Журналісты Лацінскай Амерыкі і Карыбаў выказалі салідарнасць з беларускімі калегамі
У апошні дзень з’езду міжнароднай сеткі за свабоду выказвання IFEX у Берліне прадстаўнікі і прадстаўніцы арганізацый, якія абараняюць і прасоўваюць права на свабоду выказвання ў Лацінскай Амерыцы і Карыбскім басейне (IFEX-ALC), далучыліся да Марафону салідарнасці са зняволенымі беларускімі калегамі.

Журналісты Лацінскай Амерыкі і Карыбаў падчас з’езду глабальнай сусветнай сеткі за свабоду выказвання IFEX у Берліне. Красавік 2024 года. Фота: IFEX
Ад мінулага тыдня за кратамі ў Беларусі ўжо 36 прадстаўнікоў і прадстаўніц медыя. Колькасць журналістаў у турмах не толькі не памяншаецца, але нават расце ў сувязі з апошнімі затрыманнямі.
Таму калегі БАЖ па IFEX — Artículo 19 (Мексіка і Цэнтральная Амерыка), Artigo 19 (Бразілія), Association of Caribbean Media Workers, Foundation for Press Freedom, Asociación Mundial de Radios Comunitarias América, Brazilian Association for Investigative Journalism і іншыя сябры сеткі IFEX-ALC — вырашылі выказаць сваю падтрымку і салідарнасць са зняволенымі калегамі ў беларускіх турмах.
Прадстаўнікі і прадстаўніцы IFEX-ALC сфатаграфаваліся з партрэтамі беларускіх калег за кратамі.
БАЖ заклікае калег ва ўсім свеце падтрымаць акцыю салідарнасці! Вы можаце раздрукаваць партрэты зняволеных калег, сфатаграфавацца з імі ў пазнавальных месцах вашага горада (не ў Беларусі) і апублікаваць у сацыяльных сетках з тэгамі #СвабодуЖурналістам і #BecauseTheJournalist, а таксама даслаць нам на адрас office@baj.media ці intercomm@baj.media.
