• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Нашы чытачы нам ня здрадзілі». Найстарэйшаму незалежнаму агенцтву навінаў БелаПАН — 30 гадоў

    19 лістапада старэйшаму ў Беларусі незалежнаму агенцтву БелаПАН спаўняецца 30 гадоў.

    Яго заснавальнікам і шматгадовым кіраўніком быў Алесь Ліпай, які памёр у 2018 годзе. Пасьля Ліпая кампаніяй кіраваў Дзьмітры Наважылаў, затым — Ірына Леўшына. Цяпер Дзьмітры і Ірына ў турме, а КДБ прызнаў інфармацыйнае агенцтва БелаПАН «экстрэмісцкім фармаваньнем».

    Чытаем лісты, якія піша з турмы дырэктарка БелаПАН Ірына Леўшына, і ўспамінаем гісторыю найстарэйшага незалежнага інфармацыйнага агенцтва.

    Ірына Леўшына.

    На выданьне падпісваліся дыпляматы, беларускія і міжнародныя арганізацыі

    У 90‑х за кароткі тэрмін агенцтва заваявала рэпутацыю незалежнай, дакладнай і апэратыўнай крыніцы інфармацыі. Навіны БелаПАН публікавалі вядучыя дзяржаўныя і недзяржаўныя выданьні, цытавалі нацыянальныя і сусьветныя радыёстанцыі і тэлекампаніі. На навіны і аналітыку БелаПАН падпісваліся міжнародныя арганізацыі, дыпляматычныя прадстаўніцтвы, банкаўскія і фінансавыя інстытуты, прадпрыемствы і кампаніі многіх краін сьвету.

    Ірына Леўшына працуе ў БелаПАН ад пачатку заснаваньня.

    Ірына Леўшына ў лістах з турмы: «Канцэпцыя майго цяперашняга жыцьця такая: з кожным днём я набліжаюся да свабоды. Усё астатняе другаснае і, па вялікаму рахунку, ня мае значэньня. Таму я вельмі спакойна ўспрыняла сваю „прадлёнку“ (падаўжэньне ўтрыманьня пад вартай. — РС). Думаю, яна будзе не апошняй, ну і ладна. …Я працягваю працаваць па прафэсіі, бо сутнасьць нашай працы — пазнаваць жыцьцё ва ўсіх яго праявах. А тут ну вельмі цікава!»

    Былы гендырэктар БелаПАН Дзьмітры Наважылаў.

    Штодзень 100 навінаў на стужцы

    У пачатку ў агенцтве працавалі тры чалавекі. У «лепшыя часы» — 50 супрацоўнікаў. Штодзень на стужцы БелаПАН выходзіла па сто навінаў на расейскай, беларускай і ангельскай мове.

    Ірына Леўшына ў лістах з турмы: «Шмат гадоў таму Алесь Ліпай сказаў: „БелаПАН будзе заўсёды, нават калі нам давядзецца пайсьці ў падпольле“. Ці мог ён падумаць, з праблемамі якога маштабу прыйдзецца сутыкнуцца яго стварэньню? Наўрад… Не сумняваюся ў адным: ён быў бы намі задаволены. Трапіўшы ў гістарычную мясарубку, мы не дазволілі ператварыць сябе ў фарш: мы ня толькі выжылі, але і працягваем працаваць. Нашы чытачы нам ня здрадзілі — таму што людзям патрэбна праўда. Заўсёды».

    Пасьля ператрусу ў БелаПАН.

    Першымі пачалі выкарыстоўваць новыя інструмэнты мэдыя

    БелаПАН першым пачаў рабіць інфаграфіку, затым — аўдыёслайдшоў, відэанавіны, праводзіць онлайн-канфэрэнцыі.

    З 2000 году кампанія запусьціла праект «Выбары ў Беларусі», у якім падзеі ўсіх выбарчых кампаній і рэфэрэндумаў асьвятляліся ў рэжыме рэальнага часу.

    У склад БелаПАН ўваходзіла сацыялягічная служба «Люстэрка», якая праводзіла дасьледаваньні, на падставе якіх рыхтаваліся сур’ёзныя аналітычныя матэрыялы.

     

    Ірына Леўшына ў лістах з турмы: «У нас ёсьць тэлевізар. Сутнасьць таго, што адбываецца, мне вядомая. Але час цяпер такі, што страціць працу ў сфэры журналістыкі — гэта такі своеасаблівы знак якасьці, як і знаходжаньне ў турме. Усё перакручана з ног на галаву. Некалі мы будзем гэта ўзгадваць, і я ўпэўнена, што ўсё кепскае забудзецца, а вось добрыя людзі, годныя паводзіны і чалавечнасьць запомняцца да канца жыцьця».

    У 2002 годзе зьявілася першая ў краіне поўнамаштабная інтэрнэт-газэта «Беларускія навіны». Старонка Naviny.by стала неўзабаве адным з самых прыкметных грамадзка-палітычных рэсурсаў краіны.

    «Справа БелТА», сьмерць Ліпая, арышт Леўшынай

    Складаным у гісторыі агенцтва стаў 2018 год: у чэрвені генэральнага дырэктара Алеся Ліпая абвінавацілі ва ўхіленьні ад выплаты падатку ў асабліва буйным памеры, у яго прайшоў ператрус. Сьледчыя распачалі крымінальную справу.

    На той момант Ліпай меў анкалягічнае захворваньне.

    7 жніўня 2018 году прайшоў ператрус у офісе БелаПАН і затрымалі некалькі супрацоўнікаў, у тым ліку галоўную рэдактарку Ірыну Леўшыну і журналістку Тацяну Каравянкову. Іх абвінавацілі ў несанкцыянаваным доступе да інфармацыі дзяржаўнага агенцтва БелТА.

    23 жніўня заснавальнік і генэральны дырэктар Алесь Ліпай памёр — падзеі гэтых месяцаў паскорылі цячэньне цяжкай хваробы, ён перажываў за сваіх супрацоўнікаў і, нягледзячы на дрэннае самаадчуваньне, да канца сваіх дзён падтрымліваў і іх, і кампанію.

    Ірына Леўшына ў лістах з турмы: «Цяжкі сэрыял, канечне, зацягнуўся, але, улічваючы ўсю цяжкасьць сытуацыі, было б наіўна думаць, што ён хутка скончыцца. Усё ідзе самым натуральным чынам, я дакладна гэта ведаю. Ня ведаю толькі, адкуль у мяне гэтая ўпэўненасьць — мабыць, інтуіцыя».

    Ірына Леўшына, галоўны рэдактар БелаПАН, пасьля допыту па справк БелТА. 2018 год.

    Цяжкі год: ператрусы, арышты, зьняволеньне

    У студзені 2021-га ў рэдакцыі прайшоў ператрус, канфіскавалі тэхніку і дакумэнты.

    18 жніўня 2021 году падчас чарговага ператрусу ў рэдакцыі і ў журналістаў забралі тэхніку, некалькі супрацоўнікаў затрымалі, у тым ліку галоўную рэдактарку Ірыну Леўшыну, былога дырэктара Дзьмітрыя Наважылава і бухгальтарку Кацярыну Баеву (якую пасля выпусьцілі).

    На сёньня праца рэдакцыі паралізаваная, сайты belapan.by і naviny.by, якія і раней былі заблякаваныя, не абнаўляюцца.

    У лістападзе 2021-га КДБ прызнаў «групу грамадзян зь ліку супрацоўнікаў БелаПАН» «экстрэмісцкім фармаваньнем».

    У офісе БелаПАН.

    «Мы жывём сапраўды ў гістарычныя часы»

    Ірына Леўшына ў лістах з турмы:

    «Я часам нават думаю — не дарма ўсё гэта на нас звалілася. Цяпер мы дакладна ведаем, чаго мы вартыя, што можам і ў імя чаго яно нам дадзена. Слушна кажуць: «Што б ні адбывалася, стаў пытаньне не «Чаму гэта здарылася са мной?» а «Для чаго?». І ўвогуле, хто сказаў, што жыцьцё мусіць быць лёгкім? Розным яно мусіць быць, розным. Зараз мяне панясе пра гістарычныя часы, у якія мы жывём, але я сапраўды так лічу.

    Ты не ўяўляеш, колькі тут цікавага матэрыялу, якія гісторыі! Успрымаю гэты адрэзак свайго жыцьця як працяг працы, «журналіст зьмяняе прафэсію».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці