• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Нас навучылі думаць як бізнэсмэн, бачыць спажыўца — водгукі на курс па медыйным бізнэсе

    Удзельнікі адукацыйнай праграмы па медыйным бізнэсе падзяліліся сваімі ўражаннямі ад працэсу навучання — што было добра і чаго не хапала ў праграме.

    Адукацыйную праграму па медыйным бізнэсе ладзілі ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" у партнёрстве з Міжнароднай федэрацыяй журналістаў і Еўрапейскім вяшчальным саюзам (Акадэміяй Еўрабачання), а таксама Інстытутам прадпрымальніцтва і менеджменту.

    Анатоль Шырвель, Krynica.info

    Для мяне ў гэтым адукацыйным курсе было шмат карыснага для практыкі: нешта я ведаў і курс дазволіў сістэматызаваць веды, а нешта я вывучыў новае. Мне здаецца, такія рэчы добра засвойваюцца ў фармаце дзелавой гульні. Думаю, было б добра, каб ад пачатку арганізатары стварылі ўмоўныя “рэдакцыі”, каб кожны мог пабыць у ролі рэдактара, менеджара і г. д. Мне здаецца, тады было б яшчэ цікавей. А ў цэлым усё цудоўна, дзякуй арганізатарам!

     

    Святлана Станкевіч, Smorgon.org

    Для мяне тут амаль усё было новым, бо свет бізнэсу дагэтуль быў невядомай сферай. Я рабіла свой праект і думала, што класны кантэнт — гэта ўсё. А тут нас навучылі думаць як бізнэсмэн, бачыць спажыўца, якому трэба нешта прадаць. Нас навучылі бізнэс-погляду.  Я пабачыла хто ж мой чытач — цяпер гэта не безасабовая аўдыторыя. І так лягчэй працаваць, бо разумееш, што такому чытачу трэба.

    Мне хацелася б, каб было крыху больш тэмаў менавіта для медыя. Напрыклад, думаю, трэба больш увагі надаць SMM, бо журналісты цяпер вымушаныя прасоўваць свой кантэнт. Яшчэ хацелася б, каб было больш ацэнак нашых праектаў прафесіяналамі — чаго не хапае, што не так, а што добра.

     

    Раман Стэфаненка, ExitGames.by

    Было шмат інфармацыі, у тым ліку тэхнічнай. А яе часта не хапае на профільных курсах для журналістаў. Добра, што было супрацоўніцтва з Web­com, бо яны займаюцца інтэрнэт-маркетынгам, быў моцны прадпрымальніцкі складнік з боку Інстытута прадпрымальніцтва і менеджменту. Агулам атрымалася ўдалае супрацоўніцтва. Але як па мне, то не хапала аптымізму ў прамовах выступоўцаў, якія гаварылі пра беларускія медыя. Можа быць, такі ў іх рэалізм, крытычнасць, але…

     

    Галляш Сялява, Braslaw.by

    Мне спадабалася арганізацыя ўсіх мерапрыемстваў, інфраструктурная частка. Падбор выступоўцаў проста неверагодны — было вельмі цікава, карысна. Усё можна прымяняць на практыцы.

    Асаблівы  дзякуй за тое, што ўсе матэрыялы былі аформленыя ў прэзентацыі. То бок іх можна прачытаць яшчэ раз, скарыстацца нейкімі інструментамі.

    Курс дазволіў знайсці новыя карысныя сувязі, мы дамовіліся з некаторымі ўдзельнікамі пра супольныя праекты. Гэта вялізны досвед для мяне. Я працаваў падчас навучання над сваім праектам —  сайт braslaw.by — і ён істотна змяніўся, бо ўсё, што мы чулі, можна было ўвасабляць на практыцы.

     

    Ірына Новік, Hrodna.Life

    Мы пачыналі ўсе як валанцёры сайта “Твой стыль”, для нас было нармальна пісаць у вольны ад працы час. Але, калі паспрабавалі стаць сапраўды журналістамі (“Твой стыль” пераўтварыўся ў камерцыйны праект Hrod­na. Life — рэд.), то выявілася, што трэба зарабляць грошы, трэба нешта есці і адпачываць нармальна. Таму курс па бізнес-менеджменту мне быў вельмі карысны. Бліжэйшы год мы будзем актыўна эксперыментаваць з новымі фарматамі, падыходамі да рэкламы.

    Ужо паспелі рэалізаваць праект, які быў прыдуманы падчас курса. Ужо год як у Гродна можна прыехаць замежнікам без візы, і статыстыка гаворыць, што такой магчымасцю скарысталіся 44 тысячы чалавек. Менавіта для іх мы падрыхтавалі  гісторыі гродзенцаў пра свой горад на англійскай мове, а таксама англамоўную карту горада.

     

    Юркоў Уладзіслаў, Downshifter.by

    Мне ў цэлым курс падабаўся. За час курса я і стварыў новы праект, хаця прыйшоў сюды з невялікім блогам. Падчас навучання было шмат інфармацыі пра новыя медыя, структураванасць сайта, SEO, SMM.

    Мне не хапала інфармацыі пра кантэнт, асабліва пра відэакантэнт. Цяпер гэта папулярны фармат, і я таксама планую яго выкарыстоўваць.

    Курс мне спадабаўся яшчэ і тым, што я пазнаёміўся з калегамі з рэгіёнаў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці