Невядомы ў Telegram распытвае Мялешку пра беларускую дыяспару ў Грузіі
Беларускі журналіст Андрэй Мялешка, якога не ўпусцілі ў Грузію ў верасні 2024 года, распавёў, што да яго ў Telegram пагрукаўся невядомы. Ён назваўся Георгіем, сцвярджаў, што з’яўляецца супрацоўнікам Службы дзяржаўнай бяспекі Грузіі, і цікавіўся, чым займаюцца ў каўказскай краіне беларусы.
«Георгій» напісаў журналісту, што хоча пагаварыць пра дзейнасць бізнес-асацыяцыі беларусаў у Грузіі і наконт беларускай дыяспары ў Аджарыі.
Далей, паводле слоў Андрэя, гэты чалавек распавёў, што нібыта заведзеныя нейкія крымінальныя справы па фактах хабару асобам у Грузіі, а таксама нясплаты падаткаў.
«Мы прабілі гэтага чалавека па розных базах. Аказалася, што гэта зусім новы акаўнт, створаны ўчора-пазаўчора. Там няма ніякіх выходных дадзеных, ні нумара тэлефона, нічога. У нас ёсць меркаванне, што гэта не СДБ Грузіі, а КДБ Беларусі. Бо, па-першае, ніводны грузін не напіша такой ідэальнай расейскай мовай», — кажа журналіст.
Другі аргумент на карысць КДБ — тое, што цягам апошняга тыдня каля 10 прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў розных гарадах Грузіі атрымалі прапановы аб супрацы. Аўтары паведамленняў пісалі: «Мы из управления в Минске, которое находится по адресу ул. К. Маркса, 11. Нам нужно с вами поговорить о делах грузинской диаспоры».
Андрэй распавядае, што адначасова да яго ў Facebook пагрукаўся даўні знаёмы з Беларусі, з якім ён не кантактаваў некалькі гадоў. Той напісаў, што хоча паразмаўляць пра справы журналіста ў Грузіі. Андрэй не ўпэўнены, ці сапраўды пісаў ягоны знаёмец, ці хтосьці іншы з ягонага акаўнта, таму нічога не адказаў і заблакаваў той профіль.
«Апошні месяц КДБ пачалі актыўна высвятляць, як працуе беларуская дыяспара ў розных краінах. Тое, што яны пагрукаліся да мяне як да актывіста грузінскай дыяспары, яны хочуць высветліць, чым займаецца дыяспара. На маю думку, яны хочуць укараніць туды агента», — кажа Мялешка.
Разам з тым журналіст мяркуе, што беларусам, якія не займаюцца грамадскім актывізмам, не маюць кантактаў з грузінскай апазіцыяй, апазіцыйнымі медыямі, няма пра што хвалявацца. Тым жа, хто ангажаваны ў падобныя справы, варта падумаць, ці працягваць дзейнасць, ці з’язджаць.
Андрэй Мялешка з’ехаў у Грузію ў 2021 годзе ад пераследу на радзіме. У верасні 2024 года, калі ён разам з дачкой вяртаўся ў Батумі самалётам з Варшавы, яго не ўпусцілі ў краіну і вярнулі назад у Польшчу.
Цягам 2025 года вядома пра як мінімум два выпадкі, калі беларусаў не ўпусцілі ў Грузію пасля візарану (кароткатэрміновага выезду з краіны дзеля абнаўлення тэрміну легальнага прабывання). Адным з іх стаў кейс блогера Змітра Грынкевіча.
Больш за 60 беларусаў падалі прашэнні аб міжнароднай абароне ў Грузіі — яшчэ ніводнае не атрымала ўхвалення. Праваабаронца Раман Кісляк атрымаў канчатковую адмову ў прытулку, сёлета ў сярэдзіне ліпеня Тбіліскі апеляцыйны суд не задаволіў яго скаргу. Праваабаронцу далі 30 дзён, каб пакінуць краіну.
