• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Нават збеглую, нават іх прыхільніцу». Прапаганда пераконвае беларусаў, што трэба вяртацца дадому, выкарыстоўваючы гісторыю згвалтавання ў Варшаве

    Згвалтаванне 25-гадовай Лізы ў Варшаве ў ноч з 24 на 25 лютага і яе смерць 1 сакавіка прывялі да таго, што беларускі пачалі расказваць свае звязаныя з гвалтам гісторыі пад хэштэгам #хопіцьгвалціць. У сацсетках ідуць дыскусіі пра тое, як размаўляць з дзецьмі на гэтую тэму, ці трэба вучыцца самаабароне. Прапагандысты ж маюць свае адказы на ўсе пытанні — паводле іх версіі, ва ўсім вінаватыя «змагары» і Святлана Ціханоўская.

    «Люстэрка» расказвае пра паралельны свет нянавісці, дзе публікуюць персанальныя звесткі і распальваюць нешта вельмі падобнае да міжнацыянальнай варожасці, забываючы, што такія выпадкі гвалту адбываюцца і ў Беларусі. Вось якія наратывы распаўсюджвае дзяржпрапаганда, абапіраючыся на трагедыю маладой беларускі, — і чаму ўсе яны не толькі ілжывыя, але і беспрынцыповыя.

    Праца паліцыі на месцы злачынства ў Варшаве. Скрыншот відэа Miejski Reporter

    Згвалціў і забіў паляк

    Для беларускіх прапагандыстаў важная нацыянальнасць меркаванага гвалтаўніка. Публікуючы звесткі ахвяры разам з яе фота, і адзін з праўладных тэлеграм-каналаў, і тэлеканал АНТ, і супрацоўнік СТБ Рыгор Азаронак у сваім стылі робяць акцэнт менавіта на тым, што затрыманы — паляк.

    Прапагандысты з моманту з’яўлення навін пра згвалтаванне чамусьці лічаць, што незалежныя СМІ «баяцца паведаміць, што беларуску згвалціў паляк», і называюць яго «польскім падонкам». А прарасійская актывістка Вольга Бондарава чамусьці наогул напісала пост пра тое, што «ўкраінец згвалціў змагарку».

    «Вось цяпер сітуацыя нейкая — паляк згвалціў і збіў беларуску. Нават збеглую, нават іх прыхільніцу. <…> Дык вось, яны ў гэтай сітуацыі нават не называюць злачынцу палякам», — казаў Азаронак 29 лютага. Яго госць Аляксей Дзермант, кажучы пра незалежныя беларускія СМІ, палічыў, што «сваіх паноў яны баяцца нават згадаць у відавочным злачынстве».

    «Здзіўляе тое, як апаСМІ пісалі пра гэта. Нідзе не было сказана, што гэта зрабіў паляк, бо палякі кормяць», — такое паведамленне было апублікаванае 28 лютага ў тэлеграм-канале тэлеканала АНТ.

    «Паведамляюць, што згвалтаваная палякам беларуска памерла ў польскай бальніцы», — так рэагаваў на смерць дзяўчыны 1 сакавіка праўладны тэлеграм-канал, а ўслед за ім — і Белтэлерадыёкампанія.

    У той жа дзень на тэму зноў выказаўся Азаронак: «Несколько дней назад (расскажу нашим зрителям) белоруска в центре Варшавы была избита, изнасилована поляком. Белоруска, к сожалению, съехала от нас в результате событий 2020 года под влиянием вот этого вот СМИ змагарских, под влиянием вот этих вот экстремистов, террористов, которые накручивали эмоционально людей. Ну и девочка-дурочка, извините, пожалуйста, взяла съехала. <…> Змагарские СМИ ни в коем случае не пишут, что это поляк. Потому что они польские прихлебатели, холуи».

    «Белорусскую девочку убил поляк. Изнасиловал, избил в центре польской столицы», — зноў адзначаў Азаронак ужо на наступны дзень.

    Але ўсе гэтыя сцверджанні прапагандыстаў — хлусня. Пра тое, што затрыманы хлопец — паляк, паведамляў, напрыклад, тэлеканал «Белсат». «Люстэрка» згадвала, што хлопец — варшавянін. Пісалі пра гэта і польскія СМІ.

    Іншае пытанне, што незалежныя СМІ сапраўды не выносілі на першы план нацыянальнасць мужчыны. У плане здзяйснення злачынства нацыянальнасць або грамадзянства зламысніка проста неістотныя. Яны вельмі важныя, як мы бачым, толькі для прапаганды — відаць, для распальвання чагосьці вельмі падобнага да міжнацыянальнай варожасці.

    Мабыць, у гэтым выпадку жаданне прапагандыстаў выкарыстаць трагедыю ў сваіх мэтах засланяе нават нормы, якіх прытрымліваецца не толькі польская паліцыя, але і, да прыкладу, МУС Беларусі. У нашай краіне нацыянальнасці або грамадзянства затрыманага афіцыйныя органы таксама звычайна не раскрываюць. Усё гэта становіцца вядомым у судзе. Напрыклад, у снежні ў міліцэйскіх зводках згадваўся «45-гадовы замежны грамадзянін» — ён скраў машыну пад Камянцом і ехаў на ёй у Мінск. Толькі на судзе стала вядома, што гаворка ішла пра грамадзяніна Турцыі Дэміра Мехмета Меціна, які хацеў такім спосабам дабрацца да турэцкай амбасады.

    Прозвішча ахвяры хаваюць

    Асабістыя звесткі і фота 25-гадовай Лізы, скрыншоты і відэа з сацсетак яе знаёмых, а таксама дата нараджэння неаднаразова публікаваліся ў прапагандысцкіх каналах пачынаючы з 1 сакавіка — дня, калі стала вядома, што яна памерла. Напрыклад, з подпісам: «Так завуць беларуску, згвалтаваную і задушаную палякам, якая памерла ў Варшаве». Паралельна прапагандысты сцвярджалі, што незалежныя СМІ «хаваюць» імя і прозвішча дзяўчыны.

    «Экстрэмісцкія медыя дагэтуль хаваюць прозвішча загінулай беларускі, выбудоўваюць на яе смерці ўласны піяр», — пісалі прапагандысты 4 сакавіка.

    Лізавета, пацярпелая ад згвалтавання ў цэнтры Варшавы 25 лютага 2024 года. Фота ад суразмоўцы «Люстэрка»

     

    Тут ёсць доля праўды — незалежныя беларускія медыя сапраўды ў большасці выпадкаў не агучвалі звестак дзяўчыны. Але рэч не ў спробах нешта схаваць, а ў журналісцкай этыцы. Імёны і прозвішчы, а таксама фота ці відэа ахвяр згвалтаванняў не публікуюцца СМІ, якія прытрымліваюцца журналісцкіх стандартаў — без згоды саміх ахвяр або іх блізкіх на разгалошванне такіх персанальных звестак. Не называюць поўных імёнаў ахвяр звычайна і сілавікі — што польскія, што беларускія. Гэта робіцца, каб пазбегнуць залішняй грамадскай увагі і неадэкватных абвінавачанняў, напрыклад у сацсетках.

    Палітыкі завабілі дзяўчыну ў Польшчу, дзе забіваюць і гвалтуюць у цэнтры сталіцы

    «Возвращайтесь на Родину. Не повторяйте судьбу несчастной девушки!» — такі загаловак мае пост у тэлеграм-канале тэлеканала СТБ ад 1 сакавіка. На размешчаным тамсама відэа прапагандысты Рыгор Азаронак і Андрэй Лазуткін абмяркоўвалі трагедыю, якая здарылася з беларускай. Як лічыць Азаронак, «могла девушка жить нормально и развиваться и учиться в Беларуси — нет, вот это вот все произошло, и теперь вот это вот трагедия».

    Ён жа сцвярджаў, што беларуска «з’ехала ад нас у выніку падзей 2020 года», а за яе смерць адказныя Святлана ЦіханоўскаяФранак ВячоркаПавел Латушка і рэдакцыі беларускіх СМІ. Азаронак лічыць, што «именно их призывы, уверения, вопли, их эмоциональная раскачка повлияли на психику неокрепших умом белорусов и особенно некоторых молодых девушек».

    Суразмоўца прапагандыста Андрэй Лазуткін мяркуе, што «можа, дзяўчынка паехала б назад, але яе ж там запалохваюць». Займаюцца гэтым, з ягоных словаў, беларусы, якія ўжо жывуць за мяжой, якія «інфармацыйна заваблівалі» суайчыннікаў у Польшчу.

    Раней іншы госць Азаронка, згаданы вышэй Дзермант, сцвярджаў, што «да беларусаў, да ўкраінцаў ставяцца як да быдла там, у Польшчы». Паводле яго, «ніякай бяспекі не забяспечана». Падобныя наратывы распаўсюджвалі і іншыя прапагандысцкія пляцоўкі — нібыта «ўсе, хто з’ехаў з Беларусі, апынуліся ў жорсткіх джунглях, дзе забіваюць і гвалтуюць у цэнтры горада».

    Набліжаны да ГУБАЗіК МУС тэлеграм-канал адзначаў, што злачынства адбылося «ў самым цэнтры Варшавы сярод белага дня» (насамрэч у ноч з 24 на 25 лютага. — Заўв. рэд.). «І гэтыя людзі нам расказваюць пра „небяспечнасць“ Мінска», — гаварылася ў паведамленні.

    Насамрэч ад’езд моладзі (і не толькі) з Беларусі правакуюць у першую чаргу ўлады, якія пасля 2020 года разгарнулі жахлівыя па маштабах рэпрэсіі супраць іншадумцаў (яскравы прыклад — «справа студэнтаў», фігурантам якога за выказванне свайго меркавання далі ад 2 да 2,5 года калоніі) і адначасова спрабуюць абмяжоўваць правы моладзі на свабодны выбар месца жыхарства і працы.

    Відавочна таксама, што згвалтаванне Беларускі ў Варшаве — трагічная выпадковасць. Такія ж злачынствы адбываюцца і ў Беларусі: каб стаць ахвярай, ехаць нікуды не трэба — можна знаходзіцца і ў сябе дома (прычым літаральна). Напрыклад, у траўні 2023-га ў мінскім інтэрнаце знайшлі цела 28-гадовай жанчыны. Быў затрыманы 32-гадовы мужчына, які жыў тамсама. Паводле звестак следства, ён прыйшоў да ахвяры нібыта каб праверыць пажарны апавяшчальнік, а ў выніку згвалціў і задушыў мінчанку.

    А ў Бабруйску цяпер шукаюць магчымых ахвяр мужчыны, які быў затрыманы пасля «гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да жанчыны», учыненых вечарам 5 студзеня гэтага года ля дома на вуліцы Бахарава, — камера, што зафіксавала падазраванага, геаграфічна размешчаная акурат у цэнтры горада, непадалёк ад галоўнага рынку (дзеля справядлівасці ўсё ж адзначым, што, нягледзячы на становішча, гэта досыць бязлюдны раён старога прыватнага сектара).

    «Датычны да здарэння мужчына затрыманы і знаходзіцца пад вартай. У следства ёсць падставы меркаваць, што аналагічныя злачынствы маглі быць здзейсненыя і ў дачыненні да іншых жыхарак горада», — паведамлялі ва УСК.

    Падазраваны ў згвалтаванні на вуліцы Бахарава ў Бабруйску, 5 студзеня 2024 года. Фота: Упраўленне Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці

     

    У лютым міліцыя Гродзеншчыны паведамляла, што двух падлеткаў з Гродна падазраюць у згвалтаванні на хатняй вечарынцы, учыненым яшчэ ў 2022 годзе. Тады шасцёра маладых людзей зладзілі вечарынку на арандаванай кватэры. У кампанію яны запрасілі і двух няпоўнагадовых дзяўчат, якіх напаілі алкаголем. Вынікам стала згвалтаванне.

    Сабраныя на дапамогу грошы ўжо скралі

    Прапаганда імкнецца абясцэніць любую нелаяльную ўладзе ініцыятыву, а любая інфанагода выкарыстоўваецца для ачарнення праціўнікаў Лукашэнкі. Як відаць са згаданых выпадкаў, цяпер важнымі для прапагандыстаў тэмамі сталі супрацьдзеянне ад’езду беларусаў за мяжу, блізкі да яе акцэнт на «дрэнных паляках», звыклыя спробы дыскрэдытацыі Святланы Ціханоўскай і дэмакратычных сіл. Таксама прапагандысты сцвярджаюць, што ўжо прысвоеныя грошы (436 тысяч рублёў), сабраныя на лячэнне беларускі.

    Так, тэлеканал АНТ сцвярджае, што «вашае гора, вашыя пакуты, вашая смерць — гэта проста чарговая крыніца даходаў». А Агенцтва тэлевізійных навін, якое ўваходзіць у Белтэлерадыёкампанію, лічыць, што «беглые аферисты будут делить 133 тысячи долларов, собранные нибыта (прыклад грэблівага выкарыстання беларускай мовы. — Заўв. рэд.) на ее „лечение и реабилитацию“».

    Рыгор Азаронак лічыць, што Ціханоўская, Вячорка і Латушка «нават на гэтай трагедыі нажыліся, сабралі ахвяраванні, якія не збіраюцца нікому аддаваць». Прапагандысцкія тэлеграм-каналы таксама пісалі пра тое, што медыя за мяжой «дзеляць сабраныя на лячэнне і рэабілітацыю грошы».

    Акрамя таго, 4 сакавіка прапагандысты заявілі, што Ліза з’ехала ў Польшчу яшчэ ў 2018−2019 гадах, і абвінавачваюць дэмсілы ў тым, што «ёй справілі фэйкавыя даведкі пра пераследы». Выходзіць, яны прызнаюць «няфэйкавым» пераслед беларусаў пасля 2020 года.

    Насамрэч ніякія структуры беларускіх дэмсілаў або незалежных медыя не збіралі грошы на дапамогу Лізавеце — гэта адбывалася на польскай пляцоўцы Pomagam.pl. На старонцы са зборам сродкаў ёсць паведамленне ад рэсурсу, у якім яго адміністрацыя паведамляе, што ў сувязі з вялікай цікавасцю да дапамогі пацярпелай яна паклапацілася пра тое, каб ахвяраваныя сродкі былі выдаткаваныя менавіта на мэту, агучаную ў апісанні збору: «Падтрымліваючы гэты збор сродкаў, вы можаце быць упэўненыя, што сродкі пойдуць на лячэнне Лізаветы. У выпадку, калі якія-небудзь абставіны перашкодзяць гэтаму, усе ўнёскі будуць вернутыя ахвярадаўцам».

    Менавіта так і адбылося — сёння стала вядома, што з прычыны смерці дзяўчыны ахвярадаўцам ужо пачалі вяртаць грошы. Бо першапачаткова мэтай заяўлялася лячэнне Лізаветы і яе рэабілітацыя, выдаткаваць сабраныя сродкі нават на пахаванне або адвакатаў не атрымаецца. Хлопец ахвяры ўжо адкрыў новы збор, каб арганізаваць пахаванне беларускі і аплаціць паслугі юрыстаў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці