• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Не трэба ізаляваць сябе». Псіхолаг пра тое, як зберагчы свядомасць ва ўмовах рэпрэсіяў

    Улады Беларусі не толькі не спыняюць рэпрэсіяў, але і выводзяць іх на новы жахлівы ўзровень. Спрабуючы разбіць салідарнасць людзей, сілавікі караюць нават за падтрыманне, што даюць беларусы адно аднаму. «Белсат» разам з псіхолагам Наталляй Скібскай разбіраецца, што спрабуюць зрабіць з беларусамі ўлады, як уратаваць сябе і захаваць добрыя стасункі паміж тымі, хто з’ехаў, і тымі, хто застаўся ў Беларусі.

    Псіхолаг Наталля Скібская. Крыніца: malanka.media

    «Калі іншыя рэакцыі не працуюць, уключаецца “падпарадкуйся”»

    – Якія паводзіны ўлады спрабуюць навязаць беларусам, выкарыстоўваючы рэпрэсіі?

    – Усе ведаюць рэакцыі на стрэсавыя сітуацыі: «бі», «бяжы» і «замры». Ёсць яшчэ рэакцыя «падпарадкуйся». Пра яе кажуць няшмат, але яна вельмі распаўсюджаная.

    Мы абіраем рэакцыю «бі» і пачынаем абараняцца, калі ў нас ёсць адчуванне, што мы можам супрацьстаяць пагрозе. Гэта не залежыць ад фактычнага складу сілаў. Гэта наша ўнутранае стаўленне да сітуацыі, якое можа не адпавядаць рэчаіснасці.

    Калі ў нас ёсць адчуванне, што мы не можам сябе абараніць, мы абіраем стратэгію «бяжы». Калі здаецца, што збегчы не атрымаецца, мы абіраем рэакцыю, якую абіраюць некаторыя маленькія жывёліны, – замерці. Паспрабаваць зрабіць выгляд, быццам ты нежывая істота, каб не прыцягваць увагу агрэсара. Гэта праяўляецца нават біялагічна. У чалавека, напрыклад, бялее твар, ён не варушыцца, яму нават становіцца складана дыхаць.

    Калі папярэднія рэакцыі не працуюць, уключаецца рэакцыя «падпарадкуйся». Гэта ж можна бачыць і ў жывёлінаў. Сабака, напрыклад, будзе лашчыцца ці паказваць безабароннасць – падстаўляць уразлівыя месцы. Мы таксама так робім – пачынаем падыгрываць, паказваць, што безабаронныя і не будзем супрацьстаяць. Гэтай рэакцыі ўлады і дамагаюцца – маўляў, ты не можаш абараніць сябе, не можаш збегчы ці зрабіць выгляд, што ты тут не пры справах. Трэцяя рэакцыя, калі ты замарожаны і не можаш супрацьстаяць, таксама пасуе ўладам. Але калі б ім было дастаткова трэцяй рэакцыі, яны не чапалі б людзей – адсядзеўся, маўляў, і добра, сядзі.

    – Што абіраюць беларусы?

    – Усё вельмі залежыць ад кожнай асобнай сітуацыі. Базавыя рэакцыі на стрэсавыя абставіны залежаць ад нашага досведу. Калі чалавек, напрыклад, з дзяцінства мог сябе абараняць і гэта было эфектыўна, ён будзе абіраць такую рэакцыю – нападаць у адказ. Калі ў чалавека былі такія сітуацыі, што ён спрабаваў абараняцца, але ўсё скончылася тым, што абараняць сябе было неэфектыўна, то ён будзе абіраць іншую рэакцыю. Калі вы збягалі, то і будзеце збягаць. Але не значыць, што гэта будзе працягнута ў часе, бо ўсе выпадкі розныя. Калі вы ў штодзённым жыцці абіраеце сябе бараніць, вы можаце «замарозіцца», калі да вас прыйдуць з ператрусам. Усё залежыць ад моцы, ад інтэнсіўнасці сітуацыі, у якой апынуўся чалавек.

    Іхныя рэпрэсіўныя метады дзейсныя. Улады гэта ведаюць і мы гэта ведаем. Людзі набіраюць досвед бяссілля, немагчымасці даць рады невыносным абставінам такім чынам, які іх задаволіў бы. І гэта вымушае не бараніць сябе.

    «Здароўе нацыі пад вельмі вялікай пагрозай»

    – Як гэта адбіваецца на стане грамадства?

    – Гэта стварае вельмі вялікую напружанасць. У нас з’яўляецца шмат людзей, якія ўвесь час прадукуюць гармоны стрэсу і гармоны, звязаныя з агрэсіяй. Агрэсія шукае выйсце – і гэта выклікае шмат раздражнення, спрэчак, боек і гэтак далей. Атрымліваецца таксічнае напружанае поле.

    Узрастае ўзровень хатняга і сацыяльнага гвалту, павялічваецца колькасць крымінальных дзеянняў. Вядома ж, падвышаецца злоўжыванне алкаголем ці іншымі рэчывамі. Людзі не маюць здаровых экалагічных выйсцяў і пачынаюць шукаць іншага. Нехта можа заглыбіцца з галавою ў працу, каб не бачыць жаху, што адбываецца навокал. Унутраная эміграцыя – гэта таксама рэакцыя.

    Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: pexels.com
     
    Усе гэтыя сродкі выйсця са стрэсавай сітуацыі выкарыстоўваюцца і гэта адбіваецца на агульным стане грамадства, якое становіцца больш таксічным з псіхалагічнага пункту гледжання. Хтосьці будзе хварэць. Бо працяглы стрэс знясільвае арганізм. З нашага фізічнага цела мы не можам збегчы. Здароўе нацыі пад вельмі вялікай пагрозай, у тым ліку фізічнае.

    – Узнікаюць пытанні, ці дапамагаць людзям у Беларусі, ці пісаць пра іх, ці размаўляць з імі, бо ўсё гэта можа быць небяспечна.

    – Гэта пытанне, можна сказаць, філасофскае. Дапамагаць людзям трэба, бо ў іх не стае моцы, рэсурсаў для таго, каб даць рады той праблеме, з якой яны сутыкнуліся. Але дапамога можа быць самай рознай формы. Усё залежыць ад таго, як людзі хочуць, каб ім дапамагалі.

    Ніхто не хоча заставацца безабаронным і сам-насам з агрэсарам. Але рэакцыя людзей, напрыклад, «не трэба пісаць пра нас, не трэба ўзгадваць» – яна паўстае таму, што ёсць думка, быццам апублічванне ўзмацняе рэпрэсіі. І людзі разварочваюць агрэсію на журналістаў ці на тых, хто піша допісы або расказвае, што адбываецца.

    Бо, калі мы пужаемся, у нас выпрацоўваецца яшчэ і агрэсіўная энергія. Арганізм дае нам энергію, каб мы сабе дапамаглі нейкім чынам. Праз тое, што немагчыма гэтую агрэсію рэалізаваць, людзі пачынаюць шукаць, куды яе падзець. Ну і калі б апублічванне мела нейкі эфект для пацярпелых людзей, яны, вядома, гэта падтрымлівалі б…

    Але падтрыманне трэба выказваць. Знаходзіць спосабы, як гэта зрабіць. Мы сацыяльныя істоты, нам патрэбны сацыяльны грумінг для псіхічнага і фізічнага здароўя. Трэба, каб людзі былі побач, каб мы ведалі, што нам ёсць, на каго абаперціся, да каго звярнуцца.

    – Многім, хто застаўся ў Беларусі, здаецца, што тыя, хто з’ехалі, іх ужо не разумеюць і забываюць пра іх. Ці сапраўды гэта так?

    – Тут галоўнае слова – здаецца. Тое, што мы не ў эпіцэнтры, не азначае, што на нас тое, што адбываецца ў Беларусі, не ўздзейнічае. Гэта тое ж, што казаць, што на нас не ўплывае вайна ва Украіне. Уплывае, вядома. Мы ўсё адно ўсе ёсць часткай аднаго агульнага кола.

    Тут ёсць такое рытарычнае пытанне, наколькі людзі, якія застаюцца ў Менску, але жывуць ва ўнутранай эміграцыі, разумеюць тых, хто залучаны ў палітычны працэс ці мае досвед затрыманняў. Выбачайце, але, можа, той, хто збег і больш сочыць за тым, што адбываецца, будзе разумець лепей, чым сусед, які жыве сваім закрытым жыццём. Мы ўсё роўна разам, усё роўна адчуваем гэтыя вынікі.

    – Як у такой сітуацыі захаваць псіхічны стан, незалежна ад таго, у Беларусі вы ці не?

    – Патрэбная інфармаванасць. Гэта тое, што мы з вамі робім. Нам дапамагае ўсведамленне наяўнай сітуацыі. Для некаторых працуе ўнутраная эміграцыя, маўляў, я заплюшчваю вочы і не бачу, што адбываецца. Але ў асноўным нам усё ж важна разумець рэчаіснасць. І нам вельмі важна, каб гэта была праўда.

    Чаму прапаганда такая важная для ўладаў Беларусі, для кожнага аўтарытарнага рэжыму ўвогуле? Бо прапаганда скажае ўспрыманне рэчаіснасці. Трэба здымаць ружовыя, чорныя акуляры – глядзець праз чыстае шкло.

    Потым для таго, каб захаваць сябе, абавязкова трэба рабіць захады на падтрыманне свайго фізічнага і псіхалагічнага стану. Гэта інфармацыйная гігіена, добрая ежа, дбанне пра свой фізічны стан. Сон вельмі важны, бо адсутнасць добрага сну вельмі небяспечная.

    Сацыяльныя стасункі нам неабходныя, то бок не трэба ізаляваць сябе. Трэба знаходзіць людзей, з якімі мы можам падтрымліваць добрыя, прыязныя адносіны. Можа, не заўсёды бяспечна абмяркоўваць нейкія рэчы. Але, калі мы размаўляем нават на вельмі-вельмі негрунтоўныя тэмы, мы ўсё ж адно аднаго пазнаём, нейкім чынам разглядаем філасофію чалавека, бачым ягонае стаўленне да свету, як ён разглядае пытанне гвалту. Нам важна, каб людзі вакол нас былі хоць нейкім чынам зразумелыя. Нам для гэтага трэба адно аднаго ведаць. Не ізалявацца, не сядзець у хаце і не вар’яцець.

    І, вядома, трэба арганізоўваць сабе адпачынак. Як бы там хтосьці, хто выехаў, не скардзіўся, што людзі ходзяць у кавярні ў Менску – добра, што яны гэта робяць. Гэта не азначае, што яны там забыліся і ім усё адно, што адбываецца. Не. Нам гэта неабходнае.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці