Наяве, у камеры, на маніторы — гомельскія журналісты пазнавалі сакрэты відэаздымкаў
Гомельская філія ГА “БАЖ” зладзіла на мінулых выходных майстар-клас для сваіх сябраў. Прысутнічалі і некаторыя маладыя гараджане, якія выўляюць цягу да журналістыкі.
На пачатку пра асвятленне ў СМІ сацыяльна-эканамічных тэмаў распавёў мінскі журналіст, сябра Рады ГА “БАЖ” Аляксандр Коктыш. Удзельнікі складалі планы напісання артыкулаў па абраных тэмах. Найлепшы план склала карэспандэнтка “Транспортнога вестника” Людміла Копаць — распрацоўка тэмы асвятлення заняпаду беларускага рачнога флоту.
Асноўны ж час быў адведзены тэхнічным асаблівасцям відэаздымкаў.
Досведам карэкцыі колеру, гуку, прыёмамі працы ў розных нестандартных і нават экстрэмальных сітуацыях падзялілася супрацоўніца газеты “Наша Ніва”, рэжысёр Ірына Арахоўская. Нават абазнаныя аператары па-добраму былі здзіўленыя магчымасцямі камеры і кампутара, якія дазваляюць пазбавіцца ад нечаканых хібаў падчас здымкаў і зрабіць прафесійны прадукт як для мультымедыйных рэсурсаў у інтэрнэце, так і для тэлебачання.