Аляксей Шота: штучны інтэлект — такі ж інструмент, як сякера ці малаток
Як шырока Hrodna.life выкарыстоўвае штучны інтэлект у журналісцкай працы? Ці сутыкалася рэдакцыя з праблемамі праз выкарыстанне ШІ? І ці варта рэгламентаваць выкарыстанне ШІ ў Кодэксе этыкі беларускіх журналістаў? БАЖ пагутарыў з галоўным рэдактарам выдання Аляксеем Шотам.

Аляксей Шота. Фота: з асабістага архіва
Ці своечасова медыясупольнасць занялася этычнымі праблемамі і самарэгуляваннем, калі сектар перажывае не самыя добрыя часы? Да чаго прывядзе прыняцце Кодэкса прафесійнай этыкі беларускіх журналістаў і Пагаднення аб самарэгуляванні незалежнага беларускага медыясектара? БАЖ працягвае серыю дыскусій.
ШІ эканоміць час і спрашчае працу
— Амаль на кожным этапе журналісцкай працы ёсць магчымасці выкарыстання штучнага інтэлекту.
Самае банальнае — расшыфроўка аўдыё. За апошнія гады якасць расшыфроўкі моцна павысілася, у тым ліку і па-беларуску (цяпер існуюць інструменты, якія вельмі добра працуюць з беларускай мовай). А мы бяром даволі многа інтэрв’ю, размовы зацягваюцца і на 40 хвілін, і на гадзіну.
Раней мы не мелі свайго канала ў TikTok. У нас не было старонняй дапамогі на яго, таму мы вырашылі правесці двухмесячны эксперымент з удзелам штучнага інтэлекту. ChatGPT піша сцэнарыі на аснове нашай інфармацыі. Мы не маем галавы, якая гаворыць: проста змантаваныя футажы, а тэкст начытвае робат на рускай мове.
І ў выніку мы атрымліваем досыць неблагія, я б сказаў нават добрыя прагляды, думаю, параўнальныя з іншымі аналагічнымі прадуктамі, якія робяць нашыя калегі.
Пры SEO-аптымізацыі мы таксама часта выкарыстоўваем ШІ, які піша нам тайтлы і дэскрыпшыны, часам просім прыдумаць загалоўкі, асабліва да ненавіновых тэкстаў. Хутка выйдзе вялікі матэрыял у рамках сумеснага праекта з рэдакцыяй MOST пра экалогію Белавежскай пушчы. Я пакуль чытаў — стаміўся ад лангрыда: а як жа яго назваць, калі я не памятаю, з чаго пачынаўся тэкст? Аддаў яго штучнаму інтэлекту, які прыдумаў вельмі добрыя загалоўкі.

Ілюстрацыя да аднаго з матэрыялаў Hrodna.life
З канструктыўнага варта сказаць яшчэ пра ілюстрацыі: не навінаў, канешне, а гісторыяў. Са стокаў на вялікі тэкст (10–12 тысяч знакаў) нерэальна падабраць 5–6 здымкаў у адным стылі. Раней, калі былі багацейшыя, мы заказвалі ілюстрацыі ў мастакоў, дызайнераў. Але аўтарская праца дарагая і займае працяглы час.
Таму мы перайшлі на кастомныя GPT-боты, якім ты скормліваеш тэкст, а яны ў сваю чаргу прапануюць промты ў пэўным стылі: плоскім, акварэльным, коміксавым ці вугальным алоўкам. Затым промты закідваеш на сэрвісы для генерацыі карцінак.
Такім чынам можна зрабіць неабходныя выявы (хаця ШІ і з цяжкасцю прытрымліваецца аднаго стылю).
Часам мы выкарыстоўваем штучны інтэлект для збору і сістэматызацыі інфармацыі. Адзін з такіх матэрыялаў атрымаў нават узнагароду аднаго з конкурсаў. Гэты тэкст пісаў асабіста я, але вялікую дапамогу мне аказаў Claude.
Трэба было зрабіць біяграфію аднаго чыноўніка — самага маладога ідэолага Гродзенскай вобласці. Для эканоміі часу і сваіх нерваў усю інфармацыю, якую я знайшоў пра чыноўніка, закінуў у Claude. Ён зрабіў чарнавік, з якім я пазней працаваў як з тэкстам журналіста-пачаткоўца.
Гэты інструмент вельмі спрасціў маю працу і зэканоміў процьму часу. У адным месцы штучны інтэлект памыліўся, бо няправільна інтэрпрэтаваў факт, але ў выніку атрымаўся прыстойны тэкст, які адзначылі нават эксперты.

Hrodna.life актыўна выкарыстоўвае штучны інтэлект для ілюстрацый сваіх тэкстаў. На малюнку: бяздомны шукае ежу ў сметніцы
Таксама Claude дапамагае нам весці рэгулярную рубрыку «Нерухомасць тыдня» — мы закідваем яму фотаздымкі кватэр, што прадаюцца ў Гродне, а ён тлумачыць, у якім стылі зроблены рамонт і на што варта звярнуць увагу ў тэксце пры апісанні дызайну кватэры.
Асцярожна, штучны інтэлект: карыстайся, але правярай
— У нас ёсць розныя сайд-праекты, напрыклад, пра гісторыю Гродна і Гродзеншчыны, дзе мы публікуем пасты з гістарычнымі цікавосткамі. Знайшоў я класны артыкул пра Жана Эмануэля Жылібера (стваральніка Гродзенскай медыцынскай акадэміі ў 1775–1781 гадах) на польскай мове з навуковага часопіса.
Хоць польская для мяне і родная, але пакуль я перакладу навуковы тэкст на 40 старонак на беларускую… Проста папрасіў штучны інтэлект выбраць прыкольныя факты пра Жылібера з гэтага артыкула і напісаць пост для Telegram. Потым, праўда, давялося правяраць напісанае, бо ШІ мае тэндэнцыю не разумець факты гістарычнага, шырокага кантэксту.
Калі даверыцца ШІ цалкам, можна наклікаць бяду. Калегі неяк даверылі пераклад ChatGPT, які перакладае і няблага, але часам па-свойму інтэрпрэтуе факты. Дык ён дадаў адно слова, якога не было ў арыгінале, і ледзь не выклікаў скандал. Таму ў нашай рэдакцыі ўсё, што робіць ШІ, правярае жывы чалавек.

Аляксей Шота. Фота: з асабістага архіва
Чым адрозніваецца выдумка ШІ і чалавека?
— На ваш погляд, ці варта падрабязна прапісваць правілы выкарыстання штучнага інтэлекту ў Кодэксе этыкі?
— Я чуў меркаванні, што, калі пры падрыхтоўцы матэрыяла выкарыстоўваўся штучны інтэлект, гэта трэба пазначаць. Шчыра кажучы, не ведаю. Усё залежыць ад ролі, у якой ён выкарыстоўваўся. Калі ён быў інструментам для працы з вялікімі базамі дадзеных, для пошуку патэрнаў, адпаведнасцяў у масівах дадзеных для расследаванняў, — калі ён выкарыстоўваўся для таго, каб паскорыць журналісцкую працу ў 50 разоў, то я не бачу вялікай патрэбы пазначаць «аўтарства» штучнага інтэлекту.
Калі няма ўмяшальніцтва ў творчую працу ці ў змест матэрыяла, то няма пагрозы, што штучны інтэлект мадыфікуе нашую рэальнасць. Гэта проста інструмент, як сякера ці малаток. Таму я не бачу асаблівай патрэбы і прычыны для рэгулявання.
Калі штучны інтэлект будзе пісаць інтэрв’ю неіснуючых журналістаў з неіснуючымі героямі, то тады гэта проста не журналістыка. У чым прынцыповая розніца паміж тым, што нешта выдумае штучны інтэлект і чалавек?
Сутнасць ад гэтага не мяняецца: плагіят застаецца плагіятам, прыдуманыя эксперты і героі застаюцца прыдуманымі экспертамі і героямі.
Для мяне штучны інтэлект перш за ўсё інструмент: гэта вялікая дапамога, якая дазваляе працаваць хутчэй і эфектыўней. ШІ дапамагае вызваляць творчыя рэсурсы, журналістаў на працу над сур’ёзнымі тэмамі.
