• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Трымаемся праўды, трымаемся разам!» З Вільні стартаваў марафон салідарнасці са зняволенымі калегамі ФОТАБАНК

    Трыццаць тры імёны, трыццаць тры журналісты за кратамі, трыццаць тры партрэты ў цэнтры Вільні… Гэта лічба сёння, у Сусветны дзень свабоды прэсы, успрымаецца асабліва драматычна.

    Каб прыцягнуць увагу да сітуацыі з медыя ў Беларусі, беларускія і літоўскія журналісты правялі акцыю салідарнасці і запусцілі цэлы марафон салідарнасці, які пройдзе ў многіх краінах свету. 

    Фота: БАЖ

    Спатрэбіліся трыццаць тры пары рук

    — Трымаемся праўды, трымаемся разам! — неўзабаве гэтыя словы сталі для беларускіх журналістаў праявай свабоды, салідарнасці і прафесійнай упартасці: насуперак рэжыму працягваць працу.

    Вельмі натуральна, што слоган на беларускай і літоўскай мовах прагучаў каля помніку «Першыя ластаўкі», які сімвалізуе прагу да свабоды. З далоні жанчыны, нарэшце дачакаўшыся волі, павольна ўздымаюцца птушкі.

    Гэтага адчування цяпер бракуе Беларусі. За апошнія некалькі гадоў журналістыка ў нашай краіне стала адной з самых небяспечных прафесій. Адбылася яе канчатковая крыміналізацыя.

    У індэксе свабоды прэсы-2023, апублікаваным «Рэпарцёрамі без межаў» (RSF), Беларусь знаходзіцца на 157‑м месцы з 180 краін. Для параўнання: суседняя Літва ў гэтым рэйтынгу — на 7‑м.

    Хаця разрыў здаецца вялічэзным, беларускія і літоўскія журналісты сабраліся разам, каб узяць партрэты Марыны Золатавай, Андрэя Пачобута, Андрэя Скурко і іншых журналістаў.  Спатрэбіліся трыццаць тры пары рук, каб адлюстраваць, якія выпрабаванні прыйшліся на долю калегаў.

    Фота: БАЖ

    — Сэнс Сусветнага дню свабоды прэсы — нагадваць уладзе пра абавязак выконваць правы чалавека і перш за ўсё — свабоду выказвання, — адзначыў старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец. — Фотаздымкі, што мы трымаем у руках, — сведчанне таго, як цяпер ставяцца да свабоды выказвання ў Беларусі.

    Ён заклікаў прадстаўнікоў медыя ў іншых краінах падтрымаць акцыю салідарнасці і пераняць эстафету.

    Фота: БАЖ

    «Спадзяюся, аднойчы сусветныя рэйтынгі свабоды прэсы засведчаць, што журналісты могуць спакойна рабіць сваю працу»

    На жаль, у Беларусі ненармальнасць стала нармальнай, і ў медыясферы гэта адчуваецца бадай найбольш пранізліва. Цяпер у месцах зняволення знаходзяцца 33 прадстаўніка медыя.

    Але ж год таму ў турмах было 24 журналісты. І гэта з улікам таго, што апошнім часам некаторыя нашы калегі былі вызваленыя.

    — Ваш слоган, што журналістыка — не злачынства, асабліва актуальны цяпер, — падкрэсліў кіраўнік Саюза журналістаў Літвы Дайнюс Радзявічус. — Гэта важны мэсэдж для ўсёй еўрапейскай супольнасці журналістаў, і я рады, што мы запускаем марафон салідарнасці менавіта ў Вільні.

    Ён выказаў спадзяванне: аднойчы сусветныя рэйтынгі свабоды прэсы засведчаць, что журналісты могуць спакойна рабіць сваю працу.

    Пакуль жа намаганнямі рэжыму Беларусь застаецца чорнай плямай на мапе свабоды прэсы Еўропы, і найбольш яскравае сведчанне — колькасць партрэтаў у руках удзельнікаў акцыі салідарнасці.

    Фота: БАЖ

    Асабліва цяжка прыйшлося рэгіянальным СМІ

    З мінулага года рэпрэсіі яшчэ больш разлютаваліся. А незалежныя медыя застаюцца мішэнню для карных органаў.

    — Сёння ў Мінску журналіст можа быць асуджаны на тэрмін да чатырох гадоў пазбаўлення волі проста за датычнасць да прафесіі, — адзначыў намеснік кіраўніка БАЖ Барыс Гарэцкі. — Калі гэта рэдактар, адміністратар ці другая прыкметная фігура ў медыяпрасторы, то ёй пагражае ад 7 да 15 гадоў пазбаўлення волі. Такія прысуды агучваюцца ў судах апошнім часам.

    Фота: БАЖ

    Асабліва цяжка прыйшлося рэгіянальным СМІ. Літаральна на днях прызнаны экстрэмісцкімі сайт і сацсеткі самага папулярнага баранавіцкага выдання «Інтэкс-прэс».

    На пачатку красавіка слуцкае выданне «Інфа-Кур’ер» абвясціла пра закрыццё пасля прызнання ўсіх тэкстаў экстрэмісцкімі матэрыяламі. Напярэдадні ў рэдакцыі прайшоў ператрус. Галоўны рэдактар Сяргей Станкевіч і яго намеснік Алег Рубчэня былі затрыманыя. Ім прысудзілі па 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

    У сярэдзіне сакавіка ў Вілейцы ў доме галоўнага рэдактара «Рэгіянальнай газеты» Аляксандра Манцэвіча прайшоў ператрус, яго затрымалі. Яго абвінавачваюць у «распаўсюджванні заведама ілжывых звестак, якія дыскрэдытуюць Беларусь і яе органы ўлады».

    — Улада набірае ўсё новых і новых закладнікаў на месца вызваленых, — лічыць Барыс Гарэцкі. — Гэта людзі, якія рыхтавалі журналісцкія матэрыялы, і вельмі часта ва ўладзе нават няма прэтэнзій да канкрэтнага тэксту або сюжэту. А рэпарцёраў судзяць за факт супрацоўніцтва з медыя, якое ўлады прызналі экстрэмісцкім фарміраваннем.

    Нагадаем, у падтрымку нашых калег БАЖ абвясціла акцыю «Марафон салідарнасці». Як напамін усяму свету пра тое, што ў Беларусі знішчаецца вольнае слова, а журналісты плацяць сваёй свабодай за тое, што чэсна і прафесійна выконвалі сваю працу.

    Заклікаем журналісцкія і праваабарончыя арганізацыі  свету, вядомых паблічных асобаў далучыцца да акцыі і сваім аўтарытэтам паўплываць на вызваленне беларускіх журналістаў.

    Фота: БАЖ

    Падтрымаць акцыю салідарнасці БАЖ заклікае калег ва ўсім свеце!

    Вы можаце раздрукаваць партрэты зняволеных калег, сфатаграфавацца з імі ў пазнавальных месцах вашага горада (не ў Беларусі) і апублікаваць у сацыяльных сетках з тэгамі #СвабодуЖурналістам і #BecauseThe­Jour­nal­ist, а таксама даслаць нам на адрас baj@baj.by.

    #СвабодуЖурналістам
    #BecauseThe­Jour­nal­ist

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Названыя пераможцы конкурсу «Вольнае слова-24»! Глядзім, каго віншаваць

    У Вільні абвешчаныя вынікі традыцыйнага штогадовага конкурсу «Вольнае слова», мэтай якога з’яўляецца удасканаленне прафесійнага майстэрства супрацоўнікаў СМІ і заахвочванне таленавітых журналістаў.
    10.09.2024
    Акцэнты

    Прыём матэрыялаў на конкурс «Вольнае слова»!

    Творчы конкурс «Вольнае слова» праводзіцца пад эгідай Еўрапейскай федэрацыі журналістаў. Да 31 траўня прымаюцца матэрыялы за 2024 год.
    15.05.2025
    Акцэнты

    Што знайшлі ў «кашальках» Лукашэнкі і чаму сабака Эрык падаўся ў эміграцыю? Тэмы канкурсантаў «Вольнага слова-24»

     БАЖ завяршае агляд працаў, якія паступілі сёлета на конкурс «Вольнае слова-2024». Гэтую падборку мы прысвяцілі творам, якія прэтэндуюць на намінацыі «найлепшая публікацыя мастацка-публіцыстычнага жанру» і «журналісцкае расследаванне».
    03.06.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці