«Журналісты не злачынцы». Марафон салідарнасці прайшоў у буйнейшых гарадах Італіі
Праваабаронца Леанід Судаленка і Суполка беларусаў у Італіі далучыліся да БАЖаўскага Марафона салідарнасці са зняволенымі журналістамі.

Леанід Судаленка ў Рыме. Трымае партрэты палітзняволеных Яўгена Меркіса і Ларысы Шчыраковай…
Леанід Судаленка на запрашэнне Amnesty International — Italia зрабіў тыднёвае праваабарончае турнэ па міжземнаморскай краіне. У межах візіту праваабаронца наведаў Мілан, Падую, Геную, Рым, Неапаль, Катанію ды Палерма. Візіт стаў працягам кантактаў паміж беларускімі і італьянскімі праваабаронцамі, пачатых яшчэ ў 2015 годзе.
Гэтым разам Леанід Судаленка расказваў у буйнейшых гарадах Італіі пра становішча з правамі чалавека ў Беларусі і палітычныя рэпрэсіі, у тым ліку і супраць медыясупольнасці.

…і ў Ватыкане. Фота: з асабістага архіва Леаніда Судаленкі
21 кастрычніка Леанід Судаленка ўдзельнічаў у публічнай дыскусіі ў Падуанскім універсітэце, на якой расказваў пра зняволенага лаўрэата Нобелеўскай прэміі Алеся Бяляцкага.
Правабаронца нагадаў, як менш за 100 гадоў таму ў турме нацысцкай Германіі да смерці замучылі першага еўрапейскага лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Карла фон Асецкага (Carl von Ossietzky). Сёння гісторыя паўтараецца ў іншай еўрапейскай краіне – Беларусі, дзе Нобелеўскі лаўрэат ужо чацвёрты год сядзіць у турме.
22 кастрычніка публічная дыскусія пра беларускіх палітвязняў прайшла ўжо ў Рыме.

У офісе Суполкі беларусаў у Італіі. Фота: з асабістага архіва Леаніда Судаленкі
«Спачатку пайшоў наўпрост да Калізея каб на вядомым гістарычным месцы зрабіць сэлфі з партрэтамі сваіх сяброў, а потым і да Папы Рымскага завітаў, дзе прасіў яго звярнуць увагу на Беларусь, маліцца аб вызваленні ўсіх беларускіх вязняў сумлення, у тым ліку і маіх зняволеных сяброў журналістаў», — паведаміў Леанід Судаленка.

У офісе Amnesty International — Italia. Фота: з асабістага архіва Леаніда Судаленкі
24 кастрычніка Леанід Судаленка сустрэў ужо ў Катаніі. Перад публічнай прамовай на кафедры паліталогіі Універсітэта Катаніі ён наведаў Кафедральны сабор святой Агаты, дзе прасіў каталікоў маліцца за Беларусь, свабодную ад палітвязняў.

Перад публічнай прамовай на кафедры паліталогіі Універсітэта Катаніі Леанід Судаленка наведаў Кафедральны сабор святой Агаты, дзе прасіў каталікоў маліцца за Беларусь, свабодную ад палітвязняў. Фота: з асабістага архіва Леаніда Судаленкі
Тыднем раней журналіст італьянскай газеты linkiesta.it Масімільяна Кочыа (Massimiliano Coccia) узяў сімвалічнае шэфства над Валерыяй Касцюговай, заснавальніцай і рэдактаркай сайта экспертнай супольнасці «Наше мнение», рэдактаркай і аўтаркай «Беларускага штогодніка» і кіраўніцай групы экспертаў па маніторынгу «Беларусь у фокусе».
БАЖ заклікае калег ва ўсім свеце падтрымаць акцыю салідарнасці! Вы можаце раздрукаваць партрэты зняволеных калег, сфатаграфавацца з імі ў пазнавальных месцах вашага горада (не ў Беларусі) і апублікаваць у сацыяльных сетках з тэгамі #СвабодуЖурналістам і #BecauseTheJournalist, а таксама даслаць нам на адрас office@baj.media ці intercomm@baj.media.
