«Галоўны глядач – ЗША». Навошта прапаганда паказала зняволеных журналістаў «Свабоды»?
Дзяржаўны тэлеканал запісаў «інтэрв’ю» з журналістамі радыё «Свабода», а таксама з грамадзянінам Беларусі і ЗША Юрыем Зянковічам. Эксперты, з якімі паразмаўляў «Белсат», мяркуюць, што прапагандысцкі праект зрабілі для Вашынгтону.
Серыю «інтэрв’ю» з людзьмі, якія цяпер у няволі, дзяржаўны тэлеканал ОНТ здзекліва назваў «Свабода слова». У эфіры паказалі размовы з журналістамі радыё «Свабода» Андрэем Кузнечыкам і Ігарам Лосікам, да канца тыдня выйдуць сюжэты з Ігарам Карнеем і праўнікам Юрыем Зянковічам.
Усе чацвёра прызнаныя палітвязнямі, і іх звязвае адна акалічнасць: радыё «Свабода» фінансуецца Злучанымі Штатамі, Зянковіч – грамадзянін Беларусі і ЗША. Праваабаронца, кіраўнік фонду «BYSOL» Андрэй Стрыжак у каментары «Белсату» назваў гэта невыпадковым:
«Улічваючы агульны тон заяваў, што зараз робіць Лукашэнка і ягоныя памагатыя, можна меркаваць пра тое, што яны спрабуюць пагуляцца ў гандаль, прынамсі з ЗША. Бачачы, што Еўропа застаецца на сваіх пазіцыях, і ўрад за ўрадам, дзяржава за дзяржаваю кажуць пра тое, што не будуць вызнаваць гэтую спецыяльную выбарчую аперацыю як электаральны працэс, то, што датычыць ЗША, цалкам сабе гэты пуцінска-лукашэнкаўскі інтэрнацыянал дыктатараў мае нейкія спадзевы, што ў Трампа будзе нейкая іншая пазіцыя на сусветны лад».
Стрыжак упэўнены, што ЗША намагаюцца вызваляць сваіх грамадзянаў, і, «безумоўна, ідуць нейкія перамовы, у тым ліку непублічныя»:
«Але я не думаю, што ідзецца пра тое, што хтосьці будзе перагортваць нейкія старонкі, прызнаваць лукашэнкаўскія так званыя выбары».
Суразмоўца «Белсату» знайшоў адзіную карысць у такіх прапагандысцкіх «шоу»: палітвязняў можна пабачыць жывымі.
«Самае галоўнае для нас як для грамадства, для беларусаў, для сем’яў гэтых людзей – пабачыць іх жывымі. Вядома, яны зараз не ў лепшым стане, не ў лепшых кандыцыях, бо турма нікому не дадае здароўя, але прынамсі яны жывыя».
Гісторык, палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман таксама не выключае, што прапагандысцкі праект зрабілі для ЗША.
«Імаверна, яны імкнуцца звярнуць увагу амерыканскага боку, імаверна, гэта такое чарговае запрашэнне ад Лукашэнкі: вось глядзіце, яны ў нас ёсць, я іх паказаў, цяпер чакаю ад вас цікавых прапановаў», – сказаў Фрыдман «Белсату».
Ён нават дапусціў, што ўжо ёсць нейкія дамоўленасці «паміж лукашэнкаўскім бокам і адміністрацыяй Трампа»:
«Тыя людзі, якіх нам зараз паказваюць, яны ўсе ці нехта з іх, імаверна, будзе бліжэйшым часам вызвалены, можа, прынцыповае рашэнне на гэты конт ужо і прынятае. Аднак гэта толькі гіпотэза. Калі мы ўявім, што такую пастанову прынялі, то мае сэнс, пакуль яны яшчэ ў іх распараджэнні, выкарыстаць гэта ў апошні раз у прапагандзе».
Былы турэмны лекар, праваабаронца Васіль Завадскі ў размове з «Белсатам» адзначыў, што такія «інтэрв’ю» дазваляюць ацаніць вонкавы выгляд зняволеных:
«Вонкавы выгляд людзей сведчыць пра тое, што людзі знаходзяцца ў стане хранічнага стрэсу, у тых акалічнасцях, у якіх, на жаль, шмат хто знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі. Я маю на ўвазе недахоп свежага паветра, святла, руху, камунікацыі з іншымі людзьмі – усё гэта адбіваецца на абліччы».
Паводле Завадскага, падобна, што цяперашнюю серыю размоваў знялі ў прагулачных дворыках следчага ізалятару КДБ, для гэтага палітвязняў прывезлі ў Менск з розных калоніяў, што сталася дадатковым ціскам:
«Хутчэй за ўсё, гэта палічылі настолькі важным для прапаганды, што нават прывезлі вязняў, каб так званаму журналісту не давялося ездзіць у розныя калоніі. Для зняволенага этапаванне і пераезд з адной установы ў іншую – таксама вялікі стрэс: даводзіцца адаптавацца да новых суседзяў, калі яны ёсць, да рэжымных патрабаванняў, бо ў кожным СІЗА і калоніі яны адрозніваюцца. Гэта яшчэ адзін спосаб псіхалагічнага ўздзеяння на вязняў».
Андрэя Кузнечыка схапілі ў лістападзе 2021 года, нібыта за «ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні» суддзя Ігар Шведаў прызначыў яму 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Ігар Лосік быў затрыманы ў чэрвені 2020 года. Паводле абвінавачванняў у «арганізацыі масавых беспарадкаў» і «распальванні варожасці» журналісту далі 15 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Такі вырак агучыў Мікалай Доля. Лосік залучаны ў «пералік экстрэмістаў» МУС і «пералік тэрарыстаў» КДБ. Журналіста трымаюць за кратамі без сувязі з вонкавым светам.
Ігара Карнея схапілі ў ліпені 2023-га і асудзілі на 3 гады нібыта за «ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні», гэты быў прысуд Сяргея Кацэра. У снежні летась суддзя Аляксандр Тараканаў дадаў да гэтага тэрміну 8 месяцаў нібыта за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы».
Праўніка Юрыя Зянковіча затрымалі ў красавіку 2021 года. Яго абвінавацілі паводле пяці артыкулаў, у тым ліку «Заклікі да санкцыяў», «Змова з мэтаю захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам» і «Распальванне варожасці». Суддзя Уладзімір Арэшка прызначыў яму 11 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пазней суддзя Аляксандр Шутко дадаў да гэтага тэрміну 6 месяцаў за «абразу прадстаўніка ўлады», а суддзя Вікторыя Палякова – яшчэ 2 гады за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы».