Вольга Сямашка: «Не бачу супярэчнасцяў паміж Кодэксам і правіламі, па якіх працуюць незалежныя СМІ»
Праект Кодэкса этыкі носіць рэкамендацыйны характар, а дакумент будзе прымацца калегіяльна — на агульным сходзе беларускага медыясектара. Як праходзяць абмеркаванні Кодэкса этыкі ў беларускім медыяасяродку і якія праблемы такія сустрэчы падсвяцілі? БАЖ пагутарыў з сябрам працоўнай групы па распрацоўцы праекта Кодэкса этыкі беларускіх журналістаў Вольгай Сямашка.

Вольга Сямашка. З архіва радыё Ўнэт
Ці своечасова медыясупольнасць занялася этычнымі праблемамі і самарэгуляваннем, калі сектар перажывае не самыя добрыя часы? Да чаго прывядзе прыняцце Кодэкса прафесійнай этыкі беларускіх журналістаў і Пагаднення аб самарэгуляванні незалежнага беларускага медыясектара? БАЖ працягвае серыю дыскусій.
Агульныя сходы і сустрэчы з канкрэтнымі рэдакцыямі
— Як праходзяць абмеркаванні Кодэкса этыкі?
— Ад пачатку мы праводзілі калектыўныя абмеркаванні Кодэксу этыкі беларускіх журналістаў, то-бок збіралі галоўных рэдактароў ці іншых упаўнаважаных прадстаўнікоў рэдакцый. Але хутка прыйшлі да высновы, што такі фармат не вельмі эфектыўны: не кожны падчас такіх спатканняў паспяваў выказацца.
Тады было прынята рашэнне змяніць фармат: з агульных сходаў перайшлі на сустрэчы прадстаўнікоў працоўных груп з канкрэтнымі рэдакцыямі.
Звычайна адзін сябра працоўнай групы па самакіраванні і адзін з аўтараў Кодэкса этыкі прыходзілі ў рэдакцыю і абмяркоўвалі праекты дакументаў. Такія сустрэчы з рэдакцыямі ладзяць і ў Варшаве, і ў Вільні.
Я прымала ўдзел у чатырох сустрэчах — гэта сапраўды выглядае больш эфектыўна. Мы сустракаемся з галоўнымі рэдактарамі, кожны прачытаў дакументы і мае ўласныя заўвагі і прапановы. Мы адказваем на пытанні, занатоўваем заўвагі і прапановы. Пасля абмяркуем гэта на працоўных групах, абагулім іх і вырашым, што далей з імі рабіць.
У канцы сакавіка, пасля ўсіх запланаваных міні-сустрэч у рэдакцыях, пройдзе агульны сход галоўных рэдактараў і дырэктараў медыяў, дзе плануецца разгледзець выніковыя рэдакцыі абодвух дакументаў. Спадзяемся, на гэтай сустрэчы мы выйдзем на фінальныя варыянты дакументаў.
«Калі ты можаш не падставіць чалавека — не падстаўляй»
— Якія прапановы выклікаюць найбольшыя спрэчкі ў медыясупольнасці?
— У беларускіх рэдакцыях ужо ўзнікалі пытанні, звязаныя з этыкай, якія выносіліся нават у публічную прастору. Таму медыйшчыкі пыталіся: калі б ужо цяпер працавала Рада па медыяэтыцы, то як бы яна вырашала гэтую праблему? Застаюцца пэўныя моманты, для вырашэння якіх не хапае старонняга погляду на праблему.
У нас ужо ёсць топ самых спрэчных пазіцый.

Фота: legalclinic.uz
Пункт 2.8 гучыць так: «Журналісты ці медыя павінны ўказваць першакрыніцу, калі яны выкарыстоўвалі кантэнт, створаны ці апублікаваны іншым журналістам у СМІ. Пры цытаванні матэрыялаў іншага медыя трэба прытрымлівацца правіл цытавання, вызначаных гэтым медыя. Падчас працы ў экстрэмальных умовах, калі рэдакцыя забараняе размяшчэнне сваіх матэрыялаў на рэсурсах, прызнаных беларускімі ўладамі «экстрэмісцкімі», да гэтай просьбы варта прыслухоўвацца».
Спрэчкі выклікае апошні сказ палажэння, які датычыць нашых калег, што працуюць у Беларусі.
Гаворка тут не пра дзяржаўныя СМІ, а хутчэй пра незалежныя праекты, якія працуюць унутры краіны. Яны на сваіх сайтах вывешваюць адмысловыя заклікі да СМІ, прызнаных «экстрэмісцкімі»: калі ласка, не выкарыстоўвайце наш кантэнт. Гэта праблема не толькі бяспекі самых журналістаў, але праблема і для тых людзей, якія давалі інтэрв’ю «неэкстрэмісцкаму» рэсурсу, а яно раптам з’яўляецца ў «экстрэмісцкім» выданні.
Мы не сталі катэгарычна забараняць такі перадрук, але параілі прыслухоўвацца да гэтай просьбы. Асабіста я прытрымліваюся пазіцыі: калі ты можаш не падставіць чалавека ў Беларусі, то лепш яго не падстаўляць.
Прасіць дазволу ці не прасіць?
— Пункт 3.13 таксама выклікае пэўныя спрэчкі. «Журналіст павінен атрымаць дазвол на публічнае выкарыстанне інфармацыі, фотаздымкаў і відэа, размешчаных у прыватных сацыяльных сетках асобы. Гэта не тычыцца публічных асоб, якія распаўсюджваюць грамадска значную інфармацыю альбо выступаюць з публічнымі заявамі».
Нам задаюць пытанні: а як тады браць відэа сацыяльнага і непалітычнага характару, якія размяшчаюцца ў TikTok, Instagram і ў іншых сацсетках: стан дарог, чарга ў паліклініку? Няўжо тады трэба пісаць кожнаму, хто размясціў адпаведнае відэа?
Гэты пункт патрабуе дадатковага абмеркавання. Мы разумеем, што для беларускіх журналістаў у цяперашніх умовах гэта адна з крыніц інфармацыі з Беларусі, бо іншага доступу няма: мы не можам выехаць на месца і зрабіць паўнавартасны рэпартаж. Такія праблемы можна асвятляць на аснове публікацый у сацсетках. Нам кажуць, прасіць дазволу ў аўтараў не мае сэнсу: натуральна, людзі будуць адмаўляць, дый на атрыманне дазволу патрэбны час. А для навін кожная хвіліна важная.
Інструмент кантролю ці навігатар у змрочныя часы? Што думаюць рэдактары пра Кодэкс этыкі
Якія тут могуць быць падводныя камяні для рэдакцый?
Па-першае, многія беларускія СМІ зарэгістраваныя ў польскай і літоўскай юрысдыкцыях, а там на заканадаўчым узроўні прапісана: ты не можаш перадрукоўваць інфармацыю з сацыяльных сетак без згоды аўтара. Апрача інфармацыі, які мае вялікі грамадскі інтарэс. А на выкарыстанне прыватнай інфармацыі дазвол абавязковы. Па-другое, могуць узнікнуць праблемы і з аўтарскімі правамі.
Нам кожная рэдакцыя фактычна ўказвае на праблему, якую і мы разумеем. Таму будзем калектыўна думаць, што рабіць з гэтым пунктам.
Ад сябе дадам, што пакуль што апублікаваны толькі праект Кодэкса, над якім яшчэ ідзе праца. Я ўжо некалькі разоў чула, што гэта нібыта гатовы дакумент, які трэба выконваць.
Не-не-не, гэта толькі праект, які яшчэ абмяркоўваецца з журналісцкай супольнасцю, галоўнымі рэдактарамі. Кодэкс будзе прымацца супольна.
«Наша задача палягала ў стварэнні агульнага дакумента, улічыўшы цяперашнія ўмовы працы»
— То-бок, асноўныя спрэчкі вядуцца вакол палажэнняў Кодэкса, які рэгламентуе працу беларускіх медыяў у экстрэмальных умовах?
— Мы разумеем, у якіх умовах сёння працуюць беларускія СМІ.
Таму перад намі не стаяла задача напісаць інструкцыю на перыяд з 2020 па 2025 гады, умоўна кажучы. Мы не маем права ўказваць медыям, як працаваць у экстрэмальных умовах. Наша задача палягала ў стварэнні агульнага дакумента, улічыўшы цяперашнія ўмовы працы.

Вольга Сямашка. Фота: з архіва радыё Ўнэт
З самага пачатку мы планавалі напісаць асобны раздзел пра экстрэмальныя ўмовы і паставіць яго ў канцы. Мы прапісалі, што такое праца ў «экстрэмальных умовах» і далі вызначэнне таго, што гэта азначае (гэта і ананімізацыя кантэнта, і прызнанне медыяў «экстрэмісцкімі»).
Але вырашылі, што так будзе цяжэй арыентавацца ў дакуменце, бо нямногія дачытаюць Кодэкс да канца (смяецца — рэд.). Таму мы назвалі стандарты, якія немагчыма сёння выконваць, і далі сваю трактоўку, як яны могуць выконвацца ці не выконвацца ў экстрэмальных умовах.
— Калі ёсць найбольш спрэчныя палажэнні Кодэкса, то, відаць, ёсць і медыі, якія актыўна супраць іх выступаюць, не?
— Падчас працы над этычным кодэксам я ўдакладняла, ці маюць рэдакцыі свае ўласныя этычныя правілы і стандарты, па якіх яны працуюць, і па магчымасці вывучала іх. Як аказалася, некаторыя палажэнні нашага кодэкса выйшлі больш лаяльнымі, чым правілы, па якіх працуюць рэдакцыі.
Таксама высвятляла, як паводзяць сябе ў той ці іншай сітуацыі рэдакцыі, якія не маюць уласных прапісаных этычных правілаў і стандартаў. Напрыклад, якія падыходы ў рэдакцыі наконт узгаднення інтэрв’ю ці зняцця матэрыялаў.
Папярэдне я распытвала ў кіраўнікоў медыяў на сустрэчах пра іхнія этычныя правілы. Таму смела скажу: вялікая частка беларускіх СМІ не парушае журналісцкія стандарты, упісваецца ў іх. Я сама працую як журналістка, я штодня чытаю незалежныя медыі і не бачу масавага парушэння стандартаў нават у цяперашніх экстрэмальных умовах.
Беларуская журналістыка прафесійная, большая частка класічных СМІ (мы не бяром тое, што называецца «новымі медыямі») працуе па стандартах. І я не бачу вялікіх супярэчнасцяў Кодэкса з правіламі, па якіх працуюць незалежныя беларускія СМІ.
А дыскусійныя пункты Кодэкса мы дапрацуем. І зробім гэта на супольнай сустрэчы.
