• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Наша Ніва» выйграла прынцыповы суд па пытанні дзелавой рэпутацыі

    Правайдар Unet.by прайграў суд супраць NN.BY.

    Перамогай «Нашай Нівы» завяршыўся судовы разгляд, які цягнуўся амаль пяць месяцаў. Нагодай для пазову стаў артыкул «Піяршчык правайдара Unet.by: Мы гастарбайтары, не разумеем вашай мовы». У ім адзін з чытачоў расказаў журналісту НН гісторыю канфлікту са сваім інтэрнэт-правайдарам. Ён звярнуўся ва Unet.by пасля таго, як заўважыў, што забаронены Міністэрствам інфармацыі ксенафобскі расійскі сайт «Спутнік і погром» па-ранейшаму адчыняецца ў яго на камп’ютары.

    ТАА «Аб’яднаныя сеткі», якому належыць Unet.by, палічыла, што артыкул НН закранае яго дзелавую рэпутацыю, і праз суд запатрабавала зняць артыкул, прынесці прабачэнні і апублікаваць абвяржэнне.

    Мы былі абсалютна пэўныя ў праўдзівасці інфармацыі, яе адпаведнасці нормам журналісцкай этыкі і заканадаўству Беларусі. Таму здымаць артыкул і нагаворваць на сябе не бачылі падставаў. Але, каб ашчадзіць час і сродкі, на ўсіх этапах працэсу прапаноўвалі пазоўніку памірыцца і апублікаваць на nn.by артыкул, у якім выказваўся б яго пункт гледжання на сітуацыю. 

    Інтарэсы «НН» абараняў адвакат Сяргей Зікрацкі. У часе аж пяці пасяджэнняў былі дапытаныя сведкі — хлопец, які перапісваўся з правайдарам, тэхнічныя спецыялісты «Аб’яднаных сетак», якія спрабавалі давесці, што «Спутнік» быў заблакаваны. Каб прааналізаваць публікацыю НН, суд прыцягнуў экспертаў з Інстытута журналістыкі і філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта — і яны не знайшлі ў ёй парушэнняў.

    Суддзя Эканамічнага суда Мінска Таццяна Міхайлава пастанавіла адмовіць «Аб’яднаным сеткам» ў пазове супраць «НН». І пасля прайгранай 7 снежня апеляцыі рашэнне набыло законную сілу. Немалаважна і тое, што суд запатрабаваў спагнаць з пазоўніка 625 рублёў судовых выдаткаў на карысць Рэдакцыі.

    Для нас гэта прынцыповая перамога. СМІ павінны мець права гаварыць праўду, нават тады калі яна камусьці непрыемная.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці