журналістаў.
Але часам свабода слова можа трактавацца занадта вольна — і на старонкі выданняў пачынае вылівацца тое, што яшчэ нядаўна лічылася непрыстойным. Напрыклад, часта прадметам прафесійных спрэчак станавілася шырокае выкарыстанне мацюкоў. Загалоўкі медыя стракацяць «моцнымі» слоўцамі, у цытаты выносяцца самыя рэзкія выказванні, якія нават не хаваюць за шматкроп’ямі.
Ці павінна гэта таксама неяк рэгулявацца? Ці варта лічыць мацерныя словы «дакладнай цытатай»? Ці не ўспрымаюць чытачы гэта як абразу? А можа наадварот, трэба нармалізаваць ненарматыўную лексіку — усё ж такі яна з’яўляецца часткай мовы, хай сабе і нелітаратурнай?
Унутраныя правілы рэдакцый
Наста Роўда, дырэктарка «Нашай Нівы», не лічыць, што прыйшоў час ставіць знак «роўна» паміж ненарматыўнай і літаратурнай лексікай.
— Нармалізаваць не трэба, гэта мусіць вызначацца ў межах рэдакцыйнай палітыкі кожнага выдання.
У «Нашай Ніве» мы можам выкарыстоўваць у межах цытат, калі гэта апраўдана. Пры гэтым мы цэнзуруем такую лексіку зорачкамі.
Пра выключныя выпадкі ўжывання мата на старонках сайта гаворыць і сузаснавальнік «Бюро Медыя» Аляксандр Ярашэвіч:
— Мы рэдка выкарыстоўваем ненарматыўную лексіку. Звычайна ў цытатах нашых суразмоўцаў, каб паказаць іх эмацыйны стан падчас інтэрв’ю і падкрэсліць іх культуру зносін з людзьмі.
У «Люстэрка» прапісаныя ўнутраныя правілы рэдакцыі, якія рэгулююць абгрунтаванае ўжыванне матаў у загалоўках (але гэтае правіла прымяняльна і для тэкстаў агулам).
Член праўлення Аляксандра Пушкіна прывяла такія прыклады:
- Маты ўжываюцца ў цытатах, якія належыць прадстаўнікам улады ці дзяржавы (напрыклад, сілавікам ці чыноўнікам) і дэманструюць іх адносіны да грамадства — прычым гаворка неабавязкова ідзе пра прадстаўнікоў Беларусі.
- Калі гэта цытаты любых людзей (як вядомых, так і не) пра нешараговыя падзеі, якія шакуюць і выбіваюцца з агульнага шэрагу.
- Калі лаянка ў цытаце і з’яўляеца прадметам навіны.
«Люстэрка» не выкарыстоўвае маты ў трох выпадках:
- Калі гэта лаянка — выклічнік (у такім выпадку яго проста прыбіраюць).
- Калі мат утрымліваецца ў цытаце шэраговага каментатара з інтэрнэта.
- Калі гэта выказаная лаянкай эмацыйная цытата пра шэраговую падзею, якую можна без праблем прыбраць і пры гэтым не згубіць сэнс (напрыклад, мацерныя цытаты субяседнікаў пра трагедыі на вайне дапушчальныя, пра будзёныя бытавыя пытанні — не).
«Што на беларускі слых кладзецца брутальна, палякамі ўспрымаецца як норма»
Галоўная рэдактарка праекта Media IQ Надзея Белахвосцік змяніла сваё яшчэ нядаўна адмоўнае стаўленне да ненарматыўнай лексікі на больш цярпімае.

Надзея Белахвосцік. Фота: Надзеі Бужан
— Некалі я выступала катэгарычна супраць выкарыстання ненарматыўнай лексікі ў беларускіх медыях.
Цяпер я б разглядала кожны выпадак, кожнае з’яўленне мацерных слоў на старонках медыяў асобна: якія мэты пераследуюць ненарматыўныя словы, ці арганічна яны ўпісваюцца ў тэкст. Часы мяняюцца, адпаведна, мяняецца і мова: бываюць такія драматычныя гісторыі, калі дадатковая экспрэсія, створаная такой лексікай, кладзецца на тэкст вельмі арганічна і без яе матэрыял глядзіцца проста няпоўным.
Зазначу, у Кодэксе журналісцкай этыкі тэма выкарыстання ненарматыўнай лексікі ніяк не прапісаная.
І прывяду прыклад з жыцця. Я цяпер жыву ў Польшчы і бачу, што польская мова «нармалізавала» ўсе брудныя словы, перапрацавала, ператварыла іх у частку літаратурнай. Тое, што на беларускі слых кладзецца брутальна, палякамі ўспрымаецца як норма. Мясцовыя не рэагуюць на такія выказванні настолькі востра, як мы.
Але я б не злоўжывала ненарматыўнай лексікай. Яе варта выкарыстоўваць толькі тады, калі яна дадае нешта новае ў эмацыйную афарбоўку, калі без яе тэкст выглядае ненатуральным.
«Ненарматыўную лексіку даўно трэба нармалізаваць»
Так лічыць сузаснавальнік праекта «Медиажаба» Аляксей Карпека.
— У «Медиажабе» мы пастаянна выкарыстоўваем мат, ненарматыўную лексіку. У апошнім выпуску падкаста, мне здаецца, мы паставілі рэкорд — ужо на чацвёртай секундзе нехта з нас вылаяўся. Верагодна, гэта быў я.

Аляксей Карпека. Фота: з асабістага архіва
І я не прыпомню, ці быў хоць адзін тэкст ад мяне ў «Медиажабе», дзе б я не выкарыстоўваў нецэнзурную лексіку. Я ўжываю яе ў тэкстах ці падкастах з самымі рознымі мэтамі. Для акцэнтавання ўвагі на нечым, для здзекаў з нечага ці некага, для выказвання эмацыйнасці ці проста як звязку ў сказе.
Лічу, што ненарматыўную лексіку даўно трэба нармалізаваць у медыйнай прасторы. Канешне, лёгка рабіць выгляд, што бы не такі, што ты ўвесь белы і пухнаты, высокадухоўны чалавек, які не апаганьвае свой рот лаянкай і нецэнзуршчынай. Але давайце будзем шчырыя самі з сабой: сітуацыя выглядае як ў мульце «Паўднёвы парк».
Канешне, выкарыстанне ненарматыўнай лексікі не робіць чалавека ці артыкул асаблівым — яна можа паўплываць толькі на сам тэкст, які становіцца ад гэтага ці лепшым, ці горшым. Як і ўсе астатнія словы ў гаворцы ці ў тэксце.
Не кажу, што ў кожнай публікацыі трэба выкарыстоўваць ненарматыўную лексіку. Не заклікаю публікаваць загалоўкі са словамі «…» і «….» (без зорачак) па кожнай інфанагодзе. Усяму сваё месца і кантэкст.
Ці паўсюль я размаўляю альбо пішу з ужываннем мата? Вядома, не. Не кожны медыйны фармат дапускае ненарматыўную лексіку. І не кожная рэдакцыя яе выкарыстоўвае. І гэта нармальна. Але ў той жа час існуюць фарматы, дзе, як мне падаецца, моцныя словы дапушчальныя. Таму я не бачу нічога дрэннага ні ў выкарыстанні, ні ў нармалізацыі яе ў медыйнай прасторы.
«Мы перараслі жывёльную лексіку»
Дык лаяцца ці не лаяцца? Дзе ўжыванне ненарматыўнай лексікі неабходнае, а дзе зусім не апраўданае?
Запыталіся ў аднаго са старэйшых беларускіх журналістаў (на ўмове ананімнасці).
— Са з’яўленнем незалежнай Беларусі нам падавалася, што ўвогуле мяняюцца каноны прафесіі, і можна смела разбураць тое, што мы лічылі партыйнымі дэкарацыямі. У выніку смелай ломкі з’явілася практыка ўжывання мацерных слоў. Недзе яны былі апраўданымі, недзе падсцёгвалі калектыўную энергію, а недзе проста станавіліся звычайным хамствам.

Выява зроблена БАЖ пры дапамозе ChatGPT
Але ўсё мяняецца. Паступова ў беларускай дэмакратычнай журналістыцы нарадзіліся новыя ўяўленні пра сэнс узаемаадносін у рэдакцыі, пра новую этыку ўзаемаадносін у газеце, на тэлебачанні, радыё і ў электронных СМІ. І ва ўзаемаадносінах паміж журналістамі і чытачамі.
Мне падаецца, што час выкараніў тое, што з чаго ўсё пачыналася. І сённяшняя этыка, сённяшняе нашае ўяўленне пра тое, як трэба будаваць адносіны ўнутры творчых калектываў, адносіны паміж рэдакцыямі і аўдыторыяй, — то-бок, мы перараслі жывёльную лексіку.
Таму цяперашнія незалежныя медыйшчыкі не маюць права на яе. Бо гэта прэрагатыва ГУБАЗіКа і падобных структур, якія якраз і займаюцца тым, што і выкарчоўваюць свабодную журналістыку, і спрабуюць аскацініць, ажывёліць нашых чытачоў. Не трэба дапамагаць ім ў гэтай няхітрай злобнай справе.
Я не думаю, што ў Кодэксе этыкі трэба адмыслова прапісваць праблему ўжывання ненарматыўнай лексікі. Мне здаецца, што адсутнасць матаў — гэта натуральная праява культуры. Журналістыка — гэта частка выхаваўчай сістэмы. Дык калі людзі, якія ў пэўным сэнсе з’яўляюцца сацыяльнымі педагогамі, пры гэтым ужываюць трохпавярховыя маты, то ці месца ім у прафесіі?
