Напярэдадні асноўнага дня выбараў быў заблакаваны сайт «Бобруйский курьер»
Раніцай 10 верасня сайт «Бобруйский курьер» перастаў адчыняцца. Мяркуючы па ўсім, супраць яго была задзейнічана тая ж «тэхналогія», што не раз выкарыстоўвалася супраць іншых незалежных інфармацыйных рэсурсаў.
У залежнасці ад выкарыстоўванага браўзэра, на сайце з’яўляўся надпіс: «Старонка http://babruysk.by/ не працуе», або проста не загружалася галоўная старонка рэсурсу.
Як кажуць спецыялісты службы тэхнічнай падтрымкі інтэрнэт-газеты, усё гэта вельмі падобна на так званую ДОС-атаку.
Нечакана «здарылася» незразумелая актыўнасць файлаў, сталі адбывацца памылкі плагінаў і г.д.
У выніку фізічная памяць інфармацыйнага рэсурсу апынулася занятай на 99 адсоткаў. Як і бывае пры ДОС-нападзе.
Адміністратары сайта на некаторы час часткова страцілі кантроль над ім. У гэты перыяд рэсурс не абнаўляўся.
Але, паводле папярэдняй высновы спецыялістаў, працэсы, якія «падладжваліся» пад ДОС-атаку, былі выкліканыя вірусам. Як ён трапіў на сайт — можна толькі здагадвацца.
Па словах галоўнага рэдактара «Бобруйского курьера» Анатоля Санаценкі, раней падобных праблем на іх сайце не было. І тое, што яны сталі адбывацца менавіта падчас выбараў, а дакладней — напярэдадні асноўнага дня галасавання, выклікае пэўныя думкі ў статусе высноў.
«БК» увесь гэты час публікаваў непадцэнзурныя матэрыялы, прысвечаныя выбарчаму працэсу. А два дні таму ў рэдактарскім блогу быў размешчаны пост «Дэкаратыўная дэмакратыя», у якім прадстаўлены аналіз таго, як у Бабруйску праходзіць выбарчы працэс», — гаворыць Анатоль Санаценка.
Каментуючы гэтыя падзеі, кіраўнік «Бобруйского курьера» таксама адзначыў, што «дзеі» невядомых пакуль «спецыялістаў» падпадаюць пад артыкул 198 КК РБ «Перашкоджанне законнай прафесійнай дзейнасці журналіста», а таксама артыкул 424 КК РБ «Злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі».
Цяпер праца інтэрнэт-газеты адноўлена.