Не дапамагло: Intex-press зноў не пусцілі ў сістэму саюздруку
ГРУП "Брэстаблсаюздрук" паведаміла, што "не мае магчымасці заключыць дамову на распаўсюд газеты Intex-press". Пры тым, што на днях міністр інфармацыі Лілія Ананіч абяцала разгледзець зварот ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” наконт уключэння ў дзяржаўную сетку распаўсюду незалежных выданняў.
Нагадаем, прадстаўнікі ГА “БАЖ» падчас прыёму ў міністра інфармацыі Ліліі Ананіч размаўлялі пра вяртанне недзяржаўных газет у шапікі сістэмы саюздруку. Міністр інфармацыі заявіла, што зварот ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” будзе разгледжаны. Візіт адбываўся раніцай 7 снежня.
Аднак ААТ «Выдавецкі дом Інтэкс прэс» атрымала адмову ад ГРУП «Брэстаблсаюздрук». Дакумент датаваны 8 снежня.
Пяць недзяржаўных газет пазбаўленыя магчымасці распаўсюджвацца ў Беларусі. Гэта “Intex-press” у Баранавічах, “Барысаўскія навіны”, “Газета Слонімская”, “Отдушина” і рэспубліканская газета “Новы Час”. Гэтыя выданні рэгулярна звяртаюцца ў дзяржаўныя сеткі распаўсюду з просьбай уключыць іх у падпісныя каталогі і сетку продажу, аднак кожны год атрымліваюць адмовы.